«Год малой Радзімы» для вёскі Аксаміты — год найвялікшага запусцення

Працяг «кінасерыялу» пра вялікую бітву за звычайнае абкошванне беларускай вёскі.

Кароткі змест папярэдніх серый

Філіял «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» вырашыў пасадзіць кукурузу. Дзеля гэтага была заараная зручная для сяльчанаў вёскі Аксаміты дарога, пашкоджаныя падвор’і вяскоўцаў. Жыхары вёскі доўга перапісваліся з кіраўніцтвам прадпрыемства, але кукуруза засталася на месцы. Аж да таго, што ў мінулым годзе яе проста… не ўбралі.

Урэшце гнілую кукурузу скасілі напачатку гэтага году. На яе месцы пасеялі канюшыну, але не даглядалі, і яна зарасла лебядой. Мясцовыя жыхары звярнуліся з просьбай абкасіць участак. На месцы былой кукурузы пасеяную канюшыну перамагае лебяда, з пустуючых і няскошаных участкаў у агароды ляціць асот. Высачэзная трава вырасла ў рост чалавека і ўшчэнт высахла.

8-я серыя. Змаганне жыхароў за рэгулярнае абкошванне вёскі скончылася правалам. Няскошаны асот выспеў, забруджвае агароды і іншыя сельскагаспадарчыя землі. Вяскоўцы спрабуюць напомніць зацікаўленым асобам пра Зямельны Кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.


Сярэдзіна ліпеня 2018 года. Жыхары вёскі Аксаміты Капыльскага раёна ўсё яшчэ чакаюць ад Грозаўскага сельвыканкама выканання абяцання аб абкошванні вёскі. Ледзьве не кожны дзень тэлефануюць старшыні Жане Скрыган. У сувязі з дажджамі ў другой палове ліпеня сяляне крыху менш турбуюцца, што высахлая трава загарыцца.


Пад дабратворным уздзеяннем вільгаці цэнтр вуліцы каля нічыйных дамоў хутка аброс маладымі клёнікамі і крапівой. На былым кукурузным полі каля дамоў №1, №2 і №4, дзе пасаджана канюшына, вырас цудоўны ўраджай лебяды. На ўрадлівых аксаміцкіх землях лебяда ў гэтым годзе ўдалася добра: месцамі перавышала рост чалавека. Крайняя хатка цёткі Ларысы Спіцынай праз лебяду не праглядалася. Удаўся і ўраджай асоту — на ўсіх сотках, дзе адсутнічаюць гаспадары. Крыху меншы ростам, але таксама дружна свеціцца сваімі белымі парасонамі асот і на масівах, прылеглых да дарогі Грозаў — Аксаміты.

Пачатак жніўня 2018 года. Жыхары вёскі тэлефануюць карэспандэнту НЧ і распавядаюць, што механізатары жнуць лебяду, але не хочуць касіць масівы высахлай травы і белыя шапкі асоту. Такога задання яны не атрымалі ад кіраўніцтва філіяла УП «Лакнея» «Прыёрбанклізінг — Агра». У адказ на тэлефонныя званкі жыхароў старшыня сельвыканкама працягвае паўтараць адно магічнае слова: «Чакайце».

7 жніўня карэспандэнт НЧ робіць запіс ў Кнізе заўваг і прапаноў як сельскагаспадарчага прадпрыемства, так і Грозаўскага сельвыканкама. Прапануе выканаць патрабаванні Зямельнага Кодэксу аб своечасовым скошванні пустазелля на ўчастках, якія належаць дзяржаве і прадпрыемству. Нагадвае і аб адміністрацыйнай адказнасці за засмечванне навакольнага асяроддзя асотам, знаёміць з папярэднім артыкулам па праблеме і робіць рэкламу будучага артыкула ў «НЧ». Старшыня сельвыканкама Жана Скрыган моўчкі прымае інфармацыю. Гэтым разам нічога не абяцае.

У сельскагаспадарчым прадпрыемстве кіраўнік філіяла Алег Шахновіч зноў абяцае скасіць высахлую траву на сваім масіве каля платоў. Пра праблемныя безгаспадарчыя соткі з асотам размова не вядзецца, паколькі сельвыканкам ужо больш за 10 гадоў перадае (і не перадаў да гэтага часу) зямлю сельскагаспадарчаму прадпрыемству. Замкнёнае кола: па якім людзі круцяцца тут дзесяцігоддзямі.

