Гамафобія — хвароба грамадства?

Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй адзначаецца 17 мая. У 1990 годзе ў гэты дзень Генеральная асамблея сусветнай арганізацыі аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць са спісу псіхічных хвароб.


Наўрад ці ў гэты дзень будуць святочныя канцэрты. І расцяжку на цэнтральным праспекце мы таксама не пабачым. Аднак да гэтага дня прымеркавана некалькі мерапрыемстваў: лекцый, прэзентацый, кінапраглядаў. Безумоўна не на дзяржаўным узроўні.


А вось дзяржава па-ранейшаму спрабуе рабіць выгляд, што ЛГБТ-супольнасці з яе штодзённымі праблемамі і патрэбамі не існуе.


Часам здараецца, што вельмі прыстойныя і інтэлігентныя людзі, з вышэйшай адукацыяй, дэмакратычна скіраваныя і нацыяльна свядомыя, раптам заяўляюць, што яны не любяць геяў. Не кагосьці канкрэтнага, а ўвогуле як з'яву. Як высветлілася, такіх латэнтных гамафобаў вельмі шмат. Ну а калі ў СМІ з'яўляецца артыкул адпаведнай тэматыкі, узровень нянавісці на форумах іншым разам зашкальвае.





Што ж адбываецца з нашым нібыта памяркоўным грамадствам?


Максім Дзмітрыеў

Максім Дзмітрыеў


Максім Дзмітрыеў, выпускаючы рэдактар квір-інфапартала «Ягада» лічыць, што ў параўнанні з пачаткам 2000-х узровень талерантнасці зараз вышэй. У вялікай ступені гэта звязана з тым, што з'явілася новае пакаленне, якое прасцей ставіцца да гомасэксуальнасці. Разам з тым ён заўважае, што ўзровень фобіі з боку ўладаў не паменшыўся. «І міліцыя, і іншыя ўладавыя структуры не прызнаюць факт існавання гомасэксуалаў і праблемаў, з якімі суполка сутыкаецца».


Квір (ад ангельскага queer — «іншы») — тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння любой, не адпавядаючай традыцыйнай, мадэлі паводзінаў і ідэнтычнасці.
 

У Беларусі не праводзяцца даследаванні наконт узроўню гамафобіі грамадства і адпаведная статыстыка не збіраецца. Але згодна з даследаваннем, падрыхтаваным еўрапейскай філіяй Міжнароднай асацыяцыі лесбіянак і геяў (ILGA), Беларусь займае 43 з 49 месца ў рэйтынгу краін, прыдатных для жыцця грамадзян гомасэксуальнай арыентацыі. Аўтары дакладу высветлілі, што Беларусь адпавядае толькі трынаццаці працэнтам крытэраў, па якіх ILGA вызначае ўмовы сацыяльнай роўнасці для жыцця сэксменшасцяў.


Узнікае пытанне, ці магчыма змяніць сітуацыю нейкімі актыўнымі дзеяннямі, і хто павінен іх ініцыяваць — дзяржава, грамадскія арганізацыі, зацікаўленыя грамадзяне?


Сімвал Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй. Фота з wikipedia

Сімвал Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй. Фота з wikipedia


Для актыўных дзеянняў з боку арганізацый і грамадзянаў патрэбны ўдзел улады, — лічыць Максім. — Важна, каб улады дазвалялі розным ініцыятывам і арганізацыям ладзіць іх мерапрыемствы. «Улады», дарэчы, — гэта людзі, якія атрымліваюць заработную плату з нашага гаманца праз падаткі. Больш таго, у некаторых выпадках мы іх абіраем на іх пасады. Можна лічыць, што мы замаўляем гэтым людзям нейкія паслугі па кіраванні дзяржавай, мы з'яўляемся іх працадаўцамі. Але нашы ўлады робяць не тое, што нам патрэбна. Улады таксама мусяць зрабіць свой унёсак, у першую чаргу заканадаўчы. Калі чалавек будзе ведаць, што працуе закон, так бы мовіць, «аб абароне сэксуальных меншасцяў», то гэты чалавек не будзе абражаць ці збіваць іншага толькі таму, што той выглядае неяк «не так». Закон не знізіць узровень гамафобіі «агулам і раптам», але людзі будуць вымушаныя ў грамадскіх месцах весці сябе больш сціпла ў дачыненні да гомасэксуалаў. З цягам часу гэта мае даць плённы вынік.


Эдвард Тарлецкі. Фота з gayby.net

Эдвард Тарлецкі. Фота з gayby.net



Эдвард Тарлецкі — досыць вядомая ў Беларусі персона. Калісьці ён узначальваў Лігу сэксуальных меншасцяў «Лямбда». Ужо некаторы час Эдвард жыве за мяжой. Каб параўнаць сітуацыю са стаўленнем да ЛГБТ у Беларусі і ў іншых краінах, Эдвард прыводзіць прыклад Украіны:

— Нядаўна правыя радыкалы накінуліся на фэст роўнасці ў Львове. А гэта турыстычная Мекка. Цяпер улады будуць намагацца не дапусціць падобных выпадкаў у будучыні, бо Украіне патрэбны інвестыцыі.
Дарэчы, ва Украіне заканадаўча забаронена працоўная дыскрымінацыя асобы з-за сэксуальнай арыентацыі. А вось Беларусь усе станоўчыя змены пакуль абыходзяць бокам. Таму што гамафобія праз вусны кіраўніка дзяржавы набыла афіцыйны статус. І вось адзін жахлівы факт: чалавек быў амніставаны і адсядзеў усяго агулам 11 месяцаў за тое, што збіў Міхаіла Пішчэўскага, які прабыў у коме паўтары гады і ў выніку памёр.


