Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Гомельцы судзяцца з камунальнымі службамі з-за кепскіх дарог

Некалькі аўтааматараў спрабуюць атрымаць кампенсацыі за пашкоджаныя аўтамабілі, якія трапілі ў дарожна-транспартныя здарэнні па віне камунальнікаў.

Вечарам 6 лістапада гамяльчанка Вера Плавіна трапіла ў дарожна-транспартнае здарэнне на вуліцы Лепешынскага. Аўтамабіль заехаў у глыбокую яміну прама пасярод праезнай часткі.

Вера Плавіна распавяла:

У мяне сур’ёзна захварэла дзіця, з-за чаго я была вымушаная вечарам ехаць тэрмінова ў інфекцыйную бальніцу. Па дарозе да медыкаў, прама пасярод дарогі на вуліцы Лепешынскага, я папала ў глыбокую яму. У выніку, у мяне разрыў гумы і дэфармацыя дыска. Што да падвескі, тут яшчэ трэба рабіць экспертызу.

Вера Плавіна адразу выклікала інспектараў ДАІ, якія зафіксавалі ДТЗ.

Супрацоўнікі ДАІ прыехалі аператыўна. Яны прыехалі, зафіксавалі факт ДТЗ, выпісалі даведку. У даведцы пазначана, што дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў выніку трапляння ў яму, глыбіня якой дасягае 15 см. Праблема была ў тым, што 6 лістапада гэтая яміна пасля дажджу выглядала як звычайная лужына, — згадвае аўтамабілістка.

Гомельскі відэаблогер з праекта „Ротарная жатка” Віктар Рубцоў у аналагічнай справе дамогся выплаты за пашкоджаны па віне камунальнікаў транспартны сродак.

Са мной здарылася досыць тыповая сітуацыя. Я праязджаў праз свой двор на аўтамабілі, калі раптам трапіў у яму, у якой ляжаў вялікі кавалак асфальту. Яма была вялікай па памеры. Кавалкам асфальту мне збіла падвесны падшыпнік. Я таксама выклікаў ДАІ. Дарэчы, хлопцы без усялякага вагання склалі паперы аб ДТЗ. Яны мне ў прыватнай размове сказалі, што шмат прадпісанняў пішуць на мясцовых камунальнікаў, але тыя нічога не робяць. Так што, міліцыя ў гэтым выпадку на баку аўтамабілістаў, — гаворыць Віктар Рубцоў.

Вера Плавіна намераная прайсці ўсе судовыя інстанцыі, каб прыцягнуць да адказнасці арганізацыю, якая не наводзіць парадак на сваім участку.

— Афіцэр ДАІ, да якога я пад’язджала, каб разабрацца ў нюансах справы, мне сказаў, што за некалькі дзён 4 аўтааматары трапілі ў тую ж самую яміну на вуліцы Лепешынскага. А на шынамантажы, куды я прыехала зрабіць рамонт, майстры назвалі тую яму „легендарнай”. То бок, гаворка ідзе пра службовую нядбайнасць. Калі трэба, я пайду ў суд. Справа не ў грошах, а ў прынцыпе, — гаворыць Вера Плавіна.

Віктару Рубцову, каб спагнаць грошы з камунальнікаў, спатрэбілася паўгода судовых цяжбаў. Падчас разбіральніцтваў у яго з’явілася ідэя зняць відэаролік пра „добрыя беларускія дарогі”.

 

 

Адзін са стваральнікаў роліка Дзмітрый Сабураў заўважае, што пад некаторымі відэасюжэтамі да аўтараў „Ротарнай жаткі” часта пісалі каменты аўтамабілісты з просьбамі зрабіць сюжэты пра кепскія дарогі.

Ролік быў зняты з такім пасылам, што, маўляў, бярыце прыклад. То бок, не проста так едзьце і рамантуйце за свае грошы аўтамабіль, ціха абурайцеся на кухні, а менавіта абараняйце правы. Трэба падымаць праблему, каб яна, нарэшце, пачала вырашацца. Толькі грамадзянская актыўнасць, як паказвае практыка, дазваляе палепшыць сітуацыю, — пераконвае аўтааматараў Дзмітрый Сабураў.

Гомельскія відэаблогеры з праекта „Ротарная жатка” намераныя і далей здымаць відэа на тэму праблемных дарог у Беларусі.

Аўтары нашумелых ролікаў заклікаюць грамадзянаў, якія трапілі ў ДТЗ з-за віны камунальнікаў, абараняць свае правы ў судовым парадку.

www.racyja.com



Каментаваць