Імплементацыя міжнародных стандартаў у галіне свабоды рэлігіі магчыма і неабходна

Заявіла вядомая беларуская юрыстка ў галіне права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі Дзіна Шаўцова на міжнароднай канферэнцыі «Свабода рэлігіі ці веравызнання: агульныя прынцыпы і прававыя ўмовы рэалізацыі гэтага права ў розных дзяржавах (лепшыя практыкі)», што 8-9 лістапада адбылася ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў.



Дзіна Шаўцова


Паводле словаў юрысткі, айчыннае заканадаўства прадугледжвае абавязковую папярэднюю дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійных арганізацый, бо ў іншым выпадку згодна артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які дзейнічае з 2006 году, грамадзяне караюцца штрафам, арыштам на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў. 
 
 
«Трэба мець на ўвазе, што з прычыны сваіх перакананняў сябры некаторых рэлігійных суполак не рэгіструюцца, бо сам факт яе дзяржаўнай рэгістрацыі і атрымання статусу юрыдычнай асобы пярэчыць веравызнанню вернікаў. Такіх рэлігійных суполак у Беларусі даволі шмат. Яны існуюць, пра іх ведаюць, сябры гэтых суполак з 2006 году ходзяць пад “дамоклавым мячом” крымінальнай адказнасці. І гэты артыкул 193-1 крымінальнага кодэксу перыядычна выкарыстоўваецца праваахоўнымі органамі краіны супраць вернікаў» сказала юрыстка. 
 
 
Яна нагадала, што рэлігійная суполка можа быць створана па ініцыятыве не менш 20 дарослых грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі аднаго ці некалькіх сумежных населеных пунктаў. Юрыстка звярнула ўвагу на шэраг абмежаванняў правоў рэлігійных суполак, у тым ліку па тэрыторыі дзейнасці і ўдзелу замежных грамадзянаў.
 
 
На думку Шаўцовай, гэтыя і іншыя палажэнні айчыннага заканадаўства ў галіне свабоды сумлення парушаюць Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю. Юрыстка ўпэўнена, што абапіраючыся на гэты дакумент, Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі і дзеючае айчыннае рэлігійнае заканадаўства “можна і неабходна ўжываць прававыя механізмы дзеля імплементацыі міжнародных стандартаў у галіне свабоды рэлігіі”.
 
 
У якасці прыкладу Дзіна Шаўцова прывяла артыкул 40 дзеючага закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які прадугледжвае прыярытэт правілаў міжнародных дагавароў, заключаных Рэспублікай Беларусь, у тым ліку палажэнняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, перад айчынным рэлігійным заканадаўствам у выпадку іх несупадзення.
 
 
Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры філасофіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францішка Скарыны, сябра Беларускага Хельсінскага камітэту Віктар Адзіночанка адзначыў, што праблемы ўскоснай рэлігійнай дыскрымінацыі ў Беларусі, як правіла, вырашаюцца. На ягоную думку, гэта звязана з актыўнай пазіцыяй вернікаў і гатоўнасцю ўладаў пайсці на дыялог менавіта ў галіне свабоды веравызнання.
 
 
«У сваім імкненні кантраляваць грамадскае жыццё, як гэта было за саветамі, улады імкнуцца кантраляваць і дзейнасць рэлігійных структураў дзеля забяспячэння стабільнай сітуацыі ў краіне. Дзеля гэтай стабільнасці ўлады не ідуць на абвастрэнне адносінаў з рэлігійнымі арганізацыямі, а імкнуцца ўрэгуляваць канфліктныя сітуацыі» сказаў навукоўца.
 
 
На ягоную думку, розныя адносіны дзяржавы да вернікаў выкліканы геапалітычным становішчам Беларусі «паміж праваслаўнай Расіяй і каталіцкай Польшчай, якія традыцыйна супернічалі на тэрыторыі нашай краіны. Такое становішча захоўваецца і зараз»«Зыходзячы з адносін з Расіяй, праваслаўе на Беларусі мае характар афіцыйнай ідэалогіі, пра што неаднаразова заяўляла кіраўніцтва краіны. З іншага боку, наяўнасць палітычных праблем з Польшчай шмат у чым уплывае на адносіны беларускай дзяржавы да тутэйшай каталіцкай царквы» падкрэсліў філосаф.
 
