Як Беларусь стала «адзіным дастойным спадкаемцам» савецкай эпохі

Ці сапраўды савецкая адукацыя была моцнай, альбо гэта міф? Беларуская сістэма адукацыі — пераемніца савецкай? І як наладзіць адукацыйны працэс, адпаведны сучасным выклікам?
Кадр з кліпа Pink Floyd The Wall

Кадр з кліпа Pink Floyd The Wall

Адказы на гэтыя пытанні спрабавалі знайсці падчас дыскусіі філосаф і метадолаг, заснавальнік «Лятучага ўніверсітэту» Уладзімір Мацкевіч, прафесар, адзін з заснавальнікаў і першы прарэктар ЕГУ, сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў і кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі БДУ Таццяна Сініца.

«Прыматы» супраць лічбавага буму

У грамадстве прынята лічыць, што ў Савецкім Саюзе адукацыя была мацнейшая, чым цяпер. Але з якога пункту гледжання транслюецца гэта меркаванне? Бо пазіцыі вучня, настаўніка, метадыста РАНА, навукоўца, грамадскага дзеяча, палітыка па гэтым пытанні будуць адрознівацца. На думку Уладзіміра Мацкевіча, эфектыўнасць адукацыі ацэньваецца па поспехах краіны. Адказнасць за эканоміку, навукова-тэхічны прагрэс ці яго адсутнасць, перамогу ці паразу ў войнах нясе, перадусім, настаўнік.

— Да 1982 года было відавочна, што перавагі савецкай адукацыі засталіся ў мінулым, і трэба нешта рабіць. Прапагандысцкая ілюзія аб тым, што савецкая адукацыя — найлепшая ў свеце, стала ідэалагічным штампам, бо пачалася лічбавая эпоха, і Савецкі Саюз быў проста ў правале, — гаворыць філосаф і метадолаг. — Калі амерыканцы ўвялі камп’ютарную пісьменнасць у якасці абавязковага кампанента рэфармавання адукацыі ў 1960 годзе, то ў 1982 у Савецкім Саюзе ў гэтай сферы была пустэча. У Амерыцы ў гэты час быў лічбавы бум, а ў СССР у лепшым выпадку рыхтавалі «прыматаў» — прыкладных матэматыкаў.

Уладзімір Мацкевіч

Міф аб нацыянальнай выключнасці

— Савецкай адукацыі няма, гэта міф. Адукацыя ў Савецкім Саюзе — так, але не савецкая адукацыя, — перакананы Уладзімір Дунаеў.

Па яго словах, гэтая з’ява ўяўляе сабой як мінімум восем няўдалых рэформ. На думку прафесара, няма ніводнай «скразной» тэмы, якая б характарызавала савецкую адукацыю.

— Бясплатная? Савецкая адукацыя была і платнай з 1940 па 1956 г. — і сярэдняя адукацыя ў старэйшай школе, і вышэйшая. Але хто пра гэта цяпер узгадае? За год у Маскве і Ленінградзе трэба было плаціць 400 рублёў. Былі абмежаванні акадэмічных свабод і ўніверсітэцкай аўтаноміі.

Пазней, у 1985 г­­­­одзе, адбылася «ягадзінская» рэформа, якая ўводзіла вельмі падобную на сучасную еўрапейскую мадэль адукацыі. Тады паўстала пытанне аб неабходнасці двух адукацыйных цыклаў у вышэйшай школе (бакалаўрыят і магістратура). Таму, па словах Уладзіміра Дунаева, немагчыма ўкласці савецкую адукацыю ў лёгкую для разумення форму. Але ёсць міф аб савецкай адукацыі, які з’яўляецца часткай агульнай міфалогіі аб беларускай нацыянальнай выключнасці. Паводле яго, беларуская адукацыя «ўнікальная», і ў ім наша краіна выступае як «адзіны дастойны спадкаемца» савецкай эпохі.

— Але гэта проста апраўданне тупіка, у якім знаходзіцца наша адукацыя цягам многіх гадоў, — падсумоўвае сябра ГБК.