Насамрэч, тое, што ты з ЛГБТ, у многіх жыццёвых выпадках з'яўляецца абцяжарваючым фактарам. Партнёры ў аднаполых шлюбах сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што і гетэрасэксуалы, але да іх дадаецца адсутнасць многіх правоў, якімі безумоўна карыстаюцца «звычайныя» пары. Напрыклад, як аднаму з партнёраў атрымаць доступ у рэанімацыю, калі захварэў іншы? Як не быць звольненым з працы за тое, што адрозніваешся? Як выкарыстоўваць адно прозвішча? Як мець права на спадчыну? І нават такія банальныя рэчы, як магчымасць арэндаваць жытло для дваіх і не хавацца, пазнаёміцца і схадзіць на спатканне — гэта выпрабаванне.



Ілюстрацыйнае фота з інтэрнэта

Ілюстрацыйнае фота з інтэрнэта


Тры гады таму на вуліцах Мінска мы правялі апытанку на тэму, ці ёсць у Беларусі гамафобія. Большасць апытаных тады лічыла, што ў іх атачэнні гамафобіі не існуе, і толькі адзін чалавек заявіў, што з'яўляецца гамафобам.


Можа, таму што дыскрымінацыя існуе на дзяржаўным інстытуцыянальным узроўні?


На думку Максіма Дзмітрыева, дзяржаве на карысць, калі людзі думаюць не аб тым, як жыць лепей, а аб тым, як зрабіць так, каб іншыя жылі яшчэ горш. Гэта дазваляе і далей маніпуляваць беларусамі:


— Чаму з-за дрэнных эканамічных умоваў зачыняюцца заводы? Чаму няма прасторы для індывідуальнага прадпрымальніцтва? Чаму маладыя сем'і не зарабляюць дастаткова грошай і таму не нараджаюць дзяцей? З-за геяў і лесбіяк? І таму трэба з імі змагацца? Мне дзіўна чуць, што прычына дэмаграфічнага і эканамічнага дэфолту беларускай нацыі ў 5% гамасэксуальных жыхарах краіны...


Дарэчы, у Максіма існуе ўласны рэцэпт, які можна змяніць грамадскую думку:


— З цягам часу я зразумеў, што стаўленне ЛГБТ-праваабаронцаў да сваёй працы як да «барацьбы супраць гамафобіі» не слушнае. Замест супрацьстаяння грамадскасці трэба з ёй аб'ядноўвацца, размаўляць на адной мове з гетэрасэксуальнымі людзьмі.

Па-другое, нашыя былыя ЛГБТ-праваабаронцы не мелі мэтай кансалідацыю гомасупольнасці. Яны працавалі як лекары — да іх звярталіся ахвары збіццяў ці тыя, чыя правы былі парушаныя. То бок, праваабаронцы мелі справы з наступствамі гамафобіі і нічога не рабілі дзеля таго, каб папярэджваць такія выпадкі. Па-трэцяе, рыторыка праваабаронцаў, у сілу спецыфікі іх дзейнасці, была толькі аб няшчасных і знядоленых геях ці лесбійках (бі і трансгендары рэдка траплялі ў фокус ўвагі). Такім чынам, калі ў беларускіх СМІ былі публікацыі аб гомасэксуалах, то такія людзі паўставалі як ахвяры. Такімі іх бачылі чытачы. Тым часам у свеце шмат прыемных прыкладаў поспеху гомасэксуалаў, якія дасягнулі пэўных вышыняў і карыстаюцца павагай.

Для «Ягады» мы падбіраем навіны, якія могуць быць цікавыя і гома-, і гетэрасэксуальным людзям. Гэта пазітыўныя навіны, якія фармуюць пазітыўны імідж гомасэксуальнай супольнасці ў вачах грамадскасці. Такім чынам мы намагаемся пабудаваць мост узаемапавагі і ўзаемаразумення паміж гетэра- і гомалюдзьмі. Таксама мы супрацоўнічаем з культурніцкімі ініцыятывамі, бо толькі праз культуру магчыма як кансалідаваць гомасупольнасць, так і дапамагчы гэтэра- і гомалюдзям зразумець адзін аднаго.


Стывен Фрай — знакаміты англійскі акцёр, пісьменнік і драматург. У 2015 годзе пабраўся шлюбам з комікам Эліатам Спэнсэрам 



Вось і атрымліваецца, што на асабовым узроўні адкрытай гамафобіі ў Беларусі нібыта і няма. Але ёсць абыякавасць, якая на ўзроўні дзяржаўных інстытутаў пераўтвараецца ў пасіўную дыскрымінацыю, а на побытавым лёгка пераходзіць да адкрытай агрэсіі і нянавісці.


Абыякавасць і пасіўная дыскрымінацыя прыводзяць яшчэ і да таго, што шырокае грамадства не бачыць і не ўсведамляе праблем, з якімі сутыкаецца ЛГБТ-супольнасць. Гэта ўсё, а таксама адсутнасць грамадскага дыялогу і ўзаемапавагі — хіба гэта ўласціва толькі тым, што тычыцца сэксуальных меншасцяў?



Выглядае на тое, што гамафобія — толькі адна з праяваў хваробы постасавецкага грамадства, якая палягае ў непрыманні, ігнараванні альбо агрэсіі да ўсяго, што адрозніваецца ад «дзяржаўнага стандарту». А вось каб гэта змяніць, як кажа Эдвард Тарлецкі, «беларусам спачатку трэба вызначыцца, ці яны і далей жывуць у маскоўска-савецкім саўгасе, альбо будуюць сучасную дзяржаву, дзе няма месца для дыскрымінацыі і сярэднявечнага стаўлення да асобы. Толькі калі гэта здарыцца, невядома».
 

Каментаваць