Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ігар Кузняцоў: У Беларусі расстраляна каля 600 тысяч чалавек

Годам памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору абвешчаны 2017 год. На пасяджэнні аргкамітэта па стварэнні гісторыка-асветніцкай ініцыятывы «Вяртанне памяці» былі прадстаўлены абагульненыя дадзеныя па рэпрэсаваным жыхарам Беларусі перыяду 1930-1950-х.

Асноўным дакладчыкам выступіў гісторык Ігар Кузняцоў.

Ігар Кузняцоў

Ён канстатаваў, што беларуская ўлада фактычна стала саўдзельніцай рэпрэсій, паколькі не толькі не спрыяла, але замінала ўшанаванню памяці ахвяраў сталінізму. Прызнаючы, што паводле афіцыйных вынікаў, у нас рэпрэсавана 600 тысяч чалавек, за апошнія 22 гады (у 1989 годзе была прынятая пастанова Савета Міністраў «Аб увекавечванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве «Курапаты»), дзяржава для ўшанавання памяці закатаваных нічога не зрабіла. Усё што зроблена, зроблена намаганнямі грамадскасці.

Грамадскі трыбунал над сталінізмам у мінулым годзе вынес абвінавачванне бальшавіцкім уладам і іх карным органам у арганізацыі і ажыццяўленні рэпрэсій супраць сваіх і замежных грамадзян. Сёння Ігар Кузняцоў прэзентаваў падрабязныя статыстычныя лічбы па рэпрэсіям.

Паводле Ігара Кузняцова, Беларусь асабліва пацярпела ад рэпрэсій, паколькі з’яўлялася памежным рэгіёнам з мяжой, якая перамяшчалася, што давала падставы выяўляць вялікую колькасць «шпіёнаў». Таксама рэпрэсіі былі абумоўлены жаданнем зламіць касцяк нацыянальнай інтэлігенцыі.

«1937 год — гэта год беспрэцэдэнтнай жорсткасці прысудаў, год антычалавечных планаў і разнарадак на знішчэнне людзей, год фальшаванняў абвінавачванняў, год жудасных катаванняў, год надзвычай закрытых судовых разбіральніцтваў, год кругавой парукі, год даносаў адзін на аднаго, год сапраўдных трагічных падзей для беларускага народа. І вельмі сумна, што зараз гэтую тэму стараюцца абыходзіць бокам. Сіндром 1937 года застаўся і нават узмацніўся. Чалавек нібыта свабодны, але ўсяго баіцца», — адзначыў ва ўступным слове Ігар Кузняцоў.

Як заўважыў дакладчык, паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі рэпрэсавана 600 тысяч чалавек, рэабілітавана 200. У 1999 годзе працэс рэабілітацыі  завершаны ў сувязі з поўным завяршэннем перагляду спраў. «Куды падзеліся 400 тысяч?» — задаецца пытаннем Ігар Кузняцоў. Паводле ж падлікаў даследчыка, у Беларусі рэпрэсавана каля паўтара мільёна чалавек. Прыблізна 600 тысяч з іх былі расстраляныя (!).

Але нават калі браць за аснову афіцыйныя лічбы рэпрэсій, гэтыя трагічныя падзеі нельга ігнараваць і абавязкова трэба вывучаць, даследаваць і адзначаць на дзяржаўным узроўні.

Паводле афіцыйных звестак, сярод рэпрэсаваных было 90% мужчын, 8% жанчын, 2% непаўналетніх. Большасць рэпрэсаваных мела ўзрост 18-50 гадоў.

Паводле нацыянальнасці, сярод пацярпелых было 65,3% беларусаў, 20% палякаў...

 

Паводле сацыяльнага паходжання, 78% рэпрэсаваных былі сяляне, 8,4% — рабочыя (тыя, хто найбольш падтрымліваў савецкую ўладу).

Падобная ж тэндэнцыя з узроўнем адукацыі рэпрэсаваных. Большасць мелі толькі пачатковую альбо незакончаную пачатковую адукацыю ці ўвогуле непісьменныя.

Прысуды выносіліся судовымі органамі толькі ў 9% выпадкаў.

 

У дыяграме «Мера пакарання» вышэйшая мера пакарання сарамліва схаваная. Афіцыйныя даследчыкі прызнаюць, што сярод рэпрэсаваных было расстраляна 44%.

