Грамадскасць адзначыла Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі

29 кастрычніка ў Мінску грамадскасць адзначыла Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі. Па ініцыятыве  грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі больш за 50 актывістаў аргкамітэтаў па стварэнні руху салідарнасці “Разам і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты і міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял, а таксама былыя вязні ГУЛАГу, прадстаўнікі шэрагу дэнамінацый хрысціянства – Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы і праваслаўнай аўтакефаліі, кіраўніцтва палітычных партый і журналісты.
 



Удзельнікі ўшанавання зрабілі вандроўку па месцах масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінізму ў сталіцы і яе наваколлі па маршруце: Кальварыйскія могілкі-Лошыца-Трасцянец-Парк Чалюскінцаў-Курапаты, усклалі кветкі, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебны.

У Курапатах адбылося адкрыццё закладной шыльды будучага мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў польскай арміі, забітых супрацоўнікамі НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 --  чэрвені 1941 гг. Затым прадстаўнікі грамадскасці агучылі больш за 300 з 5.772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920-1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Поўны спіс будзе зачытаны на працягу бягучага года пад час розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі

Падводзячы вынікі дня, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў у інтэрв’ю карэспандэнту “НЧ адзначыў, што спецслужбы і праваахоўныя органы амаль страцілі інтарэс да ўшанавання ахвяраў сталінізму і не заміналі ў яе правядзенні, у мерапрыемствах удзельнічала шмат людзей, у тым ліку – святары. Гісторык выказаў надзею, што ў наступных мерапрыемствах Году памяці прымуць удзел прадстаўнікі іншых канфесій, у тым ліку каталіцызму, пратэстанства, юдаізму і мусульманства.  

Трэба адзначыць, што 30 кастрычніка ў Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў у межах Году памяці. Так, а 12.00 ў сядзібе Партыі БНФ адбудзецца прэсавая канферэнцыя, прымеркаваная памяці Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. На 18.30 ў сталічнай мастацкай галерэі “Ў запланавана вечарына памяці рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў.  31 кастрычніка а 18.00 у межах марафону салідарнасці з палітвязнямі на сталічная сядзібе Партыі БНФ адбудзецца сустрэча з былым вязнем ГУЛАГу Надзеяй Дземідовіч і прэзентацыя яе новай кнігі вершаў “Кенгір.

На наступным тыдні чакаецца правядзенне ў сталіцы круглага стала па праблемах захавання дакументальнай спадчыны найноўшай гісторыі Беларусі, прымеркаванага да 95-годдзя бальшавіцкага перавароту ў Расіі ў кастрычніку 1917 года.

Нагадаем, што грамадскі аргкамітэт па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі створаны ў студзені 2012 году для адзначэння 75-годдзя піку сталінскага тэрору 1937 года. З 2007 году беларуская грамадскасць штогод 29 кастрычніка адзначае Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі. У ноч з  28 на 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай “Амерыканцы) былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, а ўсяго за 1937 год у сталіцы Беларусі было пакарана смерцю больш за 80 тысяч чалавек.

Каментаваць