Іранца-хрысціяніна хочуць дэпартаваць на радзіму, дзе яму пагражае смерць

Беларускія ўлады хочуць дэпартаваць іранца-хрысціяніна, які пражываў у Беларусі апошнія 20 гадоў, на радзіму, дзе яму пагражае смяротнае пакаранне.



Пра драматычную сітуацыю Мехрдада Джамшыдзіяна, якога іранскія ўлады несправядліва абвінавачваюць у забойстве, а таксама ў здрадзе ісламу, распавялі на прэсавай канферэнцыі юрыст Цэнтра падтрымкі бежанцаў Алесь Міхалевіч, праваабаронца Раман Кісляк і сустаршыня аргкамітэта БХД Павал Севярынец.

Іранец Мехрдад Джамшыдзіян пражываў у Беларусі апошнія 20 гадоў. Ён сумленна працаваў, не парушаў закону, прыняў хрысціянства ў баптысцкай царкве, ажаніўся і гадаваў з жонкай-беларускай трох дзяцей. Аднак у 2012 годзе іранскія ўлады абвінавацілі яго ў забойстве сваёй маці і брата, якія прытрымліваліся апазіцыйных поглядаў. У той жа час дакументы сведчаць, што Мехрдад Джамшыдзіян падчас забойства знаходзіўся ў Беларусі. Сваякі Мехрдада таксама ўпэўненыя, што ён не мог здзейсніць злачынства. Беларускія ўлады адмовілі ў экстрадыцыі Мехрдада у сувязі з тым, што іранскі бок не прадставіў дастаткова доказаў яго вінаватасці, але адначасова пракуратура ініцыявала пытанне пра дэпартацыю іранца ў сувязі з тым, што… ёсць падазрэнне яго датычнасці да двайнога забойства ў Іране.

Праваабаронца Раман Кісляк упэўнены, што такая дэпартацыя фактычна з’яўляецца схаванай экстрадыцыяй, якую законна здзейсніць немагчыма. За падвойнае забойства і пераход у іншую веру іранцу на радзіме пагражае смерць. Праваабаронца мяркуе, што беларускі бок хоча выдаць Мехрдада, каб не сварыцца з каштоўнасна блізкім урадам Ірана. Зараз іранца актыўна шукаюць беларускія міграцыйныя службы. Яму было адмоўлена Дэпартаментам па грамадзянству і міграцыі ў прадастаўленні статуса ўцекача і дадатковай абароны. Суд з гэтым пагадзіўся. Усе сродкі унутранай абароны, паводле праваабаронцы, вычарпаныя.

Зараз у Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістраваная скарга, бо пад выглядам дэпартацыі фактычна задумана экстрадыцыя ў Іран. Дзяржава ў дадзеным выпадку не павінна прымаць ніякіх мер, пакуль пытанне не вырашана Камітэтам (правіла часовай абароны), аднак, як заўважыў Раман Кісляк, беларускія ўлады, гледзячы на іх паводзіны, не намераны выконваць гэтыя часовыя меры.

Паводле Рамана Кісляка, верагодная высылка Мехрдада ў Іран — грубейшае парушэнне Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь абавязана выконваць. “Зараз фактычна ідзе гаворка пра смяротнае пакаранне. Выратаваць Мехрдада можа любая іншая дзяржава, якая пагодзіцца ўзяць яго пад часовую абарону”.

Алесь Міхалевіч паведаміў, што ў Камісію кантролю файлаў інтэрпола пададзена заява пра тое, што Мехрдад унесены ў базу інтэрпола з падачы іранскіх уладаў з парушэннем. “Любы цывілізаваны суд запрасіў бы поўны пакет матэрыялаў следства”. Паводле Алеся, наша заканадаўства пра палітпрытулак дае права толькі жыць у краіне і працаваць, што ён сумленна рабіў.

Павал Севярынец паведаміў, што будзе весці перамовы на гэты конт з міжнароднымі структурамі (у тым ліку хрысціянскімі арганізацыямі) і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.


Каментаваць