Хто адродзіць Віцебск?

Амерыканскі бізнесмен выказаў жаданне фінансаваць праект па адраджэнні гістарычнай часткі Віцебска. Пра гэта паведаміў 18 мая ў Мінску на прэс-канферэнцыі старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі, кіраўнік архітэктурнай творчай майстэрні Леанід Левін.



Амерыканскі бізнесмен выказаў жаданне фінансаваць праект па адраджэнні гістарычнай часткі Віцебска. Пра гэта паведаміў 18 мая ў Мінску на прэс-канферэнцыі старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай прэміі, кіраўнік архітэктурнай творчай майстэрні Леанід Левін.

Падчас нядаўняй паездкі ў ЗША ён пазнаёміўся з буйным амерыканскім прадпрымальнікам грэчаскага паходжання, які зацікавіўся праектам «Залатая спадчына Віцебска». Паводле слоў Левіна, найбліжэйшым часам амерыканскі прадпрымальнік прыбудзе ў Беларусь для больш дэталёвага азнаямлення з праектам і яго ініцыятарамі.

Старшыня саюза таксама паведаміў, што на днях Міністэрства юстыцыі зарэгістравала міжнародны фонд «Залатая спадчына Віцебска», сярод заснавальнікаў якога сам архітэктар, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін і генеральны дырэктар СТАА «Марка» (Віцебск) Мікалай Мартынаў.

Левін лічыць, што фонд як грамадская арганізацыя зможа прыцягнуць сродкі, неабходныя для рэалізацыі праекта, распрацаванага дзвюма творчымі майстэрнямі, — яго і «Арх-сіці» (Віцебск).

Гаворка ідзе пра рэканструкцыю гарадскога квартала змешанай забудовы XVIII–XIX стагоддзяў плошчай каля 50 гектараў, размешчанага паміж чыгуначным вакзалам і ракой Заходняя Дзвіна. Уваходам у гэты квартал з’яўляецца Полацкая плошча з помнікам Марку Шагалу, а цэнтрам — вуліца Пакроўская, дзе нарадзіўся вялікі мастак.

Аўтары праекта маюць намер максімальна перадаць дух канца XIX — пачатку XX стагоддзяў і гістарычнае асяроддзе, дзе жыў і тварыў Шагал і іншыя вядомыя прадстаўнікі Віцебскай мастацкай школы. У рэканструяваным квартале будуць створаны музеі, навучальныя ўстановы мастацтваў, галерэі і выставачныя залы, у якіх еўрапейскія мастакі змогуць не толькі экспанаваць свае працы, але і праводзіць пленэры. Акрамя таго, праект уключае жылую, гандлёвую і гасцінічную зоны, а таксама аўтастаянкі, якія дазволяць забяспечыць увесь спектр турыстычных паслуг для гараджан і гасцей Віцебска.

БелаПАН

Каментаваць