Хуткі суд

Судовае следства па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачваюць у выбуху ў метро 11 красавіка 2011 года, завершана. У працэсе абвешчаны перапынак да 14 лістапада. У гэты дзень у судзе пачнуцца спрэчкі бакоў.



Судовае следства па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, якіх абвінавачваюць у выбуху ў метро 11 красавіка 2011 года, завершана. У працэсе абвешчаны перапынак да 14 лістапада. У гэты дзень у судзе пачнуцца спрэчкі бакоў.

Апошнімі матэрыяламі, агучанымі ў ходзе гэтага этапу судовага працэсу па справе аб тэрактах, былі допыты жыхара Віцебска Жолудзева, які меў агульных сяброў з Канавалавым і Кавалёвым. З іх стала вядома пра паходжанне двух 75-грамовых і адной 400-грамовай тратылавых шашак, якія, паводле матэрыялаў справы, Канавалаў выкарыстаў пры вырабе выбуховых рэчываў. Гэтыя шашкі Жолудзеў выкраў падчас сваёй службы ў войску на пачатку 2000-х гадоў. У сярэдзіне 2000-х гадоў дзве 75-грамовыя шашкі ў Жолудзева набыў сусед Канавалава Яўген Куксёнак. Затым яны апынуліся ў Кавалёва, а потым — у Канавалава.

Усе хадайніцтвы абароны аб выкліку новых сведак суд адхіліў. Не выклікалі ў суд экспертаў ФСБ Расіі, братоў Мурашка з Віцебска, якія падазраваліся ў здзяйсненні выбухаў у 2005 годзе, рабочых метрапалітэна, якія праводзілі напярэдадні выбуху рамонтныя работы, і машыніста другога цягніка, што прыбыў на «Кастрычніцкую» пасля выбуху.

Таксама суд адхіліў хадайніцтвы аб выкліку супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія затрымлівалі Кавалёва, Канавалава і Яну Пачыцкую на кватэры ў Мінску. Суддзя патлумачыў, што акалічнасці затрымання выкладзены ў справе. Адвакату Улада Кавалёва было адмоўлена ў аглядзе носьбітаў, з якіх былі канфіскаваныя запісы камер назірання.

«Можна сказаць, што суд заняў аднабокую пазіцыю па лініі пракуратуры, — лічыць праваабаронца, былы следчы Алег Волчак. — Заўважце, на апошніх пасяджэннях нават з’явілася нейкая нервовая рэакцыя суддзі на выказванні адвакатаў. Гэты артыкул пагражае абвінавачваемым расстрэлам. І суд мусіў задавальняць усе хадайніцтвы з улікам складанасці справы. А атрымалася так, што Аляксандра Крутога, які прымаў актыўны ўдзел у працэсе як прадстаўнік сваёй пацярпелай дачкі, на пачатку разгляду справы ізалявалі. Практычна ўсе экспертызы трактуюцца на карысць абароны. Адсутнасць на Дзмітрыі Канавалаве, яго вопратцы слядоў выбуховых рэчываў, хаця ён знаходзіўся ў момант выбуху над платформай метро. Эксперты ФСБ, якія дапамагалі ў расследаванні справы, паказалі, што выбуховае прыстасаванне было вырабленае не ў Віцебскай вобласці. Відэазапіс з метро, дзе Канавалаў ходзіць туды-сюды з сумкай, эксперты ФСБ адмовіліся прымаць да разгляду, бо ён мае выгляд «нарэзкі». Падобных эпізодаў можна набраць яшчэ з дзясятак».

Напрыклад, па меркаванні Волчака, не зразумела, як атрымалася на працягу сутак знайсці Канавалава ў чужым горадзе на знятай на некалькі дзён кватэры. Тым больш, што пасля выбуху, паводле паказанняў сведак, ён не выходзіў з кватэры. Чаму няма заключэння ізраільскіх экспертаў, якія прыязджалі ў красавіку ў Беларусь і адразу ж з’ехалі? Чаму ў матэрыялах справы няма матывацыі іх адмовы займацца гэтым выбухам?

«Увогуле, у справе няма адзінай лініі, то бок няма выбудаванай канструкцыі ад задумы да рэалізацыі. Фармулёўка «дэстабілізацыя абстаноўкі» выглядае вельмі нацягнутай. Калі Канавалаў і мае дачыненне да выбуху ў мінскім метро, то не як адзіночка. Уладзіслаў Кавалёў, на маю думку, мусіў бы даўно быць адпушчаны, бо на яго ўвогуле нічога няма. Але, калі сыходзіць з досведу судовых працэсаў, то, відаць, ёсць толькі адно пытанне: каго з іх дваіх адправіць на пажыццёвае, а каго расстраляць», — лічыць праваабаронца.
 

Каментаваць