Іх Майдан і нашы выбары

Пакуль усе, хто цікавіцца навінамі, больш сочыць за Украінай, чым за беларускімі падзеямі. Канешне, у параўнанні з тым, як імкліва разгортваецца сітуацыя ў Кіеве, у нас, нібыта, «нічога не адбываецца». Але ж такая стагнацыя можа прывесці да вельмі непажаданых наступстваў.



На мінулым тыдні былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Тэарэтычна, з моманту рэгістрацыі такой групы можна пачынаць ставіць пікеты, збіраць подпісы за вылучэнне, і ўвогуле пачынаць актыўную працу з людзьмі.

У мінулыя суботу-нядзелю адзначыліся толькі два палітычных суб’екта — гэта грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» і Партыя БНФ. Прынамсі ў Мінску «Гавары праўду!» 25 студзеня правяла «прэзентацыйны» пікет сваіх 17 кандыдатаў у кандыдаты ў дэпутаты Мінскага гарсавету. Пікет атрымаўся вясёлы, бо «ГП!» пайшла не да выбаршчыка, а ад выбаршчыка — запрашаючы мінчукоў самім выказаць пажаданні, што б яны хацелі б бачыць у горадзе, і якім павінен быў бы быць кандыдат.

Партыя БНФ таксама правяла пікеты 26 студзеня. Дэ-юрэ гэта былі пікеты са зборам подпісаў за кандыдатаў. Дэ-факта пікеты былі прысвечаныя пратэсту супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых базаў. ПБНФ разгарнула гэтыя пікеты нягледзячы на тлумачэнне сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка пра тое, што «перадвыбарчыя» мерапрыемствы могуць мець толькі адну тэматыку — выбары. Усё іншае падлягае рэгістрацыі згодна закону аб масавых мерапрыемствах.

Усё часцей даводзіцца чуць пра тое, што грамадзяне ля сваіх кватэраў бачаць зборшчыкаў подпісаў. Але ў той жа час усе адзначаюць — гэта не апазіцыйныя зборшчыкі, а з нейкіх іншых структур. Падаецца, што апазіцыя «забіла» на працу з грамадзянамі, і ўся (за невялікім выключэннем) з’ехала на Майдан у Кіеў.

Нізкую актыўнасць апазіцыі можна патлумачыць некалькімі фактамі. Што тычыцца «вуліцы» і пікетаў, то супраць іх грае «генерал Мароз». Сапраўды, у настаўшую сцюжу не тое што цяжка стаяць у пікетах — «дзеля справы» можна было б ахвяраваць здароўем. Справа ў тым, што ў мінус 20 не кожны грамадзянін высуне нос на вуліцу без пэўнай патрэбы. А таму збор подпісаў у пікетах — складаны.

Што перашкаджае апазіцыянерам хадзіць па кватэрах і размаўляць з людзьмі? Падаецца, што гэтая агітацыйна-інфармацыйная кампанія сутыкаецца з вялізнымі праблемамі.

Першая — мясцовыя выбары — не прэзідэнцкія. Яны менш значныя, тут кампанія «ад дзвярэй да дзвярэй» не вельмі працуе. Часам, народ сам не хоча чуць пра кандыдатаў у тыя дэпутаты, якія «нічога не вырашаюць». А таму агітаваць за іх — даволі складана.

Другая — гэта традыцыйная «слабасць» дэмакратычнага актыву, які зусім не масавы, і не да кожнай кватэры дойдзе. Да таго ж, нягледзячы на ўсялякія «кааліцыйныя» ўтварэнні, кожны на мясцовых выбарах вырашае свае задачы. Прыклад перад вачыма — нягледзячы на ўдзел у кампаніі «Народны рэферэндум», Партыя БНФ на пікетах збірала подпісы супраць расійскіх войскаў. «Талака» працуе хто дзе — хто збірае подпісы за адмену новага падатку на аўтамабілі, а хто раскручвае «праймерыз» у Бабруйску. Карацей, нават унутры кааліцый ёсць свае рухі і плыні, якія скарыстоўваюць кампанію так, як ім хочацца, а не дзеля нейкіх агульных мэтаў. Усё гэта «раздрабняе» і без таго нямасавы актыў.

