Інтэлігенцыя вызначылася з датай Усебеларускага сходу

На травень 2016 года запланавана правядзенне V Усебеларускага сходу інтэлігенцыі.



На травень наступнага года запланавана правядзенне V Усебеларускага сходу інтэлігенцыі. Такое рашэнне было прынята вечарам 23 снежня ў Мінску на чарговым паседжанні грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі”.

Як адзначыў старшыня рады, вядомы беларускі кінарэжысёр і педагог Уладзімер Колас, за перыяд з апошняга IV Усебеларускага сходу інтэлігенцыі, які быў праведзены ўвесну 2007 году, адбылося шмат падзей, значна змянілася ўнутраная і міжнародная сітуацыя.

 “На вялікі жаль, у іншы свет адышло шмат шаноўных сяброў Рады беларускай інтэлігенцыі, добра вядомых у Беларусі і па-за яе межамі. Паколькі праблема маральных аўтарытэтаў нацыі не здымаецца, а толькі абвастраецца, паўстае пытанне абнаўлення складу рады і ягонага кіраўніцтва тымі аўтарытэтнымі людзьмі са свежымі ідэямі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і мужнасць яе адстойваць”, — сказаў спадар Уладзімер.

Паводле ягоных словаў, на сходзе плануецца абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні жыцця краіны і ролі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку яе маральнага выбару, праблемы наспяваючага эканамічнага крызісу і крызісу беларускай дзяржаўнасці. Неабходна даць належную ацэнку сітуацыі з пабудовай АЭС і размяшчэння расійскай вайсковай авіябазы, а таксама абмеркаваць стан беларускай мовы, адукацыі і культуры.    

Так, сход выкажа свае адносіны да пытання ўвекавечвання памяці выбітных беларускіх дзеячаў на прыкладзе праекту помніка народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву ў Мінску, а таксама да праблемы актывізацыі прарасійскіх структураў у Беларусі, у тым ліку шматлікіх мілітарызаваных дзіцячых і юнацкіх так званых ваенна-патрыятычных фармаванняў, што апякаюцца Рускай праваслаўнай царквой.  

 Уладзімер Колас

Апроч таго, сход абмяркуе сітуацыю ў дэмакратычнай супольнасці краіны, бо яе хваробы не вылечаныя, і той раздрай, што меў месца раней, набірае новыя абароты сёння, падкрэсліў Уладзімер Колас. Ён нагадаў, што Рада беларускай інтэлігенцыі ад самага пачатку свайго існавання паслядоўна выступала за кансалідацыю беларускага дэмакратычнага грамадства. “Зараз мы бачым спробы перахапіць нашу ініцыятыву і перацягнуць коўдру на сябе. Аднак існуе вялікая небяспека, што тыя, хто гэтым займаецца, робяць гэта не дзеля кансалідацыі нешматлікай беларускай грамадзянскай супольнасці, а дзеля задавальнення ўласных палітычных амбіцый”, — сказаў Уладзімер Колас.    

Нагадаем, што першыя чатыры сходы беларускай інтэлігенцыі, на якіх разглядаліся актуальныя праблемы жыцця грамадства і ролі нацыянальнай інтэлігенцыі ў іх вырашэнні, былі праведзены, адпаведна, 16 сакавіка 2003 года ў палацы культуры “Сукно” (Мінск), 25 красавіка 2004 года ў сталічным Доме літаратараў, 28 траўня 2005 года ў лесе пад Мінскам і 14 траўня 2007 года на беразе Нёмана ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, дзе 9 ліпеня 1906 году адбыўся нелегальны з’езд беларускіх настаўнікаў з удзелам класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.

Фота Марата Гаравога

Каментаваць