Грамадзяне, дайце капейчынку!

Вы не паверыце, але пасля таго, як Аляксандру Лукашэнку дабудавалі новую рэзідэнцыю — Палац Рэспублікі, у Беларусі ў чарговы раз скончыліся грошы.



Сапраўды, мінулы тыдзень можна з поўным правам называць тыднем пошуку капейчыны, бо столькі размоваў пра грошы не ў кожны месяц выпадае, колькі за апошнія сем дзён. І гэта было б вельмі смешна, каб не было так сумна: грошы, як заўсёды, збольшага плануецца выняць з нашых кішэняў.

Але ж гэты тыдзень — бадай што адзіны выпадак, калі дзяржава спачатку паглядзела, што ў пошуках грошай ёй можна прадаць непатрэбнага. Добра азірнуўшыся, віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч пабачыў: ва ўлады шмат вольных памяшканняў. А пачухаўшы патыліцу, ён згадаў, што з гэтым яму яшчэ гады два таму даручалася разабрацца.

І таму Пётр Пятровіч заявіў: усе заяўкі па продажы памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы і арандуюцца больш за тры гады, павінны быць разгледжаныя да канца бягучага года. «Арандатарамі прадстаўлена 514 заявак (у мінулым годзе гэтая лічба была блізкая да нуля), а прададзена ў цяперашні час толькі 84 аб’екта. Да канца года гэтыя заяўкі павінны быць разгледжаны і задаволены. У краіне не выкарыстоўваецца 1,8 мільёна квадратных метраў плошчаў, а мы ніяк не можам іх задзейнічаць для малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта абсалютнае невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка яшчэ ў 2012 годзе даручыў нам выкарыстоўваць гэтыя плошчы», — адзначыў Пракаповіч.

Так што хутка малы і сярэдні бізнэс зможа набыць сабе прыстойныя офісы. Зразумела, што потым у гэтыя офісы прыйдуць міліцыя, санстанцыя, МЧС, і кожнаму трэба будзе «адсцягнуць». Да таго ж невядома, як будзе працаваць гэты малы і сярэдні бізнэс ужо з 1 снежня, калі той жа Пракаповіч паабяцаў усім сертыфікацыю тавараў у Мытным саюзе. Пэўна, прыйдзецца купіць офіс, зрабіць у ім рамонт, «адсцягнуць» каму трэба, а потым прадаць офіс. Вось і ўвесь бізнэс.

Але не пераводзяцца ва ўладзе і спосабы зрабіць грошы з паветра. Прапануючы падаткі на 2014 год, наш урад заклаў туды такі пункт, як дзяржпошліна за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. «Прапануецца ўвесці дзяржпошліну за выдачу дазволу на ўдзел аўтамабіля ў дарожным руху. Гэта разавы плацёж, ён будзе залежаць ад вагі аўтамабіля і выплачвацца незалежна ад таго, ці ідзе гаворка аб легкавых або грузавых аўтамабілях», — заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Беларусі Алег Селіверстаў.

Паводле словаў урадаўцаў, дзяржпошліна на допуск транспарту да ўдзелу ў дарожным руху будзе мець дыферэнцаваную стаўку — ад 1 да 25 базавых велічынь у залежнасці ад прыналежнасці транспартнага сродку (юрыдычнай або фізічнай асобе), яго выгляду (грузавы або легкавы), дазволенай максімальнай масы. Як мяркуецца, за допуск да руху найбольш папулярных сярод беларускіх грамадзян легкавых аўтамабіляў прыйдзецца заплаціць пошліну ў памеры ад 3 (аўтамабіль з дапушчальнай масай не больш за 1 тоны) да 5 базавых велічынь (1–2 тоны). Прычым, нягледзячы на «разавасць» збору, адзначаецца, што «перыядычнасць выплаты дзяржпошліны на дадзены момант невядомая».

Што тут можна сказаць? Па правілах дарожнага руху, пешаход з’яўляецца такім жа ўдзельнікам гэтага руху, як і кіроўца аўтамабіля. Дарэчы, як і раварыст, і лыжнік. Дык калі мы ўводзім дадатковы падатак на калёсы, давайце яшчэ ўвядзем падатак і на ногі! На кожную нагу паасобку, каб дыферэнцавана падысці да аднаногіх альбо ўвогуле бязногіх грамадзян. Тым больш, што аўтааматары ўжо плацяць ДАІ за рэгістрацыю машыны. А чаму мы не абавязаны рэгістраваць ногі? А то нейкая дыскрымінацыя аўтааматараў атрымліваецца. І грошыкі, зноў жа, у бюджэт.

А калі нехта не згодны зарэгістраваць нагу і заплаціць з яе падатак, таго мы будзем прыцягваць да адказнасці. Так, як напісана ў праекце закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях». А напісана там, што злосных даўжнікоў можна будзе саджаць на суткі ў якасці прафілактыкі.

«Прапануецца ўзмацніць адказнасць, аж да адміністрацыйнага арышту, у дачыненні да даўжнікоў па ўстаноўленых судамі сумах», — паведаміў старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала, прадстаўляючы законапраект у парламенце.

Пры гэтым ён адзначыў, што зараз у Беларусі «920 тысяч даўжнікоў, якія павінны выканаць рашэнне судоў па ўсталяваных сумах, але не заўсёды гэтыя рашэнні выконваюцца». Сукала таксама ўдакладніў, што па гэтых 920 тысячах даўжніках маюцца 1,5 мільёна выканаўчых судовых лістоў, то бок некаторыя даўжнікі маюць не адно нявыкананае судовае рашэнне па сплаце грошай.

«Прыняцце гэтага законапраекта і ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці будзе стымуляваць даўжнікоў да выканання судовых рашэнняў», — лічыць Сукала, і нагадвае, што ў бліжэйшы час у Беларусі будзе створана адзіная служба судовых выканаўцаў.

Нешта незразумелае Сукала прыдумаў: чалавек не плаціць па судовым зыску, а дзяржава яго яшчэ і на забеспячэнне бярэ на тэрмін да 15 сутак. Для таго, каб выконваць судовыя рашэнні па сплаце зыскаў, трэба не законапраекты прымаць. Трэба проста распрацаваць для гэтых судовых выканаўцаў адзіную форму адзення, дзе ў якасці спецсродкаў вызначыць, у духу «ліхіх 90-х», прас і паяльнік. Вось тады служба судовых выканаўцаў запрацуе напоўніцу.

Ну і, канешне, улады чухаюць патыліцу, як сабраць грошы з беспрацоўных — каб ужо нікому крыўдна не было. Наколькі можна зразумець, пытанне «завісла» толькі ў адным аспекце: колькі ж грошай браць з беспрацоўнага? Прынамсі, у такім сэнсе выказалася начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі міністэрства фінансаў Беларусі Святлана Крэтава: «У цяперашні час ва ўрадзе разглядаецца пытанне аб устанаўленні платы для грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фарміраванні даходнай часткі бюджэту шляхам выплаты падаткаў, бо нідзе фармальна не працуюць, але тым не менш карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, якія фінансуюцца з бюджэту».

Можа, замест ліхаманкавых пошукаў грошай нам проста прадаць каму-небудзь Палац Рэспублікі?

Каментаваць