Ініцыятараў кампаніі супраць наваполацкага кантралёра запалохвае Следчы камітэт

Пра гэта карэспандэнту «НЧ» паведаміла адна з ініцыятарак збору подпісаў супраць кантралёра Шахліной. Яна кажа, што людзям, якія не згодныя з дзеяннямі кантралёра, тэлефанавалі са Следчага камітэта. Яны настойліва прасілі спыніць збор подпісаў за звальненне кантралёра з працы.



Неабыякавыя людзі, што паўсталі супраць кантралёра Шахліной, стварылі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» адмысловую суполку. У ёй яны змясцілі зварот да старшыні Наваполацкага гарвыканкама з просьбай звольніць з працы кантралёра і забараніць ёй працаваць у кантрольна-рэвізійнай службе. Таксама падпісанты звароту просяць судзеяння ў адэкватным разглядзе справы хлопца, які абараніў сям’ю ад дзеянняў кантралёра.

У выніку ціску адзін з першых, хто падняў гэтую праблему, навапалачанін Андрэй Собаль зачыніў суполку ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» пад назвай «Мы против такого контроля!!!» і спыніў збор подпісаў. Паводле слоў адной з ініцыятарак кампаніі, ціск на іх пачаўся пасля таго, як кантралёр заўважыла неабыякавых людзей за зборам подпісаў за яе звальненне. Яна сфатаграфавала зборшычкаў і звярнулася ў міліцыю.

Нагадаем, нядаўна ў інтэрнэце з’явілася відэа, на якім жыхар Наваполацку Аляксандр схапіў за валасы супрацоўніцу рэвізорскай службы Людмілу Шахліну. На відэа бачна, што спачатку кантралёр выказвае прэтэнзіі да маладой сям’і з дзецьмі — маўляў, яны не заплацілі за праезд. Кантралёр Шахліна спрабуе перашкодзіць пасажырам выйсці з аўтобуса. У выніку за сям’ю заступаецца іншы пасажыр, Аляксандр, хапае кантралёра за валасы. Тым часам сям’я выходзіць з аўтобуса.

На хлопца заведзеная крымінальная справа. Але варта заўважыць, што згодна з заканадаўствам, рэвізоры ў грамадскім транспарце не маюць права здзяйсняць адміністратыўнае затрыманне. Таму законнасць дзеянняў Людмілы Шахліной таксама выклікае сумнеў. Тым не менш, яе дзеянням дагэтуль не дадзена прававая ацэнка з боку праваахоўных органаў.

Каментаваць