Грамадзянская супольнасць: як выйсці з крызісу?

Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» (ФГС УП) у крызісе. Прычым, крызіс гэты выкліканы паводзінамі саміх арганізацый, якія ўваходзяць у Нацплатформу.



Уладзімір Мацкевіч


Пра гэта шмат казалі на чарговай, пятай канферэнцыі Нацплатформы ФГС УП, якая прайшла ў Мінску. Выступаючы перад дэлегатамі канферэнцыі, старшыня Каардынацыйнага камітэта Нацплатформы Уладзімір Мацкевіч не хаваў свайго расчаравання. На ягоную думку, Нацплатформа не выканала таго, для чаго яна была створаная. Паводле яго слоў, гэтаму ёсць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя прычыны.

Даючы справаздачу аб сваёй дзейнасці на пасадзе кіраўніка, Мацкевіч адразу сказаў: ёсць дзве навіны — адна добрая, другая дрэнная. Добрая навіна, паводле яго, у і тым, што Нацыянальная платформа ў беларускіх умовах выжыла, і мае намер выжыць надалей. Як спраўджаную надзею ён назваў дамову пра тое, каб ЕС у рамках праграмы «Усходняга партнёрства» усё ж такі выдзеляў сродкі для падтрымкі працы Нацыянальных платформаў ФГС УП. Раней такая дзейнасць ажыццяўлялася выключна на валанцёрскіх пачатках. То бок, грошы ёсць, пара дзейнічаць.

А вось з дзейнасцю, аказваецца, вялікія праблемы. І праблемам Мацкевіч прысвяціў асноўную частку сваёй прамовы. У некаторых момантах гэта нагадвала нават неапраўданае пасыпанне галавы попелам.

Па-першае, на мінулым канферэнцыі Нацплатформы шмат хто ў штыкі ўспрыняў новую канцэпцыю платформы, як альбо палітызаваную, альбо занадта мала палітызаваную. Спрэчкі па канцэпцыі прывялі, з аднаго боку, а вельмі грунтоўных іміджавых стратаў Нацплатформы: яны паказалі, што няма ў грамадзянскай супольнасці адзінства. З іншага боку, такія спрэчкі прывялі да таго, што гэтая канцэпцыя не стала дакументам, які б вызначаў паводзіны асноўных гульцоў у Нацплатформе. А таму, на думку Мацкевіча, Нацплатформа ў поўнай меры не можа падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя ў першую чаргу, на сацыяльныя і адукацыйныя пераўтварэнні ў Беларусі з дапамогай трэцяга сектара. Напрыклад, Балонскі працэс.

Па-другое, праблема ёсць ў тым, што ўдзел афіцыйнага Мінска ў праграме «Усходняе партнёрства» наогул знаходзіцца пад пагрозай. Прынамсі, афіцыйны Мінск не падпісаў асноўных дакументаў УП, у той час, як няўрадавыя арганізацыі ўжо ва «Усходнім партнёрстве». Дзяржава дыстанцуецца і адсоўваецца ад еўрапейскай ініцыятывы (узгадаем пра адмову і забарону ўдзельнічаць у «Еўрапейскім дыялогу для мадэрнізацыі»). І таму (зрэшты, не толькі таму) прасоўванне грамадскіх інтарэсаў у палітыцы дзяржавы ў цэлым і ў рамках «Усходняга партнёрства» у прыватнасці практычна немагчымае.

Гэта вельмі непрыемная для Беларусі сітуацыя, паколькі еўрапейскі ФГС УП, па ідэі, патрабуе ад нацыянальных форумаў высілкаў па кантролі за тым, як дзяржава выконвае ўмовы «Усходняга партнерства». А як жа кантраляваць выкананне ўмоў УП, калі Беларусь не ўключаная ў праграму і ніякіх абавязкаў на сябе ў межах праграмы не брала?

І па-трэцяе, па меркаванні Мацкевіча, Нацплатформа ФГС УП праявіла недастаткова актыўнасці і ўплыву на працэсы ў краіне. У прыватнасці, адзначыў Мацкевіч, «і мае персанальныя намаганні, і намаганні каардынацыйнага камітэта мала паўплывалі на кансалідацыю розных сілаў унутры Беларусі і фактычна не далі выніку».

Некаторыя дэлегаты нават прасілі Мацкевіча быць менш песімістычным. На гэта Мацкевіч заявіў, што падстаў для аптымізму няма. «Усё, што напрацавала Нацплатформа ФГС УП, мы страцілі. Калі раней мы былі асноўнымі распрацоўшчыкамі стратэгіі кірункаў развіцця еўрапейскага Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», то зараз мы і гэта страцілі. Мы патанулі ў фармалізме. Акрамя таго, мы не змаглі дамагчыся тых мэтаў, якія мы ставілі. Мы не дамагліся рэкамендацый і патрабаванняў ЕС у адносінах да Беларусі, палітвязні як сядзелі, так і сядзяць, у краіне працягваецца вайна ўсіх супраць усіх», — заявіў Мацкевіч.