Ці будзе ў гэтай шматгадовай гісторыі шчаслівы вынік і чаму абвешчаны Год малой Радзімы стаў годам яшчэ большага запусцення маленькай вёскі? Чаму былая цялятніца з 45-гадовым стажам Антаніна Лазоўская, цяжка адпрацаваўшы на фермах, у свае 82 гады павінна сярпом зразаць парасоны асоту на дзяржаўнай зямлі па-за межамі свайго агарода? Хто і якім чынам можа прымусіць Грозаўскі сельскі выканкам выканаць заканадаўства аб зямлі? Ці трэба выдаткоўваць грошы на ўтрыманне сельвыканкамаў, калі яны нічога не вырашаюць? Чаму ніхто не зважае на дзяржаўны Зямельны Кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, указы кіраўніка дзяржавы і міністэрскія пастановы? Чаму Капыльскі райвыканкам не кантралюе сітуацыю ў раёне і дазваляе ператвараць урадлівыя землі ў непраходныя джунглі?


Ці будзе ўрэшце «хэпі-энд» у гэтага серыяла? Ці ён будзе доўжыцца бясконца як сведчанне безгаспадарчасці ў сельскай мясцовасці і адсутнасці сур’ёзнай сістэмнай працы ўлад па навядзенню парадку на зямлі?
Пакуль адказу на гэтыя пытанні няма, працяг публікацый будзе. А пытанні будуць адрасаваны таксама і Мінскаму аблвыканкаму.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Антаніна
  • 2018-08-09 15:02:49
Страшэнны сон проста нейкі!.. :(
  • Тутэйшы.
  • 2018-08-10 19:54:27
Нашы малыя і вялікія вёскі выміраюць.А старыя.якія там жывуць,не могуць усё зрабіць самі,бо німа ў іх здароўя.Мясцовыя выканкамы не маюць грошай і не маюць самастойнасці,каб зрабіць амаль самыя невялікія справы.Старыя людзі спадзяваюцца на дзяржаву.А яна не можа зрабіць так,каб не было пажаранябеспечна у вёсцы.І гэта ў год "малой радзімы".Гэта адзначае,што сістэма кіравання вертыкалі не адпавядае сучасным рэаліям.Патрэбна больш гібкая сістэма кіравання і мясцовыя выбары у будучыні.А пакуль што толькі спадзявацца на больш высокія інстанцыі.Калі яны дапамогуць старым,дзякуючы карэспандэнту Новага часу,якая піша пра праблемы ў гэтай весцы.Але ж такая вёска не адна,такое па ўсёй Беларусі.
  • Галіна Каржанеўская, пісьменніца
  • 2018-08-13 18:14:34
Аксаміты - вёска майго дзяцінства. Тут я пляла косы кукурузным кіяхам, з дзяўчаткамі бегала гуляць на рачулку (якая даўно асушана), купіла першую кніжку. Не варта параўноўваць - што было тады і што стала, бо заняпад вёскі ў многім звязаны з дэмаграфіяй. Але і з улады адказнасці ніхто не здымае.
Першае, што зрабілі няправільная, - што пазбавілі транспарту. Чаму ў сацыяльнай дзяржаве не можа быць для сяла сацыяльнага якога-небудзь бусіка? Чаму тое, што выгадна прыватным перавозчыкам, нявыгадна дзяржаве? Са свайго лецішча прывяду прыклад: у пачатку сезона здымаецца адзіны рэгулярны маршрут Радашковічы -Гіравічы, які бегаў поўненькі. Што за логіка такая дзіўная, што за эканоміка без увагі да людзей?
Яшчэ пару гадоў таму Аксаміты выглядалі не такімі дзікімі. І сапраўды: бабулі не могуць і не павінны абкошваць чужыя закінутыя сядзібы. Сельвыканкам не здольны знайсці адну бензу і наняць аднаго выканаўцу? Наведваць павінны старшыні падведамасныя вёскі і размаўляць з жыхарамі.

Каментаваць