Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Грамадскасць патрабуе пашырэння ахоўнай зоны Курапатаў

Ад 9 сакавіка пачынаецца падпісанне адкрытага ліста грамадскасці да ўладаў з патрабаваннем зацвердзіць новы праект зон аховы Курапатаў.


Новы праект зонаў аховы Курапатаў, прапанаваны грамадскасцю


Гэты праект  прадугледжвае пашырэнне ахоўнай зоны помніка, дзе забаронена ўсялякае новае будаўніцтва, апроч патрэбаў самой гістарычна-культурнай каштоўнасці.

У лісце да міністра культуры Барыса Святлова, між іншым, зазначаецца, што да яго звяртаюцца грамадзяне краіны, заклапочаныя сітуацыяй вакол Курапатаў і, у першую чаргу, вакол ахоўнай зоны гэтага ляснога масіву, што ў 1993 годзе ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”.

Праз тое, што цягам 21 году гэты помнік не меў сталага зацверджанага дзяржавай праекту зон аховы, неаднаразова адбываліся спробы забудаваць тэрыторыю каля каштоўнасці будынкамі, што не маюць аніякага дачынення да патрэб помніка. Адпаведнай рэакцыяй грамадства на такія дзеянні былі супрацьстаянні паміж забудоўнікамі і тымі, для каго Курапаты з'яўляюцца нацыянальнай святыняй, дзе не па сваёй волі ляжаць дзясяткі, а можа і сотні тысяч невінаватых суайчыннікаў.

Вялікі розгалас у краіне і ў свеце мелі падзеі 2001-2002 гадоў, калі ў адказ на пашырэнне МКАД праз Курапаты, якое пачалося без грамадскага абмеркавання і належна аформленай праектнай дакументацыі, беларуская моладзь бараніла народны мемарыял ад чыноўнікаў і будаўнікоў, а таксама сумнавядомыя падзеі з узвядзеннем у ахоўнай зоне каштоўнасці рэстаранна-забаўляльнага комплексу з абражальнай для беларусаў назвай “Бульбаш-хол”. Апошняй падзеяй, што выклікала супрацьстаянне ля Курапатаў, стаў пачатак будаўніцтва пяціпавярховага будынку бізнэс-цэнтру на тэрыторыі, якая была прададзена на аўкцыёне ў той час, калі знаходзілася ў складзе ахоўнай зоны помніка.

У абодвух апошніх выпадках Міністэрства культуры замест таго, каб належным чынам бараніць недатыкальны статус ахоўнай зоны Курапатаў, патурала забудоўнікам і рабіла адпаведныя юрыдычныя захады, каб змяніць межы ахоўнай зоны народнага мемарыялу на карысць нядобрасумленных бізнэсоўцаў. У выніку ахоўная зона каштоўнасці, дзе забаронена ўсякае новае будаўніцтва, нашмат скарацілася і нават страціла сваю перашапачатковую цэласнасць. Разам з тым, заўважна павялічыўся антрапалагічны ўціск на помнік, што і так аточаны дзвюма магістралямі з інтэнсіўным рухам і вялікай колькасцю шкодных выкідаў — МКАД і шашой Заслаўе — Калодзішчы.   

Як паказалі падзеі апошняга часу, наяўная ахоўная зона не бароніць каштоўнасць, якую чакаюць новыя выклікі і пагрозы. Аналіз гісторыі распрацоўкі і ўсталявання зонаў аховы Курапатаў дазваляе выявіць памылкі, якія неабходна пазбегнуць у будучым. А менавіта:

1) Паводле заканадаўства зоны аховы гістарычна-культурных каштоўнасцяў, таксама як і зоны аховы вода-, газа-, нафтаправодаў, ваенных, водных і падобных аб’ектаў, усталёўваюцца профільнымі міністэрствамі і ведамствамі і ўлічваюцца як зыходныя дадзеныя пры планаванні тэрыторыяў. Усталяванне межаў і рэжымаў утрымання зонаў аховы помнікаў — гэта прэрэгатыва і права Міністэрства культуры. Яно не павінна было ў 2004 г. ўзгадняць з органамі мясцовай улады праект зонаў аховы, распрацаваны спецыялістамі інстытуту “Праектрэстаўрацыя” Вольгай Косьціч і Таццянай Кукуняй і 20 мая 2003 г.  аднагалосна ўхвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Непрадугледжанае законам папярэдняе ўзгадненне з Мінгарвыканкамам і Мінаблвыканкамам гэтага праекта зонаў аховы прывяло да іх неабгрунтаванага змяншэння, што мела наступствам з’яўленне “Бульбаш-холу” і выклікала справядлівае грамадскае абурэнне.