Сапраўды, дзе тут знайсці падставы для аптымізму? З іншага боку, патрабаванні ЕС, няўдзел улады ва «Усходнім партнёрстве» і «Еўрапейскім дыялогу для мадэрнізацыі», немагчымасць для грамадзянскай супольнасці ўплываць на ўладу, ды вызваленне палітвязняў — ці не завышаныя патрабаванні да Нацплатформы? Гэтых мэтаў не можа дабіцца ніхто.

Сам Мацкевіч у размове з аўтарам гэтых радкоў заявіў, што сапраўды, ён ставіў больш амбіцыйныя, і нават завышаныя патрабаванні да Нацплатформы. «Так, я паставіў завышаныя чаканні і патрабаванні, таму што я не люблю займацца мітуснёй. Трэба ставіць годныя мэты, каб іх дасягаць. Нацыянальная платформа як камунікатыўная пляцоўка, як выпрацоўка адзінага голасу грамадзянскай супольнасці Беларусі неабходная. Я не схільны лічыцца з тым, што хтосьці «не гатовы», камусьці «трэба падумаць» і гэтак далей. Трэба рухацца да гэтага. Тое, што павінна быць, з'яўляецца падставай таго, што ёсць. Калі нехта не гатовы, трэба рыхтавацца, калі хтосьці «падумае», трэба тлумачыць. Мы рухаемся, але рухаемся вельмі павольна», — кажа Мацкевіч.

Пры гэтым Мацкевіч у некаторай ступені прызнае і сваю віну за той стан, у якім зараз знаходзіцца Нацплатформа. «Я разумею, што сам стаў перашкодай да гэтага руху ў сілу скажоных трактовак і маёй асобы, і маіх мэтаў. Калі два месяцы пасля мінулай канферэнцыі толькі лянівы не абмяркоўваў, можа Мацкевіч балатавацца ў прэзідэнты або не можа, усё вылілася не ў канструктыўную працу, а ў гэтую дурную мітусню. Я лічу выбары немагчымымі, і наогул лічу глупствам пры гэтай дыктатуры ўдзел любога чалавека ў выбарах, — але гэта ні да каго не даходзіла. Усе з захапленнем абмяркоўвалі гэтую дурную ідэю. І гэта, між іншым, вельмі моцна ўдарыла па іміджы Нацыянальнай платформы», — кажа Мацкевіч.

Але тое, што беларускія ўлады да гэтага часу не адпусцілі палітвязняў, і да гэтага часу не выканалі патрабаванні і рэкамендацыі Еўрасаюза, ці залежыць гэта ад грамадзянскай супольнасці? «Гэта залежыць ад нас наўпрост, — лічыць Мацкевіч. — Ад нашай слабасці, ад нашай «немагчымасці», ад нашых канфліктаў і сварак. Пакуль у Беларусі няма рэальнай сілы, здольнай паставіць ўладу перад неабходнасцю ісці на нейкія захады, нічога не будзе. Улада па добрай волі гэтага не зробіць, і ніякай добры еўрапейскі дзядзька за нас гэта таксама не зробіць. Таму мы ў гэтым вінаватыя. І ад нас гэта залежыць, ад грамадзян. Гэта паняцце грамадзяніна: «Ад мяне залежыць». Я лічу, што гэта можна вырашыць, і трэба вырашыць. Без гэтага ніякіх зрухаў у сітуацыі не будзе», — заявіў Мацкевіч.

Падчас канферэнцыі дэлегаты і абмяркоўвалі, як выйсці з крызісу. Было шмат прапановаў: ад актывізацыі працы грамадзянскай супольнасці «на месцах», да больш жорсткага падыходу да пазіцыі некаторых арганізацый, якія сабатуюць прыняццё рашэнняў у межах Нацплатформы. Але рэалізоўваць гэтую ініцыятыву будзе ўжо новы склад Каардынацыйнага камітэту Нацплатформы ФГС УП.

Нагадаем, што створаны ў 2009 годзе ў Брусэлі ФГС УП першапачаткова задумваўся як пляцоўка для супрацоўніцтва структур Еўрасаюза і грамадскіх аб'яднанняў шасці краін-удзельніц «Усходняга партнёрства». Аналагічнай пляцоўкай, але толькі ў фармаце асобна ўзятай краіны, стала беларуская Нацыянальная платформа ФГС УП. Яна аб’яднала экалагічныя, праваабарончыя, моладзевыя, прадпрымальніцкія і культурна-асветніцкія грамадскія арганізацыі.

Каментаваць