Грамадзянская супольнасць здольная адказаць на выклікі часу

Гэтая ідэя лунала на пасяджэнні круглага стала “Грамадзянская супольнасць у абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі: ад "Зробім лепш!" да "Барані сваё!", што арганізаваны Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі і адбыўся 18 верасня ў Мінску.



Як адзначыў грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка, украінскі досвед паказаў, што нават у адносна больш дэмакратычнай дзяржаўнай мадэлі ані дзяржава, ані статусныя палітыкі спачатку не здолелі адказаць на выклікі незалежнай Украіне і пагрозу самому існаванню дзяржавы — гэта зрабіла ўкраінская грамадзянская супольнасць.

Для ўсіх, хто цяпер адбудоўвае ўкраінскую дзяржаўнасць, з’яўляюцца каштоўнасцямі мова, культура, гістарычная памяць і еўрапейскі выбар грамадства. У Беларусі сітуацыя значна цяжэйшая, чым ва Украіне, таму ўсведамленне небяспекі ды неабходнасці карэктаваць місію грамадзянскай супольнасці дасца няпроста. Працяглы час наша барацьба за нацыянальную ідэнтычнасць не сустракала разумення “старой Еўропы”. Моўныя і культурныя правы не ўваходзяць у першы шэраг правоў чалавека, якія адстойвае еўраатлантычны свет. Аднак украінскія падзеі даюць падставу пераасэнсаваць такія падыходы ў дачыненні да нашага рэгіёну “постсавецкай” Усходняй Еўропы. Культываванне беларушчыны азначае пашырэнне прасторы свабоды. Аднак на гэта здольнае толькі адказнае грамадства, а не далёкая ад дэмакратыі дзяржава”, — падкрэсліў Вінцук Вячорка.

На думку грамадскага дзеяча Вацлава Арэшкі, менавіта наяўнасць права на вольны выбар і іншых правоў вольнай асобы заўсёды адрознівала беларускі еўрапейскі свет ад “рускага свету”.

“Падпарадкаванне Расіі як крыніцы “рускага свету” заўжды спыняла ў Беларусі рух да свабоды і дэмакратыі, а існаванне “ачагоў” “рускага свету” ў сучасным беларускім грамадстве — галоўная перашкода для любых дэмакратычных пераўтварэнняў. Вось чаму існаванне незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай Беларусі абсалютна несумяшчальнае з “рускім свету”, бо ён стварае істотную пагрозу не толькі ў сферы мовы і культуры, але ўвогуле для фізічнага існавання беларускай дзяржавы і нацыі, якія не маюць механізмаў процідзеяння нарастаючай “рускамірнай” экспансіі . І толькі аб’яднаныя высілкі розных сектароў грамадзянскай супольнасці здольныя ствараць “новы мур” для абароны беларускай нацыі”, — лічыць Вацлаў Арэшка.

Сярод крокаў грамадства ў гэтай абароне ён назваў асэнсаваны выбар ў бок вольнай Еўропы, а таксама паступовае выцісканне “рускага свету” .

Сярод магчымых накірункаў для грамадскай працы Вацлаў Арэшка назваў адмаўленне ад інфармацыйнага прапагандысцкага смецця “рускага свету”, у тым ліку ад расійскіх сацыяльных сетак, ад “рускай” маскультуры і гісторыі, аддаючы прыярытэты беларускай нацыянальнай класічнай культуры ў літаратуры, выяўленчым мастацтве і музыцы, а таксама прадукцыі айчынных вытворцаў. “І самае важнае, без чаго немагчыма захаваць сваю ідэнтычнасць і сваю незалежнасць, а значыць, і сваю свабоду, гэта мова і нацыянальныя сімвалы — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Прычым, мова — падмурак нацыянальнай свядомасці, інструмент для напісання карціны свету і матэрыял для тварэння культуры, механізм, з дапамогай якога свой ​​аддзяляецца ад чужога, важнейшы сродак ідэнтыфікацыі ў еўрапейскай культурнай прасторы. А для “рускага свету” мова — асноўная зброя экспансіі. Менавіта абарона “рускамоўных”, а не грамадзян Расіі становіцца падставай для агрэсіі. Не абараніўшы беларускую мову, мы непазбежна страцім сваю краіну. І ўсе беларусы павінны карыстацца мовай сваіх продкаў, якая з’яўляецца дзяржаўнай, мовай тытульнай нацыі з абавязковымі сферамі яе прымянення”, — адзначыў Вацлаў Арэшка.

На яго меркаванне, беларусам трэба пачаць свой новы крыжовы паход за права “людзьмі звацца ...", каб бараніць сваё і пазбавіцца ад “рускай хваробы”.

На думку праваабаронцы  Алеся Бяляцкага, грамадскасць павінна актыўна і шырока выкарыстоўваць усе мажлівасці заканадаўства для пэўнага ўціску на дзяржаву ў справе пашырэння ўжытку беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця.

