Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Грамадскі сектар — гета ці народнікі?

Чым ёсць грамадскія арганізацыі сёння? Адказ на гэта пытанне прагучаў на прэзентацыі вынікаў ацэнкі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Прэзентацыю ладзіла ў Мінску 15 жніўня Міжнароднае асветніцкае грамадскае аб’яднанне «АКТ».

Паводле ацэнак экспертаў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС) у Беларусі сталі больш устойлівымі. Дарэчы, на 1 студзеня 2017 года ў Беларусі налічвалася 2731 зарэгістраваная грамадская арганізацыя. Але дакладную колькасць ініцыятыў у нашай краіне падлічыць не могуць. Ці ёсць будучыня ў беларускіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў? І як можна ўратаваць фінансавую ўстойлівасць арганізацый грамадзянскай супольнасці?

Ацэнка арганізацый грамадзянскай супольнасці за 2016 год праходзіла ў 69 краінах свету, у тым ліку ў 24 краінах Еўразіі.

На ацэнку ўстойлівасці грамадзянскіх арганізацый уплываюць падзеі, якія адбываюцца ў краінах.

Эксперты вылучылі тры тэндэнцыі развіцця арганізацый грамадзянскай супольнасці. Першая — гэта дзейнасць у новай нармальнасці, або звужэнне прасторы для арганізацый. Другая — сыход людзей ад традыцыйных арганізацый і мабілізацыю ў больш стыхійныя, але дзейсныя ініцыятывы. Менавіта сіла людзей у 2016 годзе ў Польшчы і Македоніі арганізавала масавыя пратэсты. І трэцяя тэндэнцыя развіцця, якую вылучылі эксперты, — рост краўндфандынгу.

Напрыклад, у Бялградзе краўндфандавых грошай хапіла на шэсць дэманстрацый супраць незаконнага будаўніцтва, якія прывялі да пазітыўнага выніку. Беларускі краўндфандынг таксама дзейсны. Напрыклад, у 2016 годзе Беларускі дзіцячы хоспіс сабраў усе неабходныя грошы, каб пераехаць у новы будынак.

 

Беларуская спецыфіка

Грамадзянскія супольнасці за 2016 год умацаваліся ў такіх краінах, як Латвія, Румынія і, як не дзіўна, Беларусь. Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі — 5,5 бала. Гэта слабая ўстойлівасць, якая знаходзіцца на апошняй прыступцы з трох магчымых. Усё з-за неспрыяльнага прававога асяродку і фінансавай няўстойлівасці ў краіне, слабага даверу да грамадскіх арганізацый і нізкага грамадскага іміджу.

Але ў той жа час, у параўнанні з вынікамі 2015 года, пазіцыя АГС у Беларусі ўмацавалася. Эксперты звязалі гэты факт з умацаваннем арганізацыйнага патэнцыялу. У беларускіх арганізацыях шмат увагі надзяляецца навучанню валанцёраў і клопату аб супрацоўніках. Таксама эксперты заўважылі пэўныя поспехі ў прасоўванні інтарэсаў арганізацый, паказное пацяпленне ў адносінах паміж АГС і дзяржавай. Напрыклад, на грамадскае тэлебачанне часцей сталі запрашаць экспертаў з АГС.

У суседняй Расіі індэкс устойлівасці грамадскіх арганізацый знізіўся. Уладзімір Корж, кіраўнік  Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання «АКТ» пракаментаваў гэта наступным чынам: «Складаецца такое адчуванне, што Расіі грамадзянская супольнасць не патрэбна. Арганізацыі там знікаюць адразу, калі нехта крыху пачынае крытыкаваць кіраўніцтва. Тады застаюцца ў асноўным адны праўрадавыя арганізацыі, або тыя, што прадстаўляюць сацыяльныя паслугі».

 

З чым будучыня?

Нельга адмаўляць той факт, што ў Беларусі ўзрастае колькасць ініцыятыў, але скарачаецца колькасць традыцыйных АГС-«дыназаўраў». Але ці ўсе ініцыятывы дапасуюць сябе да арганізацый грамадзянскай супольнасці? Не. Некаторыя з іх не любяць, калі іх называюць «грамадскімі актывістамі». Уладзімір Корж лічыць, што больш каштоўнай з’яўляюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці, чым новыя ініцыятывы: «Які сэнс у актыўнасці, калі ты не можаш зразумець, у чым заключаецца тваё прызначэнне? У Беларусі мусіць адбыцца рэформа ў гэтай галіне. Бо дзяржава рэфармуецца. А ці рэфармуецца ў нас грамадзянская супольнасць?».

