Студэнты патрабуюць прывязаць кошт навучання да ўзроўню інфляцыі

Група беларускіх студэнтаў пачала грамадскую інтэрнэт-кампанію з патрабаваннем прывязаць кошт навучання да ўзроўню інфляцыі ў краіне. 25 красавіка з'явіўся сайт obraschenie.vv.si, які прысвечаны гэтай кампаніі.



Як паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізатараў кампаніі, студэнты хочуць, каб "змяненне кошту платнага навучання ва ўсіх навучальных установах краіны з 2013 года было прывязана выключна да фактычнай і запланаванай інфляцыі ў краіне і праходзіла адзін раз на год". Падчас кампаніі плануецца сабраць і накіраваць 10.000 электронных зваротаў на імя прэзідэнта Беларусі і міністра адукацыі.
 

Студэнты заклікаюць усіх неабыякавых грамадзян, якіх хвалюе гэтая праблема, далучыцца да кампаніі — дапамагчы распаўсюдзіць інфармацыю пра яе ў сацыяльных сетках.
 

У электронным звароце зазначаецца, што ў вышэйшых навучальных установах Беларусі навучаюцца прыкладна 445.000 студэнтаў. З іх амаль 290.000 (65%) вучацца на платнай аснове. З верасня 2010 года па красавік 2013 года кошт навучання на платнай аснове павялічваўся і пералічваўся дзевяць разоў. Апошняе павелічэнне адбылося ў красавіку 2013 года. Як зазначаюць аўтары звароту, кошт навучання павялічыўся прыкладна ў тры разы.
 

"Пастаяннае павышэнне кошту платнага навучання негатыўна адбіваецца на бацьках студэнтаў, якія ў асноўным аплачваюць іх навучанне, таму што бацькі не могуць планаваць расходы на адукацыю з-за іх пастаяннага павелічэння. Усё больш і больш бацькоў вымушаны забіраць дакументы сваіх дзяцей з ВНУ ці браць дарагія крэдыты на навучанне. Усё гэта ўказвае на адсутнасць эканамічнай стабільнасці і ўпэўненасці студэнтаў і бацькоў у заўтрашнім дні", — гаворыцца ў звароце, падпісаць які прапаноўвае група актывістаў.

 

Каментаваць