Ірына Жыхар: Творчасць — гэта лад жыцця

Валяць з лямцу, танчыць фламенка, вандраваць, здзяйсняць мары, ствараць — людзі, якія перажылі рак, ведаюць, як трэба смакаваць жыццё.


 “Разам — у імя жыцця” — так называецца творчая гасцёўня Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў “У імя жыцця”, якая ладзіцца актывістамі ў Мінску і іншых гарадах краіны.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” завітала на сустрэчу ў сталіцы і апынулася ў надзвычайнай атмасферы падтрымкі, дабрыні, радасці і, вядома, творчасці.

У актавай зале абласной пушкінскай бібліятэкі ўсяго некалькі жанчын. З першага погляду становіцца зразумела: яны рыхтуюцца да свята — папраўляюць макіяж, апранаюць сцэнічныя касцюмы, наладжваюць праектар, падбіраюць музыку... У адным канцы залы на сталах раскладзены вырабы з лямцу — шалікі, пацеркі, завушніцы, цацкі… Усё гэта сваімі рукамі стварыла Вера, якой творчасць дапамагла выйсці з хваробы, і навучэнкі арганізаванага ёй гуртка па валянні.

 
Работы ўдзельнікаў гуртка па валянні

Работы ўдзельнікаў гуртка па валянні



За арганізацыйнымі клопатамі ўдаецца паразмаўляць з дырэктарам Цэнтра Ірынай Жыхар.

— Творчасць — гэта лад жыцця, таму што чалавек, які мае сэрца, пачуцці, розум не можа не быць творцам. А вось каб паказаць сваю творчасць, патрабуецца пэўная мужнасць. У мяне і маіх каляжанак не заўсёды яе стае, таму мы робім такія мерапрыемствы камернымі, запрашаем толькі анкапацыентаў і іх блізкіх. Арт-тэрапія вельмі індывідуалізаваная, бо гэта частка цябе, і яе трэба ў сабе адкрыць, а потым і прадэманстраваць. Сэнс жа не ў тым, каб паказаць, наколькі ты прафесійна робіш, а ў тым, колькі ў гэтым тваёй душы.




Тым часам удзельніцы ўсё прыбываюць, некалькі чалавек прыехалі на сустрэчу з Пінска. Нехта прыходзіць з кветкамі. Усе вітаюцца, усміхаюцца, размаўляюць, абдымаюцца, як добрыя сябры, і толькі пасля высвятляецца, што многія нават не знаёмыя паміж сабой. Але ці гэта перашкода, калі людзей аб’ядноўвае такое аграмаднае жаданне жыць і дарыць любоў? І гэтае жаданне проста выпраменьваюць іх вочы і ўсмешкі.

Сустрэчу наведала актрыса Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Ганна Анісенка, адна з гераінь кнігі “Жыццё пасля раку”, якая прадстала ў звычайным для сябе выглядзе: у вялізным цыліндры з чырвонай кветкай і клоўнскім чырвоным носам. Клоўн Доктар Нюша больш за 20 год штотыдзень наведвае хворых дзетак у Рэспубліканскім дзіцячым анкацэнтры ў Бараўлянах.

 
Вера, Ганна, Ірына

Вера, Ганна, Ірына



Хвароба не заўсёды бывае міласэрнай, таму на сустрэчы ўзгадалі тых, каго яна забрала. Сёлета падчас хвіліны памяці ўзгадвалі тых, хто адышоў з 2012 па 2014 гады — дзякуй Богу, за апошні год стратаў сярод сяброў Цэнтра не было. Нябеснай “групе падтрымкі” Ірына Жыхар прысвяціла песню, якую напісала сяброўка Валянціны Талкуновай Святлана Капылова, каб падтрымаць артыстку падчас хваробы. Выкананне песні пад гітару кранула прысутных да самых глыбіняў.

