Яўрэі святкуюць Новы год

Новы год (Рош а-Шана) па яўрэйскім летазлічэнні надышоў 8 верасня. Але навагоднія святкаванні ў яўрэяў, як і ў беларусаў, цягнуцца не адзін дзень.

Цягам месяца прыпадае чарга святаў — Йом Кіпур, Суккот і Сімхат Тора. А фіналам навагодніх урачыстасцяў стане Фестываль яўрэйскіх восеньскіх святаў, які адбудзецца ў Мінску 3 кастрычніка.

Ён стаў ужо традыцыйным і ладзіцца ў Мінскім яўрэйскім супольным доме, упрыгожаны панадворак якога падчас імпрэзы выглядае надзвычай маляўніча. На вуліцы «яўрэйскіх майстроў» праводзяцца майстар-класы, у тым ліку і па навучанні асноўным элементам яўрэйскага танца, адбудзецца святочная латарэя. У намётах-станцыях можна даведацца пра традыцыі яўрэйскіх святаў, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні, пабачыць выставу «Мелодыі кахання» ізраільскай мастачкі Малкі Цэнцыпер. А ў музеі — выставу «Культурная спадчына Беларусі: Сінагогі — мінулае і сучаснае».

З канцэртам выступяць музыкі, сярод якіх і кавер-бэнд «Мінскае мора». І ў гэты дзень можна будзе пачуць трубны голас шафара, полага барановага рога, у які трубяць на Рош а-Шана. Ён абвесціць, што на яўрэйскім календары зараз ужо 5771 год.

А жадаюць адзін аднаму ў гэтыя дні тое ж, што і звычайна з надыходам Новага года. Каб ён быў шчаслівым і прынёс у кожную сям’ю радасць, цяпло і дабрабыт.

Арганізатары фестывалю запрашаюць адзначыць свята ўсіх жадаючых. Гасцей чакаюць 3 кастрычніка ў Мінскім яўрэйскім супольным доме (вул. В. Харужай, 28) а 13-й гадзіне. Уваход для ўсіх вольны.
 
Каментаваць