Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Грошы маюць уласцівасць заканчвацца, а нацыянальная ідэя — ніколі»

«Беларусь — край эканамічнага росквіту, сацыяльнай справядлівасці і грамадзянскай згоды». У гэты ідэальны вобраз, створаны ўладамі праз афіцыйныя СМІ, наіўна вераць шматлікія як тутэйшыя, так і замежныя грамадзяне. І, мяркую, хацелася б верыць кожнаму беларусу.

Але чамусьці няма наплыву ў наш «рай» інтэлектуальных, працавітых і прадпрымальных замежнікаў. Наадварот, бачым бясконца нарастальную плынь адтоку адмыслоўцаў і перспектыўнай беларускай моладзі ў блізкае і далёкае замежжа. Кошты на ўсе тавары і паслугі няспынна растуць, апярэдзіўшы еўрапейскія, а кішэні шараговых грамадзян пусцеюць. У кожнай краіне свету ўрады клапоцяцца пра нацыянальную ідэнтыч­насць, а ў нас увачавідкі знікае мова тытульнай нацыі. Штосьці тут не так. Пра гэта ўжо задумваюцца нават звычайныя абывацелі, якіх, здавалася, не цікавіў лёс нацыі і незалежнасці краіны.

Неабвешчаная грамадзянская вайна

Перад намі «Каралеўства крывых люстэркаў», створанае 22 гады таму, калі на дэмакратычнай хвалі, спекулюючы постсавецкай сацыяльнай неўладкаванасцю грамадзян, ва ўладзе апынуліся папулісты на чале з першым кіраўніком дзяржавы. Парадаксальна, несправядліва, прыкра, але факт: вярхоўнае кіраванне атрымалі не змагары за годнасць нацыі і незалежнасць, дзякуючы якім у 1991 годзе была адноўлена дзяржаўнасць краю ў форме Рэспублікі Беларусь, а яе праціўнікі, не абцяжараныя такім клопатам. Апынуўшыся ва ўладзе, «маладыя ваўкі» праз наяўныя дэмакратычныя рычагі першым чынам адрынулі гэту не балючую ім праблему і ўмацавалі да таго ж існыя «царскія» паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі.

Узброіўшыся вынікамі праведзенага імі незаконнага і спекуляцыйнага рэферэндуму, была цалкам узурпаваная ўлада ў краіне з далейшай трансфармацыяй Канстытуцыі 1994 года і выбарчага заканадаўства. Усімі дзяржаўнымі СМІ разгарнулася шалёная антынацыянальная кампанія, скіраваная на выбіванне глебы з-пад ног асноўнага апанента — былой апазіцыі ў Вярхоўным Савеце і сапраўды патрыятычных грамадзян. З экранаў тэлебачання — самага дзейснага тады СМІ — апалагеты ўлады атрутай пырскалі, абмяркоўваючы адчайныя акцыі грамадзянскага супраціву. Гнюсна бэсціліся нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

Гістарычна справядлівы і заканамерны працэс адраджэння беларускай нацыянальнай дзяржавы фактычна прыпыніўся. Пачалася і доўжыцца па сёння неабвешчаная грамадзянская вайна. Нахабна, цынічна, бескампрамісна. Сілы выключна няроўныя. Ва ўлады ўсё ў руках — фінансы краіны, адзінадушны парламент, сілавыя структуры (дарэчы, большыя, чым у суседняй Польшчы з яе 38 мільёнамі насельніцтва), судовая сістэма.

У грамадзян жа — толькі сіла асабістай волі і салідарнасць. На гэтым ужо не прыхаваным фронце ёсць шматлікія людскія ахвяры з боку апазіцыі ўладзе, перад усім у асобах Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, Генадзя Карпенкі, Алега Бябеніна, Анатоля Майсені… А колькі было асуджана да турэмнага зняволення (сярод іх нябожчык прафесар Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч і іншыя), аштрафавана… Колькі негалосна падпалі пад люстрацыю ды змушана пакінулі радзіму?.. Тысячы і тысячы! Шматвектарная рэпрэсіўная машына набірае абароты. Як трапна ахарактарызаваў Зянон Пазьняк, метадычна «скошваецца» нацыянальная эліта.

