Хто «шарахне» першы?

Па краіне ўспыхваюць лакальныя акцыі пратэсту. Традыцыйна мёртвы ў плане палітычнай і сацыяльнай актыўнасці летні сезон гэтым разам прыносіць ці не штодня сюрпрызы ўладам.

Па краіне ўспыхваюць лакальныя акцыі пратэсту. Традыцыйна мёртвы ў плане палітычнай і сацыяльнай актыўнасці летні сезон гэтым разам прыносіць ці не штодня сюрпрызы ўладам.

Вечарам 12 чэрвеня на памежным пераходзе «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы беларусы выступілі з пратэстам супраць уведзеных абмежаванняў на вываз за мяжу паліва і тавараў. Справа дайшла да сутычкі з АМАП. Прыкладна 200 чалавек перакрылі ўезд аўтатранспарту на гэты пункт пропуску. Яны выставілі патрабаванне сустрэцца з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. На месца канфлікту прыбылі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, кіраўнікі абласных УУС, УКДБ, пракуратуры і мытні.

Аднак мірным шляхам супярэчнасці не былі вырашаныя. АМАП, нягледзячы на актыўны супраціў, адціснуў натоўп, а найбольш актыўных запіхнулі ў аўтазакі. На 22 асобы былі складзеныя пратаколы паводле артыкула 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і артыкула 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання) КоАП. Незадаволеных пакаралі вялікімі штрафамі. Прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта распаўсюдзіла інфармацыю, што затрыманым у пункце міжнароднага пропуску «Брузгі» ўдзельнікам і арганізатарам беспарадкаў будзе абмежаваны выезд з Беларусі. Дарэчы, відавочцы гавораць, што супрацоўнікі міліцэйскага спецназа збівалі затрыманых у аўтазаку, а да таго прымянілі слязісты газ, каб разагнаць незадаволеных вадзіцеляў. Аднак міліцыянты пярэчаць, сцвяджаюць, нібыта газ распыліў нехта з удзельнікаў акцыі пратэсту.

На сходзе ў Гродзенскім аблвыканкаме старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра асудзіў дзеянні пратэстоўцаў на памежным пераходзе «Брузгі». Патрэбу абмежаваць вываз бензіну ён патлумачыў тым, што яго вытворчасць у краіне, па сутнасці, стратная. «Тое, што ўчора адбылося, — гэта ганебнае сярэднявечча. Пытанні ёсць, іх трэба вырашаць такім чынам: вы іх задаяце, мы павінны адказваць. Усе мы тут нармальныя людзі, дарэчы, з зямлі прыйшлі, не з неба ўпалі. Мы бачым, што вы прыносіце ў эканоміку валюту, вы даяце станоўчы эфект, — заявіў чыноўнік прадпрымальнікам падчас сустрэчы. — Я вам на пачатку размовы сказаў, што да мяне даходзіць інфармацыя, што на нейкім пераходзе таксама будуць паказваць непадпарадкаванне. Я ясна сказаў: калі будзе перакрыты рух, то я ні за каго не хаваюся, ніякіх кансультацый і перагавораў, ніякіх выклікаў губернатара — тут жа АМАП — і навесці парадак!»

Ні дня без акцый, вырашылі беларусы. І на наступны дзень арганізавалі падобны пратэст у Брэсце на памежным пераходзе «Варшаўскі мост». Старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар прыехаў на пераход і паабяцаў, што «будзе інфармаваць Мінск аб сітуацыі на мяжы».

З 11 чэрвеня ў Беларусі дзейнічаюць абмежаванні на вываз фізічнымі асобамі аўтамабільнага паліва. Паліва, якое вывозіцца больш за адзін раз на працягу пяці сутак за межы Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, абкладаецца экспартнай пошлінай. З 12 чэрвеня ўстаноўлена забарона і спецыяльны збор на вываз асобных тавараў за межы Мытнага саюза. Гэтыя рашэнні ўлады тлумачаць неабходнасцю абароны спажывецкага рынку ва ўмовах крызісу. Аднак у памежных гарадах і мястэчках многія людзі зарабляюць на жыццё менавіта гандлем таварамі, таму забарона істотна ўдарыла па магчымасці папаўняць сямейныя бюджэты.