Аднак грамадская дзяячка Алена Анісім лічыць, што ў Беларусі адсутнічаюць неабходныя дакументы, што дазваляюць грамадзянам паспяхова бараніць свае моўныя правы. Вось чаму дзейнасць “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” па абароне моўных правоў палягае ў наступных кірунках: ціск з мэтай забеспячэння правамі, распрацоўка дакументаў рознага ўзроўню, а таксама папулярызацыя беларускай мовы,  як адзін са складнікаў гэтай праваабарончай дзейнасці.

Грамадскі дзеяч Пётра Садоўскі лічыць, што трэба даводзіць грамадству памылковасць так званай палітыкі інтэграцыі з Расіяй, асабліва ў эпоху глабалізацыі. Пра гістарычную каланізацыю, розную ментальнасць і еўрапейска-азіяцкія традыцыі партнёраў трэба гаварыць з падрыхтаванай аўдыторыяй, тлумачыць ёй розную прыроду “рускага свету” і беларускага свету. Незалежным грамадскім ініцыятывам перайсці да канкрэтных справаў, у тым ліку па падрыхтоўцы беларускамоўных юрыстаў-экспэртаў у гаспадарчым судаводстве (купля, арэнда, продаж замежным грамадзянам нерухомасці і зямлі).

Патрэбныя кампаніі ў незалежных СМІ па лёсавызначальных для большасці насельніцтва падзеях эканамічнага жыцця: акцыянаванне, прыватызацыя прадпрыемстваў (на прыкладзе Мінскага мотавелазавода) і практыка прымянення закона аб зямлі. Аналізу патрабуюць праблемы аплаты жыллёва-камунальных і медыцынскіх паслугаў, кошту праезду на грамадскім транспарце, платы за навучанне ў ВНУ, маёмасці грамадзянаў Расіі ў Беларусі, здачы ў арэнду лясных масіваў нерэзідэнтам, крэдытна-дэпазітных аперацый айчынных банкаў з улікам іх уласнага капіталу. Пры гэтым незалежная аналітычна-журналісцкая супольнасць павінна быць салідарнай і не супернічаць, а падтрымліваць і па-сяброўску спасылацца на папярэднікаў.

Пётра Садоўскі ўпэўнены, што нацыятворчая дзейнасць — не толькі патрыятычныя гутаркі, вечарыны і выставы, яна яшчэ  — у шэрай будзённай працы, якая кранае ўсіх жыхароў Беларусі.      

Грамадская дзяячка Тамара Мацкевіч зазначыла, што адукацыя — гэта не сфера паслугаў, а наймагутнейшы сродак пабудовы грамадзянскай супольнасці, захавання і перадачы нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, забеспячэння ўстойлівасці развіцця краіны, а ў выпадку Беларусі — захавання яе незалежнасці. І калі адукацыя не выконвае гэтай місіі, то развіваць яе губляе сэнс. На думку грамадскай дзяячкі, бясплатная падрыхтоўка якасных кадраў для больш багатых краінаў не можа быць мэтай адукацыйнай рэформы.

Тамара Мацкевіч падкрэсліла, што паколькі адукацыя ўсё больш сыходзіць у нефармальную сферу (самаадукацыя, курсы, рэпетытарства, праграмы для прафесійных груп і дыстанцыйнае навучанне), трэба выйграць на гэтым полі, а гэта значыць рабіць усё больш якасна, а таксама несці навучэнцам нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці.

Доктар мастацтвазнаўства Ірына Лаўроўская звярнула ўвагу на неабходнасць фіксацыі выпадкаў пераходу ў рукі расійскіх бізнэсоўцаў найбольш ласых кавалкаў зямлі ў гістарычных цэнтрах старажытных гарадоў Беларусі.

 

На думку музыкі Алега Хаменкі, незалежнасць Бацькаўшчыны з’яўляецца той каштоўнасцю, якая можа кансалідаваць вакол сябе беларускае грамадства.

                  

Падчас пасяджэння адбыліся прэзентацыі шэрагу акцый у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Зробім лепш!”, у тым ліку “Навучы сябра размаўляць па-беларуску” (кампанія “Мова ці кава”, Франак Вячорка); “Развадоўскі фэст” (Баранавіцкая суполка ТБМ, Віктар Сырыца); “Падрыхтоўка да адзначэння 500-х угодкаў Аршанскай бітвы” (грамадская ініцыятыва “Зьвяз”, Ворша, Ігар Казьмярчак); “Спадчына Вілейшчыны на фота” (грамадская ініцыятыва “Волат”, Вілейка, Ілля Якавюк).

Па выніках круглага стала прыняты зварот  “Місія грамадзянскай супольнасці Беларусі — яднанне грамадства на аснове каштоўнасцяў незалежнасці, свабоды, культуры і гістарычнай памяці”. Гэты зварот заклікае беларусаў бараніць сваё.

Каментаваць