Грамадзянская супольнасць Беларусі дыскутуе аб разумных межах сваёй палітызацыі

Выклікі, з якімі сутыкаецца грамадзянская супольнасць, ставяць яе перад няпростым выбарам. Станавіцца на шлях палітызацыі або спрабаваць і далей без лішняга шуму займацца сваёй справай, нягледзячы на націск з боку дзяржавы? Ці ёсць залатая сярэдзіна ў асаблівых беларускіх умовах?



Гэтае пытанне абмяркоўвалася на канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства", што прайшла 16 лістапада ў Мінску. Паводле вынікаў канферэнцыі была прынята канцэпцыя развіцця беларускай Нацыянальнай платформы.


У прынятым варыянце канцэпцыі прадугледжваецца значнае пашырэнне парадку дня і паўнамоцтваў Нацыянальнай платформы, узмацненне яе "суб'ектнасці". На думку некаторых экспертаў, яе працы надаецца адценне палітычнай дзейнасці.


Аўтарамі і прыхільнікамі такой трактоўкі функцый грамадзянскай супольнасці сталі Улад Вялічка (кіраўнік міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь") і эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Таццяна Вадалажская.


Другі варыянт, падтрыманы меншасцю ўдзельнікаў, прапаноўваў не адыходзіць ад устаноўленага фармату дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і не станавіцца на шлях іх палітызацыі. Праваднікамі гэтай ідэі былі аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс) Дзяніс Мельянцоў і кіраўнік "Офіса за дэмакратычную Беларусь" (Брусель) Вольга Стужынская.


Вялікая бітва ці малыя справы?

Улад Вялічка ўпэўнены, што "Нацплатформа павінна быць больш гнуткай і не абмяжоўваць сябе выключна рамкамі парадку дня "Усходняга партнёрства".


Суразмоўца БелаПАН мяркуе, што трэба развіваць прапанаваныя Еўрасаюзам платформы "Усходняга партнёрства", "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю", а не абмяжоўваць сябе іх фарматам.


Апрача таго, прыняты варыянт канцэпцыі надзяляе Нацыянальную платформу больш шырокімі функцыямі ў пытанні выказвання кансалідаванай думкі ўсёй грамадзянскай супольнасці.


"Безумоўна, плюралізм думак — вельмі важны дэмакратычны механізм, аднак у шэрагу выпадкаў патрабуецца кансалідаванасць меркаванняў, пазіцый, ацэнак, намераў", — дадае Улад Вялічка.
 

Дзяніс Мельянцоў, наадварот, бачыць у новай канцэпцыі жаданне паставіць грамадзянскую супольнасць на палітычныя рэйкі: "Нацыянальная платформа зараз будзе вырашаць палітычныя задачы, такія як барацьба з уладай".
 

Разам з тым, падкрэслівае палітолаг, палітычная дзейнасць не з'яўляецца мэтай многіх арганізацый, што ўваходзяць у гэтую платформу. "Калі нехта хоча займацца палітычнай барацьбой, то ёсць мноства палітычных партый, і можна рэалізоўваць свае амбіцыі там", — мяркуе Мельянцоў.
 

Так, сярод тых, хто прагаласаваў супраць: Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна", "Офіс за дэмакратычную Беларусь", Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў і некалькі іншых арганізацый.


Палітызацыя супраць прафесіяналізму і эфектыўнасці

Між тым для некаторых сфер грамадзянскай супольнасці залішняя палітызацыя небяспечная не столькі нават рэпрэсіямі, колькі разбурэннем фундаментальных прынцыпаў дзейнасці. Незалежнасць тут з'яўляецца не проста прафесійным абавязкам, але і залогам хоць колькі-небудзь эфектыўнай дзейнасці.
 

Адна са сфер, у якіх эфект "барыкаднасці" зніжае якасць працы, здольны падарваць грамадскі аўтарытэт і давер, — гэта журналістыка.
 

Калі журналіст пачынае ісці ў рэчышчы "лініі партыі", выконваць палітычныя ўстаноўкі, у першую чаргу змагацца, а не інфармаваць ці аналізаваць, ён ставіць пад удар прафесіяналізм. Атрымліваецца прапаганда, якая блізкая да дзяржаўнай і мае мала агульнага з сапраўднай журналістыкай.


А ці моцна вы будзеце верыць палітычна ангажаваным сацыёлагам? Яны павінны быць нейтральнымі ў сваіх даследаваннях і высновах.


Тая ж гісторыя з праваабаронцамі. Яны закліканы займацца абаронай любога незаконна асуджанага ці рэпрэсаванага чалавека. Яны — як урачы, якія не могуць адмовіць у дапамозе з-за таго, што хворы — камуніст ці ліберал, нацыяналіст ці анархіст. Палітызацыя ў такой адчувальнай сферы проста недапушчальная.


Таму адмова БАЖа, БХК і "Вясны" падпісаць новую канцэпцыю тлумачыцца няцяжка. Немагчыма працаваць на глебе незалежнай журналістыкі ці прававой дапамогі, калі цябе прымушаюць ісці ў рэчышчы "кансалідаванай думкі" нейкай надбудаванай структуры.

 
А некаторыя арганізацыі — прафсаюзы, аналітыкі, эколагі — для дасягнення сваіх мэтаў вымушаны часам супрацоўнічаць з дзяржавай і яго органамі. "Палітызацыя будзе ставіць пад удар іх статутныя мэты: немагчыма вырашаць свае паўсядзённыя задачы, беручы ўдзел адначасова ў палітычнай барацьбе", — мяркуе Дзяніс Мельянцоў.


Беларуская спецыфіка: прайсці па лязе

Улад Вялічка ж адхіляе абвінавачанні на адрас аўтараў дакумента: "Дастаткова пачытаць тэкст канцэпцыі, каб упэўніцца, што ён наогул не закранае тэмы палітычных мэтаў, а канцэнтруе ўвагу на пашырэнні парадку дня і большай суб'ектнасці Нацплатформы".


Але тады як разумець словы іншага прыхільніка прынятай канцэпцыі — філосафа Уладзіміра Мацкевіча: "Лёсавызначальная місія Нацплатформы — націск на нашу ўладу"?


Калі менавіта так будзе рэалізоўвацца новы план дзеянняў па кансалідацыі грамадзянскай супольнасці, то асцярогі праціўнікаў канцэпцыі цалкам разумныя.


Няўрадавыя арганізацыі, выцесненыя на палітычнае поле, мала таго што не змогуць паўнавартасна займацца сваёй дзейнасцю, але і рызыкуюць звузіць шанцы на шырокае грамадскае прызнанне.


Улада нездарма прыкладвае сур'ёзныя намаганні для барацьбы з недзяржаўнымі аб'яднаннямі. Сутнасць і місія грамадзянскай супольнасці заключаецца ў тым, што свабодныя грамадзяне без дзяржавы, знешняга кантролю і палітыкі наогул, аб'яднаўшыся, самі вырашаюць свае праблемы.


Знайсці рэцэпт выжывання грамадзянскай супольнасці зараз вельмі няпроста. Так, у спецыфічнай беларускай сітуацыі за цывілізаваныя рамачныя ўмовы для трэцяга сектара яго ж прадстаўнікам трэба і змагацца. Але важна не перайсці мяжу. Апынуўшыся на адной палітычнай абочыне з маргінальнымі апазіцыйнымі партыямі, грамадскія арганізацыі не змогуць выконваць сваю галоўную функцыю — паказаць народу магчымасці самаарганізацыі.

Каментаваць