Хто каго падстаўляе ?

Здаецца, што беларускага правадыра проста «падстаўляюць». Прычым «падстаўляюць» на самым вышэйшым узроўні. Прынамсі, узнікае ўражанне, што нейкі «пацук» вырыў сабе прытулак каля Аляксандра Рыгоравіча.

Не тое, каб я так моцна клапаціўся пра прэзідэнта. Пра яго ёсць каму паклапаціцца і без мяне. Але ж на сумныя думкі наводзяць навіны. Глядзіце самі.



Здаецца, што беларускага правадыра проста «падстаўляюць». Прычым «падстаўляюць» на самым вышэйшым узроўні. Прынамсі, узнікае ўражанне, што нейкі «пацук» вырыў сабе прытулак каля Аляксандра Рыгоравіча.

Не тое, каб я так моцна клапаціўся пра прэзідэнта. Пра яго ёсць каму паклапаціцца і без мяне. Але ж на сумныя думкі наводзяць навіны. Глядзіце самі.

Пасланне Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, раней запланаванае на 19 красавіка, перанесена на пазнейшы тэрмін. Кіраўнік дзяржавы адхіліў праект паслання, падрыхтаваны дзяржаўнымі органамі, і адправіў яго на дапрацоўку.

У частцы, якая датычыцца знешнепалітычных падыходаў, прэзідэнт «выказаўся супраць залішне жорсткіх мер рэагавання на праблемы, што ўзні­каюць ва ўзаемаадносінах Беларусі са сваімі партнёрамі».

Наконт знешнепалітычных падыходаў Аляксандр Рыгоравіч выказаўся ясна — ніякіх жорсткіх мер. І нават вызваліў Саннікава і Бандарэнку. Але кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей назваў «поўным абсурдам» меркаванні, якія выказваюцца ў СМІ, аб тым, што, выпусціўшы экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і сябра яго каманды Дзмітрыя Бандарэнку, беларускія ўлады ствараюць умовы для вяртання паслоў Еўрасаюза ў Мінск.

Макей сцвярджае: «Ніякага вызвалення пад націскам не будзе. Ніякай рэабілітацыі па еўрасаюзаўскаму загаду — таксама не будзе. Гэта ўсе павінны добра разумець. Але нават тыя ж самыя адпушчаныя былыя зняволеныя ў сваіх хадайніцтвах чорным па белым напісалі аб прызнанні сваёй віны і аб раскаянні».

З аднаго боку — Лукашэнка кажа пра «залішне жорсткія меры». А з іншага — Макей выстаўляе ўльтыматум дыпламатам. Ну куды ж такое?

Другая навіна. Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці спынена дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая арганізавала канал нелегальнай міграцыі з краін з тэрарыстычнай актыўнасцю. Як паведамляе Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі, у выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у полі зроку супрацоўнікаў УКДБ трапілі двое жыхароў Свіслацкага раёна, якія, выкарыстоўваючы сувязі ў крымінальным свеце і веданне становішча на дзяржаўнай мяжы Беларусі з Польшчай, арганізавалі канал нелегальнай міграцыі грамадзян Афганістана ў краіны Заходняй Еўропы.

Як паведамляе ЦІГС КДБ, цяпер назіраецца актывізацыя дзейнасці арганізатараў каналаў нелегальнай міграцыі з краін з тэрарыстычнай актыўнасцю ў дзяржавы Еўропы. Гэтыя каналы маюць у тым ліку экстрэмісцкую і тэрарыстычную скіраванасць, пра што сведчаць паказанні затрыманых, а таксама іх мінулае.

Так, мы заўсёды — і не без падставаў — ганарыліся тым, што з’яўляемся «надзейным замком» на Захад. Заслонай на мяжы наркатрафіку, нелегальнай міграцыі, тэрарызму, гандлю людзьмі.

Але не паспела гэтая навіна прыйсці, як крыніца ў Дзяржаўным пагранічным камітэце паведаміла БелаПАН: «Ва ўмовах санкцый з боку Еўрапейскага саюза Беларусь пераглядае свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з краінамі ЕС. Улічваючы цяперашнюю сітуацыю і зыходзячы са сваіх магчымасцяў, беларускае пагранведамства пераходзіць да ажыццяўлення аховы мяжы (кантрабанда, нелегальная міграцыя і гэтак далей) па такім жа прынцыпе, якім кіруюцца краіны-суседзі».

Гаворка ідзе аб тым, што прыярытэт будзе аддадзены кантролю за ўездам у Беларусь, тады як раней намаганні па забеспячэнні пагранічнай бяспекі на ўезд і выезд былі размеркаваныя раўнамерна.

Ужо цяпер вядома, што для ўзмацнення аховы ўчастка мяжы з Украінай, з мэтай прадухілення кантрабанды і напярэдадні футбольнага чэмпіянату «Еўра–2012» туды перакідваецца частка сіл і сродкаў органаў пагранслужбы з заходняга і паўночна-заходняга ўчасткаў мяжы.

«Такую рэч, як мяжа, палітызаваць небяспечна, але цяпер нас паставілі ў такія ўмовы. Любыя санкцыі ў першую чаргу адбіваюцца на мяжы. Раней мы вельмі шмат працы рабілі за нашых заходніх калегаў, якія дазваляюць сабе байкатаваць. Часта яны толькі атрымлівалі ад нас інфармацыю аб тым, што мы кагосьці не прапусцілі, прадухілілі ўвоз на іх тэрыторыю чагосьці. З санкцыямі яны трапілі ў сваю ж пастку. Таму што цяпер пытанні бяспекі мяжы давядзецца пераглядаць з улікам нашых рэальных магчымасцяў і працаваць, як працуюць яны, — на ўезд. Пры гэтым, зразумела, свае пытанні бяспекі на мяжы на выезд з краіны пагранведамства будзе забяспечваць у поўным аб’ёме», — заявіла крыніца ў пагранведамстве Беларусі.

Зараз і Еўрасаюз, і польскі бок могуць узгадаць, колькі ж грошай яны ўклалі ў беларускую мяжу. Вядома, што і самі памежныя пераходы, і іх мадэрнізацыя рабіліся за грошы Еўрасаюза. Гэта ні для каго не сакрэт. І ўсё адно мы чуем пра чарговыя карупцыйныя скандалы на мяжы, пра кантрабанду. І гэтак далей.

Акрамя таго, крыніца БелаПАНа звярнула ўвагу на тэхнічныя аспекты аховы польскага ўчастка мяжы. Дзейная там з савецкіх часоў сістэма даўно вычарпала свае рэсурсы і патрабуе замены на больш сучасную, адзначыў суразмоўца. Толькі на яе ўтрыманне ў год расходуецца 3 мільярда рублёў. Пры гэтым камплектуючыя да такой сістэмы даўно не вырабляюцца. Хоць, паводле слоў суразмоўцы агенцтва, польскі бок гэта шматпрофільная эшаланаваная сістэма вельмі задавальняе. Сама ж Польшча на мяжы з Беларуссю мае толькі «лёгкую» сістэму аховы.

І за ўсе гэтыя грошы мы не маглі наладзіць сучасную ахову мяжы? Выбачайце! Калі памежнікі працуюць у такіх умовах — маё ім спачуванне.

Вас, Аляксандр Рыгоравіч, «падстаўляюць».
 

Каментаваць