Уладзімір Дунаеў

Уладзімір Дунаеў

Час змяніўся, падыходы — не

На думку Уладіміра Мацкевіча, у 1920-1930-я гг. у Савецкім Саюзе была створана сапраўды ўнікальная сістэма адукацыі. Яна вырашала шэраг праблем, якія паўсталі перад краінай, каб вывесці яе на ўзровень індустрыяльна развітых дзяржаў. Вялікай перавагай была ўніверсальнасць адукацыі: чалавек мог пачаць вучыцца ў вну ў Сібіры, а пасля прыехаць у Беларусь і працягнуць навучанне амаль з таго ж узроўню.

— Адукацыя была адзінай для ўсіх, і гэта адпавядала патрэбам індустрыяльнага грамадства. Але індустрыяльнае грамадства скончылася, а савецкая адукацыя працягвала заставацца індустрыяльнай. І з 1960-х гг. яна стала адставаць ад патрэб сусветнага развіцця.


— Ёсць адзін пункт, які быў у савецкай адукацыі і застаецца цяпер — гэта стаўленне да чалавека, — лічыць Таццяна Сініца. — На жывых людзях правяраюцца стандарты, без таго, каб ацаніць перажыванні гэтых людзей. І мяне палохае, калі кажуць пра рэформы, не гледзячы на чалавека. Гэта традыцыя савецкай адукацыі. Адукацыя мусіць быць гнуткай, адгукацца на чалавека. Савецкая адукацыя ў пэўнай ступені выконвала сваю функцыю, падтрымлівала сістэму. І яе ж наша адукацыя імкнецца працягваць.

Таццяна Сініца

Старое не захавалі, на новае няма грошай

Безумоўна, нельга казаць, што савецкая адукацыя пакінула нам у спадчыну толькі дрэннае. Як ні дзіўна, але ад савецкага мінулага Беларусь атрымала ўніверсітэцкую аўтаномію: да 1996 года ў нашай краіне былі выбары рэктара. Праўда, як яны зніклі, амаль ніхто не заўважыў. Як і знікненне з Закона аб адукацыі ў 2009 годзе 34 артыкула аб акадэмічнай свабодзе і ўніверсітэцкай аўтаноміі.

У Беларусі ёсць і неаспрэчныя дасягненні ў прафесійна-тэхнічным навучанні. Адной з пераваг савецкай адукацыі была стандартызацыя, пры якой кожны мог дасягнуць любога ўзроўню адукацыі. У многіх краінах Захаду рамесная ці заводская адукацыя закрывала для людзей магчымасць вучыцца далей, а ў Савецкім Саюзе гэтага не было. Сапраўды, у Беларусі была найлепшая ў СССР прафтэхадукацыя, на якую можна было рабіць стаўку пасля распаду СССР. Але ў Мінску не было ўстаноў, якія распрацоўвалі планы і стратэгіі навучання, засталіся толькі выканаўчыя структуры, што прызвычаіліся выконваць указанні Масквы. Пазней такія інстытуцыі былі створаны, але яны не справіліся са сваёй задачай.


Сітуацыя з вышэйшай адукацыяй у сучаснай Беларусі кардынальна адрозніваецца ад таго, што было за савецкім часам. Праблема ў многім звязана з тым, што яна стала масавай, такога не было ніколі.

— Раней да 15% моладзі трапляла ў вну, а цяпер амаль 90%. У нас на першых курсах месцаў больш, чым выпускнікоў сярэдняй школы. Каб захаваць якасць адукацыі, неабходна ўкладаць у яе ўсё больш грошай. У нас вышэйшая адукацыя фінансуецца ўсё горш і горш. У развітых краінах ёсць норма, паводле якой трэба траціць на яе да 2% ВУП. У нас на гэта выдаткоўваецца каля 0,54% ВУП. У мяне ўражанне, што існуе пакт паміж грамадствам і ўладай: улада ў абмен на падтрымку прапануе танную адукацыю і непатрабавальнага працадаўцу, — занепакоены Уладзімір Дунаеў.


Балонскі працэс: мы ўжо спазніліся

Пачынаючы з эпохі Асветніцтва вышэйшая адукацыя была інструментам нацыятворчасці. Балонскі працэс, да якога далучылася Беларусь, пакліканы гуманітарна-тэхналагічнымі сродкамі сфармаваць еўрапейскую ідэнтычнасць. І нягледзячы на тое, што наша краіна не выканала Балонскія рэформы, яна нікуды ад гэтага не дзенецца. Проста чым горшай будзе адукацыя ўнутры краіны, тым большай будзе матывацыя ў беларускіх студэнтаў ехаць за мяжу і станавіцца часткай еўрапейскай ідэнтычнасці. Бо ўнутры Беларусі голас грамадскасці чутны вельмі слаба.

