Гродна. Запрашаем на духоўна-культурную вечарыну “Раство з беларускай паэзіяй”

Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by запрашае на духоўна-культурную вечарыну “Раство з беларускай паэзіяй”. Мерапрыемства адбудзецца 30 лістапада ў зале імя Яна Паўла II (будынак Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі, вул. Парыжскай Камуны,1).



Галоўнай тэмай вечара будуць калядныя матывы ў творчасці беларускіх паэтаў, а таксама тэма мацярынства, каштоўнасці чалавечага жыцця.

Падчас вечарыны выступяць гарадзенскія паэты (Л.А.Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога саюза пісьменнікаў, А.Д.Нікіпорчык, Г.С. Самойла, Т.М. Мазур), якія  прачытаюць свае вершы, прысвечаныя Раству Хрыстову.

Таксама можна будзе праслухаць дакалады А.В. Руцкай, дацэнта кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, якая распавядзе аб ролі сям’і ў станаўленні таленту, як Божага Дару, і С.М. Тарасавай, выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая выступіць з дакладам на тэму “Вобраз маці ў творах беларускіх паэтаў”.

Музычным аздабленнем вечара стане выступ жаночага камернага хору Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Л.М.Іконнікавай.

Падчас мерапрыемства можна будзе пабачыць выставу калядных паштовак з калекцыі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі”.

Адбудзецца таксама прэзентацыя серыі аўтарскіх паштовак “Раство з беларускай паэзіяй”. Віншавальныя паштоўкі створаны маладымі беларускімі графікамі-дызайнерамі, якія зірнулі на свята Раства праз прызму вершаў беларускіх паэтаў. Удзельнікі вечарыны змогуць не толькі набыць унікальныя віншавальныя паштоўкі, аздобленыя цытатамі з беларускіх вершаў, але і павіншаваць сваіх блізкіх і сяброў са святамі:  праз выязны кіёск “Белсаюздруку” можна будзе зрабіць адпраўленне набытых паштовак, для гашэння будуць выкарыстоўвацца маркі з каляднай тэматыкай.

Акрамя таго кожны з гасцей вечарыны атрымае ў падарунак кішэнны каляндарык з серыі “Палюбі жыццё” (Серыя  каляндарыкаў пабачыла свет дзякуючы намаганням валанцёраў grodnensis.by . Каляндарыкі утрымліваюць прыгожыя выказванні аб надзвычайнай вартасці і непарушнасці чалавечага жыцця ад  моманту зачацця).

Каментаваць