Юрый жыве ў Брэсце, ён адмыслова набыў мікрааўтобус, каб вазіць салярку ў Польшчу, там прадаваць, а назад прывозіць пральныя парашкі, тэхніку і гэтак далей. «За суткі раней можна было некалькі разоў праехаць, потым, з-за таго, што многа машын гоняць, адзін раз ездзіў — чэргі былі вялікія. Зараз чэргаў няма, пасля ўвядзення абмежаванняў невыгодна стала ездзіць, набыццё аўтобуса акупіць не атрымаецца, — расказвае транспамежны гандляр. — Учора прыехаў на «Варшаўку» паглядзець, можа што змянілася, убачыў амапаўцаў, пачакаў трохі і скіраваўся назад, каб вярнуцца праз пяць дзён, як прадугледжана новаўвядзеннямі, бо ведаў, што ў Гродна амапаўцы ўсіх разагналі. Зараз усе будуць чакаць яшчэ тыдзень, як паабяцаў Сумар...»

Улады Беларусі мусяць рэагаваць на падобныя «выбрыкі» электарату. Закранутыя за жывое, за ўласныя інтарэсы, шараговыя беларусы ўяўляюць сабой адрозную ад апазіцыі сілу. На маршы прадпрымальнікаў зімой 2008 года ў сталіцы раз’ятраныя цёткі ў норкавых футрах і моцныя дзецюкі ў кажухах неслі куды большую пагрозу ўладзе, чым дзясятак-другі ідэйных юнакоў з «Маладога фронту». Дарэчы, тады і пакаралі за вулічную акцыю менавіта моладзь, за якой не стаіць сцяна ўсенароднага гневу.

Аляксандр Лукашэнка на пратэстныя ўспышкі адно змог адказаць пагрозай «шарахнуць». Эканамічнай стабільнасцю крыць не атрымліваецца. «Ладзяць там забастоўкі, што ім не дазволілі за бесцань вывозіць паліва, цыгарэты, іншыя тавары. Раней такіх называлі спекулянтамі. Яны ж і ёсць спекулянты», — сказаў ён. «Гэта — так званая рынкавая эканоміка... Нідзе гэтага няма, а ў нас гэты рынак насаджаюць», — адзначыў Лукашэнка. «Я што, на гэта глядзець буду?» — прыгразіў кіраўнік дзяржавы. Канструктыўных рэкамендацый і меркаванняў, як даць людзям зарабляць на жыццё, не прагучала.

Незадаволенасць дзейсным кіраўніцтвам дзяржавы складваецца ў агульную карціну і з эмпірычных, і з даследчых фактаў.

У Беларусі адбылося рэзкае пагаршэнне матэрыяльнага становішча насельніцтва. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання, праведзенага 10–20 мая 2011 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). Амаль палова апытаных (40,3%) заявілі, што заробленыя грошы «ледзь дазваляюць» нармальна харчавацца. Амаль чвэрць беларусаў (24,2%) не можа сабе дазволіць набываць адзенне і абутак і 51,3% ледзь дазваляюць сабе гэта рабіць. За правядзенне рынкавых рэформаў выступілі 66,7% апытаных. У праблемах з замежнай валютай палова апытаных вінавацяць улады, якія праводзяць дрэнную эканамічную палітыку.

Напачатку чэрвеня Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў, што інфляцыя ў маі ў параўнанні са снежнем 2010 года вырасла на 25,4%. Напрыканцы мая была праведзеная дэвальвацыя рубля амаль на 55%, а намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў, што ўрад плануе рост інфляцыі да канца года на ўзроўні 33–39%. Сітуацыю ў краіне чыноўнік ахарактарызаваў як «дастаткова складаную». «У нас рэзкая дэвальвацыя справакавала інфляцыю, таксама даволі высокую», — сказаў намеснік міністра эканомікі.

Не падзяляе грамадства і пазіцыю ўлады наконт затрыманых і асуджаных удзельнікаў акцыі пратэсту ў снежні 2010 года. Паводле апытання НІСЭПД, 28% рэспандэнтаў мяркуюць, што асуджаныя ні ў чым не вінаватыя, амаль 25% сказалі, што абвінавачаным вынеслі занадта суровыя прысуды, і прыкладна столькі ж прытрымліваюцца думкі, што прысуды адпавядаюць віне.

Пытанні наконт выбуху ў метро паказалі, што міфу пра стабільнасць больш не існуе: 69,5% рэспандэнтаў упэўненыя, што тэракты ў Беларусі могуць паўтарыцца ў будучыні. Больш за палову апытаных (54,7%) не вераць у афіцыйную версію здарэння. Паводле дадзеных сацапытання, 22,4% рэспандэнтаў выказаліся, што да тэракту ў мінскім метро датычныя беларускія ўлады, а 24% мяркуюць, што наступствы выбуху найбольш выгадныя беларускім уладам.

