Ігар Лялькоў: Найбольш актуальна для Беларусі стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам

На першым пасяджэнні Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці было вылучана шэсць прыярытэтаў рэформаў. Зараз неабходна абраць з іх адзін той, над якім і пачнуць працаваць эксперты ў рамках праекта «Рэфорум». Пра актуальнасць гэтых прыярытэтаў, а таксама пра тое, у чым апазіцыя павінна пераканаць грамадства "Заўтра тваёй краіны" расказаў старшыня Форуму, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.



Ігар, якія ж прыярытэты вылучылі пасля дыскусіі ўдзельнікі Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці?

— Пакуль прыярытэтаў шэсць. Першы — гэта стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. Другі — рэформа пенсійнай сістэмы. Трэці рэформа выбарчага заканадаўства. Чацверты рэформа медыясферы. Пяты адукацыйная рэформа. І шосты – рэформа жыллёвага заканадаўства.

Падрабязней пра гэтыя прыярытэты мы яшчэ, безумоўна, пагаворым. А пакуль пра агульныя ўражанні: як вы ацэньваеце перспектывы праекта «Рэфорум» і ўзровень першага пасяджэння Форуму?

— Першы раўнд «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі» — праекту, які быў да «Рэфоруму») , зайшоў у тупік. Яго неабходна было ажывіць, паспрабаваць правесці яго ў новым фармаце. І такі фармат быў вызначаны. Наколькі ён будзе паспяховым, наколькі ён здольны выпрацаваць канкрэтныя рэчы, якія, як кажуць, можна «памацаць рукамі» пакуль казаць складана. Праект разлічаны на два гады, і пакуль ён толькі-толькі пачаўся. Таму падвесці некаторыя вынікі можна будзе недзе праз паўгода. Тады будзе больш відавочна ці здольны «Рэфорум» мець шанцы на поспех. Гэта што тычыцца праекта наогул.

Першае пасяджэнне Форуму прайшло даволі паспяхова. Відавочна, што яго ўдзельнікі ўскладаюць пэўныя спадзяванні на гэты праект і таму ўключыліся ў працу дастаткова актыўна. У пасяджэнні ўдзельнічалі прадстаўнікі дванаццаці з пятнаццаці арганізацый, якія ўвогуле ўтвараюць сёння Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Ніхто не адседжваўся, усе актыўна выказваліся. Таму відавочна, што цікавасць да праекту, да сумеснай працы ёсць. І гэта ўжо добра.

Прынамсі, ужо ёсць і адзін добры вынік – стварылася новая пляцоўка дыялогу ўнутры палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Такіх пляцовак не вельмі шмат у Беларусі, таму наяўнасць яшчэ адной ўжо станоўчы вынік.

— Ці створаны ўжо план працы Форуму?

— Агульны план закладзены ў канцэпцыі праекту. Нагадаю, што на працягу двух гадоў Форум павінен выпрацаваць чатыры накірункі рэформаў па аднаму кожныя паўгода. Яны і стануць замовай для экспертнай супольнасці. Вось гэта асноўны, рамачны план. Пасля, праз паўгода, эксперты прадстаўляюць нам свае распрацоўкі. Яны зацвярджаюцца Форумам, і пасля пачынаецца працэс прасоўвання канцэпцыі рэформы ў масы.

Наступнае пасяджэнне прызначана ўжо на 15 ліпеня. Падчас его эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў павінны прадставіць аналіз таго, што ўжо напрацавана ў сферы рэфармавання па тых шасці накірунках, якія былі вызначаны Форумам.

Спадзяюся, на гэтым пасяджэнні, з улікам дадзеных BISS, мы будзем здольныя вызначыць з шасці прыярытэтаў адзін, над якім і пачнуць працаваць эксперты.

— Вернемся да прыярытэта вызначанага Форумам. На ваш асабісты погляд — які з іх сёння найбольш актуальны для нашай краіны?

