«Я — голас Курапатаў»

На здымкі фільму «Я  голас Курапатаў» запрашае кінарэжысёр Вольга Мікалайчык. Здымкі праводзяцца па серадах і суботах з 18.00.



Момант здымак стужкі «Я — голас Курапатаў»


Вечарам 15 лютага ў здымках удзельнічалі старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій» Зінаіда Тарасевіч, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў і былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі.
 
 
У інтэрвью карэспандэнту НЧ Вольга Мікалайчык распавяла, што ў паветры даўно вітала ідэя стужкі пра нейкую грамадскую кампанію па абароне Курапатаў.
 
 
 
 
 
«Справа ў тым, што былыя вязні ГУЛАГу сыходзяць у іншы свет на нашых вачах, а замоўчваннем у афіцыйных СМІ злачынстваў у Курапатах ахвяраў масавых палітрэпрэсій фактычна забіваюць другі раз.
 
 
І паколькі нармальнаму чалавеку  грамадзяніну Беларусі гэта трываць немагчыма, мы разам з Алесем Макаевым, Ганнай Шапуцька і Юляй Сцяпанавай шмат разважалі, у якой форме зрабіць гэтую кампанію. І вырашылі  у выглядзе зваротаў грамадзянаў да беларускай грамадскасці. Бо мне так прасцей, як рэжысёру, паколькі мы робім фільм за свае сродкі, не маем мажлівасці наняць рэйкі, кран, ліхтвагэн і асістэнтаў, а вымушаны шмат чым абмежавацца: здымаць без асістэнтаў старэнькай камерай, ліхтары якой трэба мяняць кожныя дваццаць хвілін.
 
 
Праз шчырыя, балючыя звароты герояў нашай стужкі хочацца абудзіць нацыю, каб сотні-тысячы людзей прыходзілі сюды на ўшанаванне памяці бязвінных ахвяраў сталінізму, што па вячарах 29 чысла штомесяц ладзяцца ва ўрочышчы. Бо без гэтага мы занепадзем у беспамяцтва. Таму я і назвала фільм “Я – голас Курапатаў”, бо душы бязвінна закатаваных ва ўрочышчы самі сябе фізічна не могуць абараніць. Адзінае, што яны на нябёсах за нас Бога просяць, а мы за іх Богу молімся на зямлі. Толькі жывыя могуць стаць голасам ахвяраў, парэшткі якіх спачываюць у Курапатах, іх крыкам “Людзі, ратуймася!”, бо пакуль мы не абаронім гэтае святое месца згубы нашых продкаў, нам няма куды ісці. Мы зноў прыдзем да таго, што нас зноў прывязуць сюды на машынах з нашымі дзецьмі і зноў заб’юць.
 
 
Мне ніколі не забыцца, калі ва ўрочышчы чыталі на літару “К” спісы ахвяраў палітрэпрэсій, расстраляных у Мінску і пазней рэабілітаваных. У спісе была сям’я з пяці чалавек, у тым ліку трое дарослых дзяцей. Дык бацькі маліліся, каб іх раней за дзяцей забілі», -- сказала Вольга Мікалайчык.
 
 
 
 
Яна запрасіла беларусаў розных прафесій, палітычных погяладаў і ўзросту -- жыхароў сталіцы, іншых гарадоў і вёсак Беларусі прыходзіць на здымкі гэтай незвычайнай стужкі.
 
 
Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў дапамагае здымаць фільм. Свой удзел у праекце ен матывуе так:
 
 
«Народны мемарыял у Курапатах паўстае. Крыжы ва ўрочышчы ўсталёўваюць сябры партыі КХП-БНФ і грамадскія актывісты з іншых партый, рухаў і ініцыятыў.
 
 
Аднак Курапаты патрабуюць большай заклапочанасці і ўвагі, найперш  з боку беларускай моладзі. Патрэбны менавіта яе высілкі, энтузіазм і валанцёрскі чын дзеля рамонту старых крыжоў, ўсталявання новых, добраўпарадкавання нацыянальнага некропалю і распаўсюды інфармацыі пра яго.
 
 
Справа ў тым, што ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі ёсць свае месцы масавых забойстваў бязвінных людзей, у сталіцы іх 14, але Курапаты з’яўляюцца нацыянальным сімвалам трагедыі беларусаў у эпоху сталінізму і павінны ім заставацца надалей. Мару, што некалі да справы абароны Курапатаў далучыцца і дзяржава, бо ва ўрочышчы ляжаць лепшыя сыны і дачкі Беларусі, якія змагаліся за яе дзяржаўнасць і незалежнасць».

Каментаваць