Цікава, што на пытанне «Калі масавыя выступы, акцыі пратэсту, страйкі адбудуцца ў населеным пункце, дзе вы жывяце, вы асабіста прымеце або не ў іх удзел?» 8,2% рэспандэнтаў адказалі станоўча, 76,5% — адмоўна, а 15,3% не змаглі вызначыцца з адказам. Аднак грамадзянскія пратэсты ўспыхваюць па ўсёй краіне, хаця пакуль і не ў катастрафічных маштабах. У сацыяльных сетках па-ранейшаму ідзе заклік выходзіць на цэнтральныя плошчы гарадоў кожную сераду, і гэтая ідэя знаходзіць новых прыхільнікаў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што апазіцыі пакуль не час актыўна ўмешвацца ў працэс, але тое, што адбываецца, яму падабаецца.

«Сітуацыя мае перспектыву, іншую якасць, чым раней. Тое, што адбываецца, мне падабаецца. Калі інтарэсы адстойвае толькі арганізаваная апазіцыя, то гэта для ўлады прагназуема: людзі на ўліку і ўлады падрыхтаваныя. Калі ж працэс ідзе ад неарганізаваных груп, то ўладам трэба час для адаптацыі, каб наладзіць кантроль, мабілізаваць рэсурсы. Тыя акцыі, што мелі месца, адбываліся і з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі. Але мы самі гаворым нашым сябрам партыі, каб не ішлі з партбілетам, партыйным штандарам, — дзеліцца меркаваннем наконт тэхналогій пратэсту лідар АГП. — Яны мусяць дзейнічаць як і людзі, што выказваюць рэакцыю на сацыяльныя выклікі. Праз нейкі час яны могуць заявіць пра сваю палітычную прыналежнасць, скіраваць людзей у фармат акцыі ўсёй краіны, заявіць пра палітычныя праблемы. Калі б мы паспрабавалі «прыватызаваць» гэты працэс, то апазіцыя прайграла б. Бо, калі гэта адбываецца не пад ярка акрэсленым апазіцыйным сцягам, то ў грамадзян выклікае больш пазітыўныя эмоцыі».

Лябедзька не прагназуе на лета істотных катаклізмаў, адно гаворыць, што «восенню будзе горача». «Пакуль арганізатарам пратэстаў выступае сама ўлада. Думаю, што і надалей яна будзе матываваць людзей да дзеянняў», — рэзюмуе палітык.

Надзвычайнае становішча


У звязку з пратэстнымі настроямі ці не, але Савет міністраў Беларусі 8 чэрвеня прыняў пастанову № 734, якая рэгулюе ўлік асобаў, што ўдзельнічаюць у забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча ў краіне. Дакумент, падпісаны першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам, прыняты ў адпаведнасці з артыкулам 21 закону Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2002 года «Аб надзвычайным становішчы».

Раней заканадаўча не былі рэгламентаваны асобныя працэдуры, звязаныя з рэжымам надзвычайнага становішча. Дакументам агаворваецца ўлік супрацоўнікаў сілавых структур і ведамстваў, а таксама іншых грамадзян краіны, што ўдзельнічаюць у забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча. Для гэтага будуць збірацца іх анкетныя дадзеныя, звесткі аб перыядзе іх удзелу ў забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча, а таксама звесткі, неабходныя для прадастаўлення прадугледжаных заканадаўствам гарантый і кампенсацый. Дакумент, з тэкстам якога можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання. Сам рэжым надзвычайнага становішча ўводзіцца ўказам прэзідэнта.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі гаворыць, што пакуль рана панікаваць і рабіць далёкія высновы. «Фармальна гэта можа тычыцца і магчымых прыродных, тэхнагенных катаклізмаў, але нельга не ўлічваць і другія магчымыя прычыны правапрымянення, як, напрыклад, сацыяльная напружанасць», — зазначае эксперт. Спадар Якаўлеўскі патлумачыў, што надзвычайнае становішча можа ўводзіцца ці на тэрыторыі ўсёй краіны, ці на яе частцы. Надзвычайнае становішча прадугледжвае абмежаванне канстытуцыйных правоў, напрыклад, забарона на выезд за мяжу, забарона сходаў, поўнае падпарадкаванне кіруючым органам.
 

Каментаваць