Ізраіль просяць дапамагчы высветліць лёсы забітых у Курапатах

Сярод сотняў тысяч ахвяраў расстрэлаў у Курапатах пакуль ідэнтыфікаваныя імёны толькі дзвюх асобаў.
“Габрэйскі камень” у Курапатах — адкрыты 29 кастрычніка 2004 года і зроблены з фрагменту пастаменту помніка Іосіфу Сталіну, які восем гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз — Кастрычніцкай) плошчы Мінска, пакуль не быў дэмантаваны за адну ноч.

“Габрэйскі камень” у Курапатах — адкрыты 29 кастрычніка 2004 года і зроблены з фрагменту пастаменту помніка Іосіфу Сталіну, які восем гадоў узвышаўся на Цэнтральнай (зараз — Кастрычніцкай) плошчы Мінска, пакуль не быў дэмантаваны за адну ноч.



Ліст у амбасаду Дзяржавы Ізраіль наконт узнаўлення імёнаў і лёсаў бязвінных ахвяраў сталінізму, расстраляных у Курапатах, накіравалі 21 красавіка актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”.

Сярод падпісантаў ліста на імя часовага паверанага ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь спадарыні Юліі Рачынскай-Співаковай — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 87-гадовы Вацлаў Нямковіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, а таксама аўтар гэтага артыкула.  

Аўтары ліста нагадваюць, што сярод накірункаў дзейнасці грамадзянскай ініцыятывы — судовая абарона Курапатаў, распаўсюд ведаў пра нацыянальны некропаль, а таксама ўзнаўленне імёнаў і лёсаў бязвінных ахвяраў сталінізму, расстраляных у лясным урочышчы.

У лісце, між іншым, паведамляецца, што напрыканцы 2001 года грамадскія актывісты атрымалі з Генеральнай пракуратуры Беларусі інфармацыю пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў па выніках дадатковага расследавання 1997–1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, распачатай у 1988 годзе. Гэтая інфармацыя ў той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ падчас адкрыцця Курапатаў у 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і  Мікола Крывальцэвіч — навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.
 
Паколькі Генпракуратура не паведаміла грамадскасці выяўленыя сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя на трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій, 14 снежня 2001 года Алег Іоў распавёў грамадскім актывістам, што яму вядомыя імёны двух з трох расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес (ці Мардахай Шулькес) і Мойша Іяхеевіч (ці Моўша Іасеевіч) Крамер. У іх 10 чэрвеня 1940 года ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.

Паколькі Генпракуратура адмовілася паведаміць выяўленыя яе супрацоўнікамі дадзеныя на расстраляных грамадзянаў, эксперты ў абарону Курапатаў звярнуліся ў суд. Аднак і суд адмовіў ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы па скарзе заяўнікаў на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генпракуратуры, нягледзячы на тое, што запытаныя дадзеныя пра ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій належаць да гістарычна-культурных, духоўных і нацыянальных каштоўнасцяў народу Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці, паколькі Курапаты маюць статус помніка міжнароднага значэння, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

У гэтай сітуацыі аўтары ліста просяць спадарыню Юлію Рачынскую-Співакову выкарыстаць дыпламатычныя магчымасці для пошуку дадзеных пра М.Шулескеса і М.Крамера ў дзяржаўных структурах Беларусі, а праз ізраільскія дзяржаўныя і навуковыя ўстановы, арганізацыі габрэйскай дыяспары паспрыяць пошуку сваякоў забітых дзеля ўзнаўлення іх асобаў і лёсаў.

Дарэчы, сярод сотняў тысяч курапацкіх ахвяраў на сённяшні дзень ідэнтыфікаваныя імёны толькі гэтых двух пакутнікаў, зазначаецца ў лісце.





Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-22 10:12:11
Ідэя някепская, але я сумняюся, што ў ізраільскім пасольстве будуць займацца высвятленнем лёсу людзей, якія не былі грамадзянамі Ізраіля (дзяржава ж толькі ў 1948 г. з'явілася).

Каментаваць