2) Заканадаўства не ведае тэрміну “часовыя” зоны аховы. Зоны аховы або ёсць, або іх няма. У 2004 г. Міністэрства культуры павінна было зацвердзіць сталыя зоны аховы, якія не змяняюцца ў залежнасці ад знешняй кан’юнктуры. Тады не было б планаў па забудове поля паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ. Не было б і скандальнай сітуацыі з будаўніцтвам бізнес-цэнтру.

Улічваючы гэтыя памылкі, неабходна распрацаваць новы — навукова, гістарычна і метадычна абгрунтаваны праект зонаў аховы Курапатаў, што адпавядае статусу гэтай каштоўнасці і які трэба абмеркаваць з удзелам грамадскасці. Гэты праект павінен абапірацца, у першую чаргу, на праект Таццяны Косьціч і Вольгі Кукуні.

Зыходзячы з канстытуцыйнага абавязку бараніць спадчыну, падпісанты лісту патрабуюць зацвердзіць годныя зоны аховы, якія забяспечваюць існаванне і захаванне Курапатаў:

1.    Вярнуць у склад ахоўнай зоны помніка тэрыторыю на паўднёвы ўсход ад каштоўнасці. Тэрыторыя ўключае частку МКАД і пляц зямлі, дзе меркавалася ўзвесці пяціпавярховік бінэс-цэнтру. Гэтая тэрыторыя знаходзілася ў ахоўнай зоне з 2004 г., заставалася  ў праекце зон аховы 2013 г., аднак была выдалена з ахоўнай зоны для арганізацыі з’езду з МКАД і для транспартнага абслугоўвання БелЭКСПО, якое меркавалася ўзвесці на полі паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ. Паколькі ў гэтым месцы ад будаўніцтва БелЭКСПО адмовіліся, лагічна вярнуць названую тэрыторыю ў ахоўную зону.

2.    З усходняга боку каштоўнасці неабходна пашырыць ахоўную зону да вуліцы Мірашнічэнкі. Аналіз сітуацыі сведчыць, што любое будаўніцтва паміж палявой "Дарогай смерці" (апошнім шляхам ахвяраў на расстрэл на ўсход ад Курапатаў) і гандлёвым цэнтрам BIGZZ створыць пагрозу захаванасці самаго помніка і ягонага гістарычнага атачэння — ландшафту, старадаўніх дарог і краявідных пунктаў. Забараніць змяняць статус "зямлі сельскагаспадарчага прызначэння" для поля паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам BIGZZ.

3.      З захаду пашырыць ахоўную зону помніка на тэрыторыю "Бульбаш-холу" (да аўтазапраўкі). Рэжым утрымання ахоўнай зоны з гэтага боку не азначае разбурэння наяўных будынкаў, але дазволіць рэгламентаваць характар іхнага выкарыстання з тым, каб не дапусціць у будучыні прыстасавання гэтых будынкаў пад недарэчныя функцыі, што не адпавядаюць патрэбам Курапатаў.

4.      Надаць статус зоны рэгулявання забудовы для катэджнага пасёлку “Сонечны” і тэрыторыі ад паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны помніка да ракі Цна.

На думку падпісантаў лісту, зацвярджэнне новага праекту зонаў аховы Курапатаў засведчыць дзяржаўнае стаўленне Міністэрства культуры да Курапатаў, як да святыні, а таксама знакавасць гэтага народнага мемарыялу ў найноўшай гісторыі краіны. А забеспячэнне няўхільнага выканання новага праекту зонаў аховы Курапатаў гарантуе непарушнасць помніка і ягонага гістарычнага атачэння, адновіць давер людзей да дзяржавы ў справе захавання гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, падкрэсліваецца ў лісце.

Ягоная копія будзе накіраваная прэм'ер-міністру Беларусі Андрэю Кабякову.


Каментаваць