Грамадства падрыхтавала праект Акта асуджэння савецкага таталітарнага рэжыму

Падрыхтаваны праект Акта асуджэння савецкага таталітарнага рэжыму, апошняя версія якога абмяркоўвалася 14 мая ў Мінску на паседжанні круглага стала па праблемах люстрацыі ў Беларусі. 



Гэты акт адпавядае духу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама зместу рэзалюцый Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы і Еўрапарламента, Вільнюскай дэкларацыі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якія лічаць прыняцце такога акту абавязковым крокам перад правядзеннем люстрацыі. Апроч таго, гэты акт увасабляе трагічны гістарычны вопыт беларускага народа, лепшыя сыны і дачкі якога былі загублены савецкім таталітарызмам.

Удзельнікі паседжання звярнулі ўвагу на тое, што першым крокам на шляху грамадскага пакаяння павінна стаць афіцыйнае прызнанне злачыннасці савецкага таталітарызма на дзяржаўным узроўні. Без такога акту, без адкрытага  і рашучага асуджэння ідэалогіі і практыкі савецкага мінулага немажлівае ачышчэнне грамадства ад цяжкай спадчыны – ад традыцый грэблівага стаўлення да маралі, свабоды і правоў чалавека, да самога чалавечага жыцця.  

Важнасць асуджэння і ачышчэння грамадства ад таталітарнага мінулага асабліва актуальная ў свеце падзей апошніх гадоў, калі на вачах усяго чалавецтва аўтарытарны расійскі рэжым, узгадаваны таталітарнымі ідэалогіямі і велікарускім шавінізмам, ажыццяўляе агрэсію супраць Украіны і Грузіі — сваіх суседзяў і былых расійскіх калоній, а таксама пагражае як сумежным дзяржавам, у тым ліку і Беларусі, так і усёй цывілізаванай супольнасці.

Для захавання незалежнасці Беларусі і пабудовы ў ёй плюралістычнага дэмакратычнага грамадства неабходна правесці выразную мяжу паміж таталітарным мінулым і дэмакратычнай будучыняй, без чаго немажлівая і дакладная мяжа паміж таталітарным «русским миром» і вольнай Беларуссю.

Праект будучага дзяржаўнага Акту асуджэння савецкага таталітарнага рэжыму ўключае абгрунтаванне прызнання злачынным савецкага таталітарызму і пералік асноўных злачынстваў гэтага рэжыму, асуджэнне яго і дзянняў асобаў, вінаватых у злачынствах савецкага таталітарызму, забарону савецкай сімволікі і прапаганды камуністычнай савецкай ідэалогіі, а таксама заклік да ўзнаўлення гістарычнай праўды пра перыяд з 1917 па 1991 гады і да ўшанавання памяці ахвяраў рэжыму.

На паседжанні таксама разглядаўся апошні варыянт праекта канцэпцыі люстрацыі для Беларусі і пытанні падрыхтоўкі запланаванай навукова-практычнай канферэнцыі па тэме люстрацыі,. Менавіта на гэтай канферэнцыі будуць абмяркоўвацца праекты канцэпцыі люстрацыі для Беларусі і Акту асуджэння савецкага таталітарнага рэжыму.

Удзельнікі паседжання зазначылі, што першым крокам пасля прыняцця вышэйназваных дакументаў павінна стаць кампанія па падрыхтоўцы грамадскага меркавання наконт ідэі люстрацыі. Такая кампанія можа ўключаць распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў пра прынцыпы канцэпцыі люстрацыі для Беларусі, абмеркаванні і інтэрвью па ўзгаданай тэматыцы, сацыялагічныя апытанні, увядзенне палажэнняў пра люстрацыю ў праграмы палітычных партыў і грамадскіх аб’яднанняў. На думку ўдзельнікаў паседжання, важна сфармаваць грамадскую думку пра неабходнасць люстрацыя дзеля незваротнасці пераменаў, а таксама сфармаваць уяўленне пра люстрацыя не як пра «акт помсты» адной часткі грамадства другой, а як пра натуральны і негвалтоўны шлях мадэрнізацыі грамадства. 

Каментаваць