“Інтэрмарыюм”: Праблемы студэнцтва — гэта праблемы ўсяго грамадства

8 снежня 2015 года аргкамітэт па стварэнні Моладзевага грамадскага аб'яднання "Інтэрмарыюм" падаў дакументы на рэгістрацыю аб'яднання ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінаблвыканкама.



Днямі “Інтэрмарыюм”  атрымаў адмову. Прычынай нерэгістацыі называецца тое, што асоба, якая гарантавала юрыдычны адрас, адклікала гарантыйны ліст. Сам прадпрымальнік моладзі пра гэта не паведаміў.

Сёння падчас тэлефоннай размовы "Інтэрмарыюм" даведаўся, што над арэндадаўцам учынілі юрыдычную расправу. Пракуратура, выканкам і іншыя кантралюючыя органы наведалі яго з праверкай. Моладзь даведалася, што простым тэкстам шакаванаму бізнесмену паведамілі: калі ён будзе мець справы з арганізацый, на праверках справа не скончыцца. На дадзены момант прадпрымальніку вярнулі назад яшчэ не ўсе дакументы, распавялі ў "Інтэрмарыюм".

Нягледзячы на гэта, “Інтэрмарыюм” плануе распачаць дзейнасць.

“Інтэрмарыюм” ставіць за мэту аднаўленне культурных і сацыяльных сувязяў паміж краінамі Міжмор'я, а таксама спрыянне палітычнай і эканамічнай інтэграцыі рэгіёну.

Інтэрмарыюм, альбо Міжмор’е, — гістарычны рэгіён у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, які перадусім уключае Беларусь, Украіну, Польшчу і Літву.

Міжморская ідэнтычнасць грунтуецца на каштоўнасцях міру і асабістай свабоды. "Мы ўпэўненыя, што толькі такая інтэграцыя ёсць натуральным шляхам да дабрабыту і ўстойлівага развіцця краінаў рэгіёну ў доўгатэрміновай перспектыве, — адзначаецца ў прэс-рэлізе моладзевай арганізацыі. — Нашыя задачы ўключаюць развіццё грамадзянскай супольнасці, выхаванне асабістай адказнасці, фасілітацыю ўнутранага міру і крытычнага мыслення, а таксама прамоцыю дэмакратычных ідэалаў".

Учора “Інтэрмарыюм” зняў відэа з гісторыяй Глеба Вайкуля, актывіста руху #студэнтысупраць, якога выключылі з універсітэту за ўдзел у маршы студэнтаў 2 снежня. Глеб Вайкуль не баіцца адстойваць сваю пазіцыю да канца, таму безумоўна заслугоўвае павагі, адзначае “Інтэрмарыюм”.

Моладзевы звяз "Інтэрмарыюм" падкрэслівае, што цалкам падтрымлівае ідэі руху #студэнтысупраць. "Дзяржаўныя ўніверсітэты, за існаванне якіх плоцяць грамадзяне Беларусі, павінны працаваць у першую чаргу для студэнтаў. Акадэмічныя вольнасці і студэнцкае самакіраванне — шлях да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, таму мы лічым, што праблемы студэнцтва — гэта праблемы ўсяго грамадства", — адзначае моладзь.

Зараз “Інтэрмарыюм” працуе над наступным відэа з гісторыяй студэнцкага супраціву. Цягам месяцу плануецца арганізаваць у Мінску лекцыю на тэму гісторыі і будучыні Міжмор’я як геапалітычнай адзінкі. Таксама ў бліжэйшай будучыні распачнецца серыя мерапрыемстваў па крытычнаму мысленьню і лічбавай бяспецы.

“Інтэрмарыюм” у сацсетках: https://www.facebook.com/Intermarium.byhttps://vk.com/intermarium_byhttps://vk.com/studentsagainst

Паводле прэс-службы “Інтэрмарыюм”

Каментаваць