Марына Корж, прадстаўніца Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, шчыра прызналася ў тым, што яна расчаравалася ў традыцыйных недзяржаўных грамадзянскіх арганізацыях: «Тут мы з’яўляемся менеджарамі, а не актывістамі. Замест таго, каб нешта рабіць, мы шукаем фінансавання. А прадстаўнікі дробных ініцыятыў проста выходзяць на вуліцы і дапамагаюць людзям». На думку Марыны, будучыня — за людской сілай і новымі формамі арганізацый.

Валерый Журакоўскі, прадстаўнік  міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання «АКТ», выказаў наступную думку: «Мы так доўга пераконваем еўрапейцаў, што ў Беларусі грамадзянскія супольнасці кволыя і што нам трэба дапамагаць, што самі паверылі ў гэты міф». На думку Валерыя, у грамадстве не адбываецца нічога новага. Ініцыятывы заўсёды нараджаліся і паміралі. І гэта абсалютна нармальны працэс.

Але, калі кіраўнік арганізацыі хоча, каб яна пратрывала працяглы перыяд, то ён мусіць яе рэгістраваць, каб плаціць людзям заробак. Таму выйсце — стварэнне новых ініцыятыў, якія паступова будуць пераходзіць у статус зарэгістраваных арганізацый.

 

Гета або народнікі?

Кіраўніца арганізацыі «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын» Вольга Янчук не пабаялася назваць сваю арганізацыю «гета»: «Наша арганізацыя дапамагае жанчынам, якія церпяць хатні гвалт. І мы проста не можам ісці ў народ, не можам пускаць людзей з вуліцы на кансультацыі з жанчынамі, не можам пусціць працаваць тых, хто не мае адпаведнай адукацыі». Тым самым Вольга Янчук выказала думку пра тое, што сярод грамадскіх арганізацый мусяць быць і гета. І гэта павінна нармальна ўспрымацца супольнасцю.

Але, ствараючы гета ў АГС, тым самым, кіраўнікі не даюць магчымасць валанцёрам атрымліваць адпаведны досвед у дабрачыннай працы.

Прадстаўнік інтэрнэт-часопіса «34mag.net» думае, што «гета» і «народнікамі» становяцца тыя, каму зручна імі быць. «А трэба, каб афармляліся тыя арганізацыя, якія хочуць нешта рабіць дзеля грамадства», — падсумаваў Аляксандр.

 

Што трэба для фінансавай устойлівасці?

Андрэй Егораў, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, перакананы, што фінансавую ўстойлівасць уратуюць толькі спрыяльныя ўмовы ў краінах: «Калі казаць іншымі словамі, то такую ўстойлівасць можа падарыць толькі свабода. Няма свабоды — няма фінансавай устойлівасці».

Актывісты моладзевых арганізацый перакананыя, што шмат праектаў можна зрабіць без грошай. Тым больш, многія бізнес-кампаніі гатовы да супрацоўніцтва з АГС.

Пытанне пра фінансавую ўстойлівасць АГС выклікала шмат дыскусій. З аднаго боку, грамадскія арганізацыі ўсё больш звяртаюцца да краўндфандавых платформ, а з іншага — замежныя донары імкліва скарачаюць бюджэт АГС.

Да прыкладу, за 2016 год Украіна сабрала 800 тысяч долараў толькі на дабрачынныя праекты. Так чым з’яўляецца краўндфандынг для арганізацый грамадзянскай супольнасці сёння: уратаваннем або часовым адпачынкам? На гэтае пытанне напэўна зможа адказаць толькі час.

 

Даведка

Індэкс устойлівасці арганізацый грамадзянскай супольнасці распрацаваны Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці (USAID) і ацэньваецца ў Беларусі сумесна з міжнародным асветніцкім грамадскім аб’яднаннем «АКТ». Індэкс падлічваецца на працягу 20 гадоў больш чым у 70 краінах свету. Сёлета індэкс ацэньваўся ў 69 краінах свету, у тым ліку, у 24 краінах Еўразіі.

Індэкс ацэньвае агульны характар асяродку для дзейнасці Арганізацый грамадзянскай супольнасці і разлічваецца па сямі параметрах: прававы асяродак, арганізацыйны патэнцыял, фінансавая ўстойлівасць, адвакатаванне (прасоўванне грамадзянскіх інтарэсаў), аказанне паслуг, інфраструктура і грамадзянскі імідж. Для ацэнкі выкарыстоўваецца сямібальная шкала, дзе найвышэйшая адзнака — адзінка.


Каментаваць