Хто на новенькага?

Апошнім часам агучваецца нямала ідэй па стварэнні ценявога ці альтэрнатыўнага ўраду па-за межамі краіны. Але калі апазіцыйныя сілы не змаглі дагрукацца да людзей тут, дык няўжо яны змогуць гэта зрабіць адтуль? А можа, размова пра захаванне сябе, набыццё пэўнага статусу?

Змяніць сітуацыю ўнутры краіны могуць толькі беларусы, а ім патрэбныя адчувальная прапанова і рэальны вынік. Слухаць заклікі з-за мяжы будзе толькі невялікая групоўка ўсё тых жа апазіцыйна настроеных да ўлады людзей. Астатнім закардонныя енкі да лямпачкі.

Апошнім часам агучваецца нямала ідэй па стварэнні ценявога ці альтэрнатыўнага ўраду па-за межамі краіны. Але калі апазіцыйныя сілы не змаглі дагрукацца да людзей тут, дык няўжо яны змогуць гэта зрабіць адтуль? А можа, размова пра захаванне сябе, набыццё пэўнага статусу?

Змяніць сітуацыю ўнутры краіны могуць толькі беларусы, а ім патрэбныя адчувальная прапанова і рэальны вынік. Слухаць заклікі з-за мяжы будзе толькі невялікая групоўка ўсё тых жа апазіцыйна настроеных да ўлады людзей. Астатнім закардонныя енкі да лямпачкі.

Паводзіны беларускай апазіцыі ўжо выклікаюць пытанні не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі. Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс у інтэрв’ю няўрадавымі цэнтру «Cernegie» выказаў рэзкую крытыку на адрас апазіцыйнага руху. «Я на самай справе стаміўся ад падтрымкі планаў беларускай апазіцыі. Апазіцыя раздробленая. У яе няма ніякай выразнай лініі па падрыхтоўцы да наступных выбараў, — сказаў Ажубаліс. — Я бачу адзін даволі адчайны шлях. Разам з нашымі сябрамі ў Амерыцы нам трэба пачынаць думаць пра пераходны савет. Мы павінны стварыць альтэрнатыўны цэнтр сілы. Такая паралельная структура магла б знайсці водгук у краіне. Гэта ідэя, але пакуль ніякай рэакцыі на яе з Брусэлю не было».

Яшчэ раней шэраг дзеячаў беларускай культуры і палітыкаў выступілі з адкрытым лістом «Аб сучаснай ролі Рады БНР». «Прызнаючы права любога грамадзяніна любой дзяржавы мець сваё меркаванне адносна ўсяго, што адбываецца ў Беларусі, мы таксама маем сваё меркаванне адносна падобных заклікаў. Замежная ініцыятыва ў гэткім важным і цалкам беларускім пытанні ставіць пад сумнеў здольнасць беларусаў самім вызначыцца ва ўласным лёсе. Сітуацыя ў Беларусі напружаная, канфліктная, але яна павінна быць вырашаная ўнутры краіны», — падкрэслівалі падпісанты ліста. Яны ж нагадвалі, што падобнае прадстаўніцтва Беларусі па-за межамі краіны даўно існуе (гэта Рада Беларускай Народнай Рэспублікі) і пладзіць новыя ўтварэнні няма сэнсу.

А на гэтым тыдні стала вядома, што былыя супрацоўнікі сілавых ведамстваў Беларусі ініцыююць аргкамітэт па стварэнні пераходнага ўрада. У Вільні ўжо адбыўся сход аргкамітэта, у бліжэйшы час будуць апублікаваныя яго прынцыпы барацьбы, мэты і задачы. Ініцыятарамі, мяркуючы па ўсім, з’яўляюцца былы палкоўнік спецназа Уладзімір Барадач і былы маёр КДБ Ануфрый Рамановіч. Уладзімір Барадач у 1999 годзе ўваходзіў у каманду Міхаіла Чыгіра, меў дачыненне да стварэння Саюза беларускіх афіцэраў (на чале з генералам Юрыем Захаранкам), які мусіў стаць сілай, што супрацьстаяла б Лукашэнку. Жыве ў эміграцыі.

Унутры Беларусі гэтую інфармацыю, як, зрэшты, і раней агучаныя намеры стварыць урад у выгнанні пад кіраўніцтвам экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, успрымаюць з асцярогай і скептыцызмам. Так, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзькі заўважыў, што скарачэнне ў Беларусі колькасці офісаў па працы з грамадзянамі і, адпаведна, павелічэнне офісаў, ценявых структур за мяжой ёсць трывожным знакам.

«Я так разумею, што ўсе інстытуцыі за мяжой ствараюцца ў першую чаргу для працы з чыноўнікамі ў Еўропе, а потым ужо з арыенціроўкай на краіну. Але я не разумею, як могуць працаваць нейкія ценявыя структуры за межамі Беларусі з прэтэнзіяй, што на самай справе яны з’яўляюцца рэальнай палітычнай сілай унутры краіны», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Крытычна да гэтай інфармацыі ставіцца і лідар адраджэнскага руху пачатку 1990-х Зянон Пазьняк. «Я ведаю Уладзіміра Барадача як чалавека вельмі прыстойнага і сумленнага афіцэра. І вось таму, што ён сумленны афіцэр, ён можа падпадаць пад уплыў пэўных «прагрэсіўных думак». Прагрэсіўных, таму што яны ўспрымаюцца, і думаю, тут без гэтага не абышлося, — пракаментаваў новыя ініцыятывы Радыё «Свабода» Зянон Пазняк. — Я размаўляў з Ажубалісам, сустракаўся з ім, гэта талковы, разумны чалавек. І канешне, вельмі дзіўна чуць такую заяву з вуснаў міністра замежных спраў іншай дзяржавы. Такое мог сказаць нейкі беларускі палітычны эмігрант, гэта нармальна было б... Цяпер у гэтай пустаце робяцца такія дзіўныя заявы, такая дзіўная палітыка, і ствараецца ў масах у Беларусі меркаванне, што іх нехта выцягне за валасы з гэтага балота. З гэтага балота можам выйсці толькі мы самі. Толькі беларусы самі».

Досвед трансфармацый у посткамуністычных краінах Еўропы паказвае, што дэмакратычныя ўнутраныя рухі мелі падтрымку звонку. Але абапіраліся яны найперш на людзей унутры краіны, людзей, якія былі вядомыя абывацелям, з кім звязвалі спадзяванні на перамены. Ухвальнае жаданне палітуцекачоў рабіць нешта для Беларусі, аднак ім варта было б цвяроза глядзець на сітуацыю ўнутры краіны. І памятаць, што шанец на давер абывацеля мае той, хто знаходзіцца побач, а не за тысячы кіламетраў.

Для еўрапейскіх палітыкаў, як і для саміх беларусаў, многа гадоў застаецца загадкай, чаму ў такім бядотным стане апазіцыя не можа аб’яднацца, пачаць працаваць супольна на адзіную мэту, а не займацца піярам і прадстаўніцтвам кожнай асобнай структуры. Можа, таму, што, як у той прымаўцы, дзе ёсць тры беларусы — там партызанскі атрад і здраднік? Такая яна, складаная беларуская душа...

Каментаваць