— Калі зыходзіць з таго, што мы хочам атрымаць ад гэтага праекту нейкую даданую вартасць, лічу, што трэба браць найменш распрацаваныя накірункі. З таго, што было прапанавана, на маю асабістую думку, найбольш актуальна стварэнне зоны свабоднага гандлю з Еўразвязам. З аднаго боку, тут менш за ўсе напрацовак. З другога гэта вельмі важна сёння для Беларусі.

Апазіцыю, як і грамадзянскую супольнасць, часам справядліва, часам не, але папракаюць у непрымірымых сварках і няздольнасці дамовіцца перш-наперш паміж сабой. Ці існуе пагроза таго, што і ў гэты раз добрая, здаецца, справа будзе пахавана ў бясконцых спрэчках? І як ставяцца да гэтай праблемы ўдзельнікі Форуму?

— Ведаеце, на першым пасяджэнні, кожная арганізацыя імкнулася пераканаць прысутных у тым, што менавіта вылучаны ёю прыярытэт з’яўляецца найбольш актуальным для грамадства. Але мы павінны вучыцца чуць адзін аднаго і пагаджацца. І вось як раз на глебе неабходных для краіны рэформ згоду і можна будзе знайсці, таму што ў рэшце рэшт усе мы зацікаўлены ў ажыццяўленні і такіх праектаў, і рэформ наогул. І тут паразуменне можна знайсці значна хутчэй, чым у некаторых палітычных пытаннях. Таму я спадзяюся на канструктыўную працу і на тое, што мы зможам прыйсці да агульных рашэнняў.

У шматлікіх канцэпцый рэформ, якія былі ў розныя часы распрацаваны ў нашай краіне, ёсць агульная рыса: вельмі мала з іх было нават часткова ўвасоблена ўладай на практыцы. Ці ёсць, на ваш погляд, шанец на тое, што ў гэты раз становішча будзе іншым і распрацоўкі незалежных экспертаў нейкім чынам зацікавяць тых, хто прымае рашэнні наконт рэфармавання?

— Ёсць важны фактар: акрамя апазіцыі і грамадскага сектару ёсць яшчэ і трэці гулец гэта Еўрапейскі звяз. Уласна кажучы, ён гэты праект і ініцыяваў. Таму мы разлічваем: калі мы зможам стварыць дэталёвыя і абгрунтаваныя канцэпцыі рэформ, мы атрымаем дапамогу Еўропы і ў перакананні беларускай улады ў тым, што гэта неабходна для Беларусі. А казаць сёння, што ўлада не зацікаўлена ў дыялогу з Еўразвязам, на мой погляд, нельга. Ёсць спадзяванне на тое, што реалізацыя рэформ будзе адной з умоў для паляпшэння адносін з ЕЗ, а гэта можа быць моцным аргументам для кіраўніцтва краіны.

Відаць, непрыемнае пытанне, але ж вось дадзеныя соцыялагічных даследванняў. Згодна з імі, толькі тры адсоткі апытаных беларусаў лічаць, што рэформы павінна распрацоўваць палітычная апазіцыя. Вам не здаецца, што гэта палітычны прысуд?

— Гэта не прысуд, а выклік. І мы сваёй працай, у тым ліку ў межах праекту «Рэфорум», павінны пераканаць грамадства ў тым, што палітычная апазіцыя здольная распрацоўваць рэформы. Прычым не на ўзроўні лозунгаў, а на ўзроўні канкрэтных, прадуманых крокаў. І як раз вынікі працы нашага Форуму ў рамках гэтага праекту павінен стаць адказам грамадству.

— Адзіны накірунак, над якім пачнуць працаваць эксперты, абавязкова павінен быць вызначаны 15 ліпеня? Ці магчымы варыянт, пры якім дыскусіі Форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці могуць быць прадоўжаны?

— Абмежаванняў няма і пасяджэнняў можа быць столькі, колькі трэба. Аднак я спадзяюся, што на наступным пасяджэнні мы зможам абраць адзін накірунак. У тым ліку і для таго, каб у экспертаў засталося больш часу дл я працы над ім. Таму, мяркую, што мы вызначымся.

Каментаваць