Імёны расстраляных у Курапатах, вядомыя Генпракуратуры, засакрэчаны

Імёны расстраляных у Курапатах, вядомыя Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, аднесены да дзяржаўных сакрэтаў. Пра гэта гаворыцца ў адказе ад 27 кастрычніка начальніка ўпраўлення Генпракуратуры па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігара Сеўрука на запыт прадстаўнікоў грамадскасці.



Нагадаем, што 28 верасня старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу звярнуліся з лістом да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка наконт імёнаў трох расстраляных у Курапатах, вядомых Генпракуратуры.

У лісце ўзгадвалася, што ў 1997–1999 гадах Генпракуратурай праводзілася дадатковае расследаванне пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.

9 лістапада 2001 года старшыня грамадскага аб’яднання “Дыярыуш” Ларыса Андросік звярнулася ў Генпракуратуру з пісьмовай просьбай давесці да грамадскасці асноўныя вынікі гэтага дадатковага расследавання.

У сваім адказе ад 7 снежня 2001 года начальнік аддзела па нагляду за выкананнем закону ў войсках і на транспарце Генпракуратуры, старшы дарадца юстыцыі А.Д.Доўбыш паведаміў, у тым ліку, наступнае:

"В процессе расследования дела удалось идентифицировать останки только трёх человек. При вскрытии захоронений найдены квитанции об изъятии у них денег при аресте, датированные октябрем 1939 и июнем 1940 годов. Уголовных дел на этих лиц нет. В связи с этим нет возможности выяснить, где они проживали, чем занимались и что им вменялось в вину". 

У сувязі з падрыхтоўкай грамадскасцю дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні” грамадзяне прасілі Аляксандра Канюка паведаміць выяўленыя супрацоўнікамі Генпракуратуры дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.

Аднак Генпракуратура не задаволіла просьбу грамадскасці, матывуючы сваю адмову тым, што “ўсе матэрыялы крымінальнай справы аднесены да дзяржаўных сакрэтаў”.

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей назвала адказ Генпракуратуры неабгрунтаваным, бо ў ім не названы нарматыўна-прававы акт, які налажыў грыф сакрэтнасці на матэрыялы, што маюць гістарычнае, маральнае і духоўнае значэнне для народа Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці.

Адказ на ліст грамадзян выклікае пытанне: ці не з’яўляецца доказам правапераемнасці палітыкі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі сённяшняя пазіцыя Генпракуратуры Рэспублікі Беларусь, што тычыцца засакрэчвання матэрыялаў па злачынствах таталітарнага рэжыму супраць свайго народу і адмовы паведаміць грамадству імёны ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў?

Трэба адзначыць, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 года пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.

Больш за 13 гадоў таму, 14 снежня 2001 года, Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.

Каментаваць