“Іду закрываць сваю дзейнасць — буду працаваць без падаткаў”

Новы закон “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей", што ўступіў у сілу з 1 студзеня 2013 года, нарабіў шмат шуму і размовы пра яго не сціхаюць да гэтага часу.
 



Уся справа ў тым, што, нягледзячы на вельмі станоўчыя (на першы погляд) змены, частка жанчын, якія знаходзяцца ці будуць знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, пазбавілася паловы дапамогі па даглядзе за дзіцём. На вышэйшым дзяржаўным ўзроўні вырашылі, што маладыя мамы могуць працаваць і ў час дэкрэту.

Гэта жанчыны зарэгістраваныя індывідуальнымі прадпрымальнікамі, тыя, хто працуе па дагавору падраду, адвакаты ды рамесніцы.

Менавіта апошнія найбольш актыўна ўзяліся за адстойванне сваіх правоў ды інтарэсаў. Калі мамам-ІПэшніцам законам прадугледжана магчымасць у дэкрэтны перыяд не выплачваць страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, то для рамесніц такой магчымасці няма. Бо і ўзносаў няма.

У нашай краіне прадугледжаны максімальна спрошчаны парадак ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці, без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Рамеснікі не выплачваюць падаходны падатак і адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама не вядуць дзяржаўную статыстычную справаздачнасць.

Рамеснікаў усё больш

Афіцыйныя сайты бадзёра рапартуюць аб тым, што з кожным годам колькасць раменікаў расце і  гэта і сапраўды так.

“Развіццё рамеснай дзейнасці, як сацыяльна значнай і арыентаванай на ўнутраны рынак, мае непасрэднае дачыненне да фармавання ў нашай краіне спрыяльнай эканамічнай асяроддзя", — напісана на сайце Міністэрства эканомікі РБ.

Гэта сапраўды так. Рамесная дзейнасць дапамагае захаваць народныя рамёствы, спрыяе іх развіццю. Так склалася, што менавіта сярод рамеснікаў вельмі шмат маладых мам. Не дзіўна, бо хобі можа прыносіць нейкія грошы. А займацца такой дзейнасцю афіцыйна — добрая магчымасць, якой скарысталася шмат майстрых.

 

Рамесніцтва — ненадзейная крыніца даходу

Тут трэба заўважыць, што рамесны труд — дастаткова цяжкі, бо ўсё робіцца  сваімі рукамі, вырабы атрымліваюцца адзінкавымі. З дзіцём на руках асабліва не папрацуеш. А тое, што заробіш — грошы невялікія.

Рамесніцтва не прыносіць такога вялікага прыбытку, каб перакрыць гэтыя 50% дапамогі штомесяц. Тым больш рамесная дзейнасць не можа разглядацца як сталая крыніца даходу, бо шмат чаго залежыць ад замоўшчыкаў, выставаў, дзе ўдзельнічаюць рамесніцы, жадання нешта зрабіць, бо праца творчая. А маленькія дзеці хварэюць, патрабуюць штодзённай увагі.

Тым не менш на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны 4 лютага з’явіўся каментар да закона, дзе чорным па белым напісана, што пералік відаў дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх дапамога па даглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў выплачваецца ў палавінным памеры, пашырыўся.

Калі раней налічэнне дапамогі залежыла ад знешніх фактараў, то зараз гэтая катэгорыя адменена. У гэты пашыраны спіс і ўваходзіць ажыццяўленне рамеснай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі.

 

Мамы пішуць петыцыю

На спецыялізаваных форумах мамы-рамесніцы абураюцца:

“Колькі ж гэта трэба працаваць,каб палову дапамогі адбіць?"

“Іду закрываць сваю дзейнасць — буду працаваць без падаткаў"

Каб звярнуць увагу на праблему, мамы-рамесніцы склалі петыцыю. Сярод тых, хто ўжо яе падпісаў, ёсць і гарадзенкі. Я паразмаўляла  з некаторымі з іх.

Ганна, займаецца вязаннем. Мама трох дзяцей:

“Рамесніцтва ў мяне аформлена. Зачыняць не хочацца, бо праблем з падатковай пры кантрольнай закуцы не хочацца. Вядома, як шматдзетнай сям’і за 1,5 гады мне больш за 10 мільёнаў відавочна не перашкодзілі б…

Але я прызвычаілася ўжо працаваць. Не ведаю, што буду рабіць тады. Некаторыя з маіх знаёмых зачыняюць  рамесніцтвы ды ідуць у падполле ці ўвогуле перастаюць на заказ нешта рабіць".

Менавіта так і зрабіла Алена, мама  10-месячнай дзяўчынкі:

“Сваё рамесніцтва я зачыніла. Проста не аплаціла ўзнос на гэты год. Я займалася вышыўкаў на замову. Гэта цяжкі і працаёмкі працэс, які не дае столькі грошай, як палова гэтай дапамогі, бо можна і нічога не зарабіць — проста не будзе замоў. І тады я ўвогуле не атрымліваю грошаў. Калі будуць нейкія замовы — напэўна, буду браццца."

Дарэчы, каб зачыніць рамесніцтва, у розных падатковых інспекцыях трэба дзейнічаць па-рознаму, бо нарматыўнай базы для закрыцця рамесніцтва няма.

Напрыклад, у гарадзенскай падатковай Ленінскага раёна трэба напісаць адмысловую заяву — адказны ліст і зарэгістраваць у канцэлярыі. Недзе, кажуць,  ёсць спецыяльныя бланкі.

У згаданым каментары міністэрства да закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей" прадугледжаны яшчэ дадатковыя тлумачэнні наконт сітуацыі з ІП і рамесніцамі. А пакуль апошнія заклікаюць падпісаць петыцыю і маюць надзею, што закон усё ж зменіцца.

t-styl.info

Ілюстрацыя rimma.bloger.by

Каментаваць