Грамадскасць будзе дабівацца зносу забаўляльнага комплексу каля Курапатаў

Грамадскасць будзе дабівацца зносу забаўляльнага комплексу каля Курапатаў. Такое рашэнне было прынятае 27 лістапада ў Мінску на пасяджэнні грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты».

 



Як паведаміла каардынатар ініцыятывы Ганна Шапуцька, у лісце ад 23 лістапада намеснік міністра культуры Віктар Кураш прызнаў, што пры рэалізацыі праекту «Прыдарожны сервіс на 51-м кіламетры МКАД» без дазволу Міністэрства культуры «работы праводзяцца часткова ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці» міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1040-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».

Згодна з палажэннямі артыкулу 9 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Міністэрствам культуры заказчыку СТАА «БелРэстІнвест» і Мінаблвыканкаму выдадзена прадпісанне ад 30 кастрычніка аб спыненні работ на тэрыторыі зоны аховы помніка. Аднаўленне работ будзе магчыма пасля забеспячэння адпаведнасці праектнай дакументацыі дзеючым прававым нормам, гаворыцца ў лісце. Разам з тым, спадар Кураш паведаміў, што міністэрства апошні раз узгадніла праект 1 жніўня 2006 года «пры безумоўным размяшчэнні аб’екта ў межах зоны рэгулявання забудовы, вызначанай праектам зон аховы» мемарыяла.

Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову Шапуцькі аб правядзенні канферэнцыі па сітуацыі вакол Курапат і праблеме павышэння адказнасці за парушэнне межаў ахоўных зон аб’ектаў спадчыны. «Неабходна дабівацца прыняцця спецыяльнага закону, каб яго парушальнікі неслі адпаведную адказнасць», — сказала каардынатар ініцыятывы.

Даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў прапанаваў абскардзіць у Генеральнай пракуратуры і Следчым камітэце дзеянні Міністэрства культуры, якое не ажыццяўляла кантроль па захаванню межаў ахоўных зонаў мемарыялу пры будаўніцтве забаўляльнага комплексу.

Кінадраматур Уладзімір Халіп выказаў занепакоенасць сітуацыяй вакол Курапатаў у сувязі з тым, што кола забудовы вакол урочышча з кожным годам звужаецца. Вось чаму, паводле ягоных слоў, трэба разгортваць вялікую грамадскую кампанію супраць існуючай пагрозы знішчэння народнага мемарыялу.

Культуролаг Вацлаў Арэшка падкрэсліў неабходнасць вызначэння рэальных прыярытэтаў у дзейнасці ініцыятывы — яе праграме-максімум і праграме-мінімум, а таксама важнасць працы ў прававым полі пры дапамозе прафесійнага юрыста. Між іншым, паводле ягоных слоў, трэба дакладна вызначыць на мясцовасці зацверджаныя межы мемарыялу ў Курапатах і яго ахоўных зон.

На думку актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валерыі Чарнаморцавай, наспела неабходнасць выпрацоўкі грамадскай канцэпцыі забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў тымі аб’ектамі, каторыя найбольш адпавядаюць сутнасці народнага мемарыялу, а таксама будуць спрыяць яго папулярызацыі і захаванню.

Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Павел Вінаградаў звярнуў увагу на тое, што беларусы амаль нічога не ведаюць пра Курапаты. Паводле ягоных слоў, да сярэдзіны снежня кампанія распрацуе стратэгію папулярызацыі мемарыялу, якая будзе прадстаўлена ініцыятыве.

Па пытанні адсутнасці кантролю з боку Міністэрства культуры за выкананнем заканадаўства пры будаўніцтве забаўляльнага комплексу каля Курапатаў ініцыятыва вырашыла звярнуцца ў Савет міністраў, Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт. У лісце да беларускага грамадства мяркуецца вызначыць матывы, па якіх ініцыятыва будзе дабівацца зносу забаўляльнага комплексу каля мемарыялу і недапушчальнасці здзяйснення падобных праектаў у будучым.

Нагадаем, што 6 лістапада адноўлена дзейнасць грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу «Курапаты». Яна была створана ў канцы верасня 2001 года ў адказ на пашырэнне ўладамі Мінскай кальцавой аўтадарогі без праектнай дакументацыі і шырокага грамадскага абмеркавання, а таксама ў сувязі з небяспекай страты гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сярод заснавальнікаў ініцыятывы — больш за 25 грамадскіх структур і выбітныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі і Артур Вольскі.

Аднаўленне дзейнасці ініцыятывы звязана з пратэстамі грамадскасці супраць будаўніцтва забаўляльнага комплексу на паўночным ускрайку Курапатаў. У ініцыятыву ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх і палітычных структур, у тым ліку міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мемарыял», Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, аб’яднанняў «Дыярыуш» і «Хрысціянская злучнасць «Курапаты», грамадзянскіх ініцыятываў «За Волю» і «Хрысціянскі рух», праваслаўнай аўтакефаліі, мінскай паўнаевангельскай царквы «Новае жыццё», суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, грамадзянскіх кампаній «Еўрапейская Беларусь» і «Гавары праўду», аргкамітэту па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рухаў «Маладая Беларусь» і «Разам».

Каментаваць