Пасля сустрэча перайшла на больш мажорны лад. Наталля, мініяцюрная жанчына ў павязанай на манер чалмы хустцы і ў чорнай у белы гарох сукенцы з валанамі іспанскага пакрою распавяла пра тое, як здзейсніла сваю мару.

— Я захапляюся фламенка, пачала займацца ім яшчэ да хваробы. Увогуле, заўсёды займалася танцамі — народнымі, усходнімі. Хацелася танцаваць і гаварыць целам пра ўсе пачуцці, і фламенка дазваляе гэта рабіць. І я захацела пабываць у краіне, дзе зарадзіўся гэты танец — Іспаніі.

Тады, у 2011, Наталлю спыніў рак малочнай залозы. Праз 4 гады — новая хвароба. Аперацыі, хіміі… Здавалася, бясконцаму лячэнню не будзе канца. Танцы на пэўны час скончыліся, а мара засталася. І сёлета яна ажыццявілася, нават удвайне: жанчына пабывала ў Ізраілі і Іспаніі.

— Не скажу, што я планавала гэтыя паездкі, але калі падвярнуліся туры, вырашыла не адмаўляцца. Бо вандроўкі, як і жыццё, нельга адкласці на пасля. Мары павінны здзяйсняцца. Нельга баяцца марыць, закрывацца ад жыцця. І я пазычыла грошай і паляцела ў сваю мару.

Наталля паказала фотаздымкі з вандроўкі, а пасля стала танцаваць. Эмоцыі танца складана перадаць словамі, і сказаць, што ён уразіў — усё роўна як змаўчаць.

 
Прэм

Прэм'ера новага танца ад Наталлі



Яшчэ адна гераіня гасцёўні — згаданая вышэй Вера.

— У 2013 годзе я захварэла. У мяне шмат сваякоў, таму была каласальная падтрымка — і маральная, і матэрыяльная. Але калі лячэнне скончылася, мяне “накрыла”.

Каб зноў пачаць жыць, Вера павінна была ўбачыць такіх жа людзей, як яна, пераканацца, што яны ходзяць, усміхаюцца. Так жанчына прыйшла ў групу падтрымкі анкапацыентаў і зразумела: яна таксама будзе жыць.

— Калі я прыходзіла ў сябе пасля лячэння, захапілася валяннем. Мне гэта вельмі дапамагло, калі пагружаешся ў творчасць, увесь негатыў знікае. І я падумала: калі гэта мне так дапамагло, чаму гэта не можа дапамагчы яшчэ каму-небудзь?
Так з’явіўся гурток па валянні з лямцу. Цяпер у Веры дзясяткі вучняў, яна дае майстар-класы ў розных гарадах і выношвае новыя творчыя ідэі. А яшчэ Вера марыць, каб у Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў з’явілася магчымасць працаўладкоўваць людзей, якія перажылі хваробу.

Падчас імпрэзы каля дзесяці жанчын падзяліліся сваімі ўласнымі гісторыямі творчага натхнення. Гаварылі пра ровары, вышыванкі, лекцыі, марскі більярд... Арганізатары рыхтуюць фотасправаздачу, якая ў хуткім часе з’явіцца на сайце Цэнтра oncopatіent.by.

Атмасферу творчасці дапоўнілі выступленні прафесійных музыкаў: гасцёўню наведаў дуэт выканаўцаў на флейце і віяланчэлі Ігара і Таццяны Скрыпко, якія сыгралі папуры джазавай і класічнай музыкі.

А завяршыла вечар закладанне новай прыгожай традыцыі. Ірына Жыхар распавяла, што цяпер у Еўропу прыходзіць звычай з Амерыкі ў першую нядзелю чэрвеня адзначаць Міжнародны дзень анкапацыента. І прапанавала падпісаць паветраныя шарыкі з пажаданнямі самім сабе, гэтаму свету, людзям, якія побач, і выпусціць іх у неба. Няхай лятуць і спрыяюць здзяйсненню мар і планаў — іх у актывістаў Цэнтра яшчэ вельмі шмат.

eurobelarus.info

Каментаваць