Трэцяя — асабістая «млявасць і абыякавасць да жыцця» тых самых «прафесійных зборшчыкаў подпісаў». Сябры дэмакратычнага актыву ўжо сабаку з’елі на гэтай працэдуры, а для вылучэння кандыдатам у дэпутаты нават абласнога савета трэба сабраць усяго толькі 150 подпісаў. Гэта не сто тысяч на прэзідэнцкіх выбарах. І сабраць 150 подпісаў нават адзін «прафесійны зборшчык» здольны, самае вялікае, за тыдзень.

Наступствы такой «млявасці і абыякавасці да жыцця» могуць быць для апазіцыі вельмі сур’ёзныя. Калі «расслабіцца» зараз, то ў выніку можна не падвысіць папулярнасць, як гэта плануюць зрабіць дэмсілы на мясцовых выбарах, а страціць яе (нягледзячы на тое, што страчваць там ужо няма чаго). Нягледзячы на ўсю «непапулярнасць» і на няіснасць» выбараў, асабліва ў мясцовыя Саветы, народ усё ж чакае хоць ад кагосьці «дзвіжухі» і «крэатыву». Гэтыя чаканні выяўляюцца і ў досыць добрай народнай цікаўнасці да тых пікетаў, якія дэмакратычныя сілы ўсё ж здолелі паставіць на мінулых выходных.

Карацей, народ прагне «дзвіжухі» — як у Кіеве. Але нашы палітыкі пакуль гэтую прагу задаволіць не могуць. Бо яны самі ўсе думкамі ў кіеўскіх падзеях.

А між іншым, з такой драбязы і складаюцца «Майданы».

Пасля Майдана–2004 я размаўляў са сваімі ўкраінскімі сябрамі-калегамі на тэму, у чым феномен гэтага дзейства? Чаму ўкраінцы раптам узялі і выйшлі абараняць вынікі выбараў? Чаму ў іх раптам прачнулася грамадзянская самасвядомасць?

«Дружа, якое «раптам»?» — рабілі вялікія вочы ўкраінцы. «А як жа акцыі «Украіна без Кучмы»? А як жа пікеты памяці Георгія Гангадзэ? А як жа мітынгі і кампаніі «Кучму гэць»? Усё гэта было падрыхтоўкай да таго, што было зроблена ў 2004 годзе. І хіба да Майдану ніхто не рыхтаваўся? Хіба палаткі і валёнкі для пратэстуючых з неба зваліліся? Не, даражэнькі, падрыхтоўка была грунтоўная. І рыхтаваўся гэты Майдан не адзін год — тымі ж самымі акцыямі «Кучму гэць» і іншымі», — адказвалі мне.

Што Майдан–2014 таксама быў «спантанным і непадрыхтаваным» — я ў гэта проста не веру. Інакш навошта Клічко ствараў «Удар»? Навошта розныя партыі надавалі такую ўвагу парламенцкім выбарам, што даходзіла нават да боек і захопаў камісій? Навошта на Хрэшчаціку ледзь не год (а можа, і больш за год) стаяў пікет з патрабаваннем свабоды для Юліі Цімашэнкі? Чаму «Волю Юлі» рэгулярна патрабавалі не толькі Кіеў, але і рэгіёны?

Украінцы вельмі ціхенька і паступова вырошчвалі свой «новы Майдан», не азіраючыся нават на беларускую «Плошчу». І яны гэты Майдан вырасцілі. А нашы дэмакратычныя дзеячы, «закапаўшыся ў Майдан» і ігнаруючы мясцовыя падзеі, рызыкуюць нават не пасадзіць зерне, з якога вырасце аналагічная беларуская сітуацыя.

Каментаваць