 
Ён звярнуў увагу на тое, што замест агульнай дыскрымінацыі веруючых і паслядоўнай атэістычнай палітыкі ў савецкія часы дзяржава і грамадства зараз ўсяляк дэманструюць паважлівыя адносіны да вернікаў, якія раней цярпелі пераслед. Паводле слоў навукоўцы, пры захаванні традыцыі ўвогуле талерантных адносін да вернікаў дзяржава замінае рэгістрацыі ўзнікаючых рэлігійных суполак пратэстантаў і новых рэлігій, забараняючы іх місіянерскую дзейнасць і ствараючы цяжкасці з арэндаю памяшканняў для набажэнстваў.
 
 
«Нягледзячы на дамову 2003 году паміж Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы і Міністэрствам адукацыі пра тое, што святары могуць выкладаць у ВНУ факультатыўны курс “Асновы хрысціянскай культуры”, новы кодэкс аб адукацыі, уведзены ў мінулым годзе, не дазваляе гэта рабіць» сказаў Віктар Адзіночанка.
 
 
Ён адзначыў, што айчыннае заканадаўства надае статус традыцыйных веравызнанняў толькі пяці канфесіям з 25 і ставіць астатнія 20 канфесій за межы культурнай традыцыі.
 
 
Вядомы айчынны мастак, старшыня суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў распавёў, што на працягу апошніх 20 год у краіне існуе Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ), якая мае гістарычныя карані і некалі дзейнічала на Беларусі на працягу чатырох стагоддзяў. Паводле ягоных слоў, вернікі спрабуюць стварыць нацыянальную БАПЦ, незалежную ад Рускай праваслаўнай царквы.
 
 
«Аднак нашыя тры спробы зарэгістраваць БАПЦ на працягу дваццаці гадоў закончыліся безвынікова – нам адмаўляюць па беспадстаўным прычынам. Мы не спрабавалі абскарджваць такую пазіцыю уладаў, бо не бачым у гэтым аніякага сэнсу. Увогуле, лічым абразлівым для веруючых прасіць рэгістрацыю ў атэістаў» сказаў Генадзь Драздоў. 
 
 
Паводле ягоных слоў, вернікі БАПЦ пераследуюцца ўладамі: супраць айца Леаніда (Акаловіча) неаднаразова ўзбуджаліся адміністрацыйныя справы, а святар Пётр Гушча зведаў крымінальны пераслед.
 
 
Пастар царквы «Сям’я Божая» (Мінск) Рэлігійнага аб’яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі Валер Шэйбак падкрэсліў, што ў апошнія два гады ў царквы не ўзнікаюць аніякіх праблем у дачыненнях з чынавенствам.
 
 
«Наадварот, мы адчуваем нейкае пацяпленне з боку ўладаў да нашай царквы і прагу да дыялогу. Гэта праяўляецца ў тым, што чыноўнікі ідуць насустрач нашым сацыяльным праектам і самі звяртаюцца да нас з прапановамі аказання якой-небудзь дапамогі грамадзянам», -- сказаў пастар.
 
 
Разам з тым, паводле ягоных слоў, айчыннае рэлігійнае заканадаўства патрабуе дапрацоўкі. «З такой неабходнасцю мы сутыкнуліся пасля таго, як пабудавалі для сваёй царквы офіснае памяшканне, за якое суполка вымушана плаціць дзяржаве налог на нерухомасць, як камерцыйная арганізацыя» падкрэсліў Валер Шэйбак. Акрамя таго, ён адзначыў, што ў грамадстве пакуль не зусім зжытыя былыя стэрэатыпы наконт евангельскіх цэркваў.
 
 
У інтэрвью карэспандэнту НЧ пастар царквы «Рака жыцця» (горад Мазыр, Гомельская вобласць) Рэлігійнага аб’яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі Аляксей Сузько распавёў, што на пачатку мінулага году пад час перарэгістрацыі царквы ён разам з братам і маці атрымалі ад пракуратуры Мазыра афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку рэлігійнай арганізацыі, а таксама за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці.
 
 
«І хаця апошняе абвінавачванне з нас знятае пастановай Гомельскага абласнога суду, да гэтай пары застаецца ў сіле афіцыйнае папярэджанне за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі, што згодна артыкулу 193-1 крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў» сказаў пастар. Ён разам з братам і маці спадзяецца, што гэтае папярэджанне пракуратуры Вярхоўны суд прызнае незаконным і неабгрунтаваным.
 
 
У канферэнцыі, арганізаванай міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр вывучэння сучаснай рэлігійнасці» (Беларусь) і міжнародным аб’яднаннем «Адвакаты Еўропы» (Балгарыя), удзельнічалі прадстаўнікі Балгарыі, Беларусі, Велікабрытаніі, Расіі, Славакіі і Украіны.

Каментаваць