Паводле Ігара Кузняцова, статыстычныя дадзеныя, атрыманыя ў выніку аналізу афіцыйных (заніжаных) звестак, можна лічыць праўдападобнымі. Яны даюць пэўнае ўяўленне пра якасны склад рэпрэсаваных. Суадносіны і прапорцыі захаваюцца і будуць прыблізна адпавядаць вынікам, атрыманым пасля аналізу больш поўных звестак па рэпрэсіям.

Расстрэлы рабіліся ў 124 месцах Беларусі (12 з іх размешчаныя ў Мінску). Афіцыйнымі ўладамі прызнаныя толькі Курапаты. Вельмі часта ў дакументах месца расстрэлу і дата не ўказаныя. На тэрыторыі Беларусі расстраляна, паводле Ігара Кузняцова, 371 тысяча чалавек. Яшчэ каля 230 тысяч – за межамі Беларусі. Прычым расстрэльвалі зноў жа збольшага рабочых і сялян.

«Агучаныя дадзеныя даюць нагоду задумацца ў год памяці пра характар рэпрэсій, пра тое, хто стаіць за трагічнымі лічбамі, і сведчаць, што кампартыя Беларусі, НКУС вінаватыя ў здзяйсненні злачынстваў супраць савецкіх і замежных грамадзян, не толькі інтэлігенцыі, эліты, але і звычайных рабочых і сялян. Кожная сям’я, яе страты павінны стаць агульным болем для ўсіх», — падсумаваў свой даклад Ігар Кузняцоў.

«Мы выйшлі за межы ўшанавання ахвяраў Курапатаў і вырашылі стварыць гістарычна-асветніцкую ініцыятыву «Вяртанне памяці», каб вярнуць беларускаму народу памяць пра рэпрэсаваных продкаў», — патлумачыла мэту стварэння новай ініцыятывы Ганна Шапуцька.

Сярод запланаваных кірункаў дзейнасці ў 2017 годзе такія:

  • Ініцыятыва «Зніч памяці» (плануецца ладзіць культурніцкія вечары памяці)
  • «Марафон памяці» (наведванне 29 дня кожнага месяца месца расстрэлаў)
  • Талака, прысвечаная ахвярам вялікага тэрору
  • Устаноўка 100 крыжоў ад «Вяртання памяці»
  • Арганізацыя 29 кастрычніка «Зоркавай алеі», каб асвяціць усе Курапаты знічкамі памяці
  • Адзначэнне 23 жніўня Міжнароднага дня памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій

Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што ў Мінску дасюль няма ніводнага мемарыяльнага знаку памяці рэпрэсаваным. Яны выказалі ідэю прапанаваць уладам усталяваць мемарыяльную шыльду на будынку цяперашняга следчага ізалятара на вул. Валадарскага, а таксама намераны зрабіць мэмарыяльны знак на хаця б адным з пахаванняў у Курапатах.

«Трэба шукаць рашэнні, якія б спрыялі нашай маналітнасці, нашаму аб’яднанню ў гэтым пытанні. Чаму ў нас не атрымліваецца мабілізаваць грамадства? Магчыма варта ўнесці ў план распрацоўку навучальнага дапаможніка, прысвечанага рэпрэсіям», — дадаў сябра аргкамітэта Уладзімір Раманоўскі.

Уладзімір Раманоўскі

Удзельнікі пасяджэння прынялі адмысловы зварот «Да грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў усяго свету». У ім нагадваецца, што практычна кожная беларуская сям’я пацярпела ад рэпрэсій. Грамадскасць мусіць памятаць пра трагічныя падзеі сваёй гісторыі.

2017 год прапануецца лічыць Годам Памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій супраць беларускага народа. Сёлета трэба зрабіць максімум, каб кожнаму закатаванаму было вернутае яго добрае імя, пазначаны памятнымі знакамі месцы рэпрэсій.

Арганізаваць на дзяржаўным узроўні вывучэнне прычын і наступстваў рэпрэсій навукоўцамі, збор фондавых матэрыялаў, каб стварыць банк дадзеных і мемарыяльны музей. У звароце ўтрымліваецца заклік далучацца да ініцыятывы да творчых саюзаў, моладзевых суполак, светароў усіх канфесій, усіх грамадзян. Стваральнікі звароту патрабуюць ад уладаў перагледзець справы рэпрэсаваных, прапануюць абвесціць 29 кастрычніка днём памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій і выканаць нарэшце пастанову Саўміна БССР ад 18 студзеня 1989 года “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве «Курапаты».

Абмеркаванне:

  • niik
  • 2017-01-19 15:00:59
спасибо за память

Каментаваць