Паслядоўна знішчаецца і асноўная база нацыянальнага адраджэння — беларускамоўная адукацыя на ўсіх узроўнях (ад дзіцячага садка да вышэйшай навучальнай установы). На гэтым кірунку фронту хутка поўная зачыстка. Колькасць першакласнікаў краіны, якія зараз навучаюцца на беларускай мове, складае крыху больш за 10%, у той час як у 1993–1994 навучальным годзе іх было 76%. І дагэтуль няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, а на беларускай мове навучаецца блізу 0,1% студэнтаў.

Адзіны прарыў у грамадскасці — па лініі Курапатаў. У каторы раз жывым шчытом удалося адстаяць гэту сакральную выспу беларускай зямлі ад далейшай забудовы і здзеку з памяці продкаў.

Амаль адзіны шанец…

Апошнія падзеі ў краіне, асабліва на Дзень Волі 25 сакавіка, калі тысячы людзей і без лідараў (яны былі прэвентыўна нейтралізаваныя спецслужбамі) праз татальную міліцэйскую блакаду цэнтра Мінска выйшлі на пратэст, паказалі, што ліквідаваць імкненне да волі, пагасіць нацыянальны патрыятызм у грамадстве немагчыма.

Грошы маюць уласцівасць заканчвацца, а вось нацыянальная ідэя — ніколі. Сістэматычны недазвол грамадзянам карыстацца канстытуцыйным правам выказаць публічна сваю думку і практычна загон іх (па вядомай кваліфікацыі «адмарозкаў») у стойла (аўтазакі) пад звон шчытоў і дубінак АМАПу ўрэшце змушае апанентаў улады шукаць іншыя сродкі дзеля абароны сваёй годнасці. Выпрабаваная гісторыяй беларуская цярплівасць, як навукоўцы кажуць, адносны кантынууму (ад лац. сontinuum — непарыўны, суцэльны), мае пэўныя межы. Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» — адзін з кранутых уладамі дэтанатараў. Узгадайма Янку Купалу: «Я — мужык, а гонар маю, гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю, але скора загукаю…». Купала — прарок.

Нельга здзекавацца з нацыянальных пачуццяў народа і выпрабоўваць яго трыванне. Ёсць яшчэ шанец, лічу, адзіна правільны — сесці за стол перамоваў кіраўнікам улады і «непрымірымай» апазіцыі. Менавіта з апошняй павінны весціся ўладамі дыялог, паколькі ўсе астатнія грамадскія аб’яднанні (БРСМ, Белая Русь, афіцыйныя прафсаюзы і г. д.) апякуюцца дзяржавай і прадстаўлены ў яе кіроўных органах. І ключавымі пытаннямі да разгляду мусяць быць агучаныя на апошніх акцыях пратэсту грамадзян краіны: 1) змены ў Законе аб выбарах; 2) датэрміновыя і дэмакратычныя выбары ўладаў усіх узроўняў.

Нават на гарачым фронце перамоўны спосаб дасягнення міру найбольш паспяховы. Інакш напружанне ў грамадстве не вытрымае, і будзе ўшчэнт зруйнаваны наш агульны дом — Беларусь. Рэшткамі яго скарыстаецца хто заўгодна, але толькі ні адзін з варажнечых бакоў. У новага «ўрада» будзе функцыя неганаровага правінцыйнага кіравання, а «электарату» застанецца пастаўляць пушачнае мяса на пагашэнне гарачых міжімперскіх канфліктаў. Эканамічнае працвітанне правінцыі, як правіла, не свеціць.

Тое, што ў цяперашняга кіраўніцтва ёсць пачуццё самазахавання, яскрава паказала нядаўняе далучэнне Міністэрства культуры да грамадскай акцыі па абароне месца масавых пахаванняў і ўвекавечанні памяці ахвяраў Курапацкай трагедыі. Няхай знянацку, змушана, няшчыра (вядомыя «мудрыя» хітрыкі), але гэта ўжо пэўны крок на шляху да нацыянальнай згоды.



Каментаваць