У той жа час Балонскі працэс — гэта вырашэнне праблем мінулага стагоддзя сродкамі мінулага стагоддзя. І мы ў гэтым сэнсе ўжо спазніліся. Але, чым працягваць адкатвацца назад, нам трэба рухацца хоць у нейкім напрамку.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-04-25 12:28:45
Дзіўным падалося тое, што па б-ч-б звычцы ў дыскусіі ў СМІ не прысутнічае ІНШАЯ ДУМКА. Толькі праведная прапагандысцкая б-ч-б! То бок толькі нянавісць да ўсяго беларускага. Пару дзён таму замкнула мне знайсці і адчыніць старонку Мінскага аўтамеханічнага тэхнікума, ў якім вучыўся з 1967 па 1971, и лепей бы не адчыняў - на інтэрнэт старонцы чырвона-зялёная прапаганда і паўсюль тырчаць вушы майго любімага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Два дні я ўжо ў шоку ад наведвання таго коледжу (так ён сёння завецца), які фактычна даў мне пуцёўку ў жыццё і нядрэнную базавую тэхнічную адукацыю. Такога ідэалагічнага дзярма, якое ўбачыў зараз, у час майго навучэння не было. Нешта не тое ў вашым дацкім каралеўстве з ідэалогіяй. Паспрабуйце без ідэалогіі рыхтаваць тэхнікаў і інжынераў. Але нажаль ці наўрад атрымаецца. Некалі ў вячэрнім БПІ не мог зразумець на фіга мне той марксізм-ленінізм, калі хачу быць інжынерам?! Але праграма думала за мяне інакш.
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-25 12:28:58
Таму вывучыў у БПІ НАПАМЯЦЬ толькі адзін прадмет Дэталі машын (ведаў канспект і кнігу ад першай да апошняй старонкі) і перад дыпломам вучыў той м-л-ізм, які быў на дзярж экзамене. Як мне падаецца інжынер з мяне атрымаўся. А веды па м-л-ізму згадзіліся толькі пасля прыбыцця ў ЗША, каб параўнаць амера і савецкае быццё. Болей за восем гадоў працую ў амерыканскім коледжы (ў двух інж лабараторыях - хімія і механіка, а таксама дапамагаю студэнтам у іх працы над курсавымі і дыпломнымі работамі), і магу параўнаць мой тэхнікум з гэтым амера коледжам, бо і там і там адукацыя была і ёсць цягам трох з паловай гадоў. Мой беларускі савецкі тэнікум не праігрывае сённяшняму амерыканскаму па тым ведам, які дае студэнтам. Гэта каротка. Да таго ж у гэтым годзе (праз месяц) упершыню мой амера коледж заканчвае малады беларус з Мінску. Ён жыве ў Нью Ёрку 17 гадоў. Таксама як і я застаецца ў Штатах. Не чапайце нашу адукацыю. Яна не горшая за амерыканскую. Яна лепшая.
  • Anatol Starkou
  • 2018-04-25 13:05:37
На фб старонцы НЧ Імярэк задаў мне пытанне: "Не чапаць?! А як жа ідэалогія?!"

Anatol Starkou: "Дык я ж сказаў: "Паспрабуйце без ідэалогіі рыхтаваць тэхнікаў і інжынераў." То бок як лічыў трыццаць гадоў з гакам таму, што ідэалогія непатрэбна, так і лічу. Але сёння яна прысутнічае таму, што ўсе мы ДЗЕЦІ ТАВАРЫША САЎКА і дзелімся на б-ч-б і ч-з. Апошнія пры ўладзе - вось і гоняць былыя камунякі сваю ідэалогію ў масы. Былі б б-ч-б пры ўладзе - вучылі б мы цытатнікі Сьвятога ібн Зяпона. То бок беларусы пакуль што саўкі і без ідэалогіі яны і ні туды, і ні сюды. Што датычыцца ЗША, то я не раз казаў: "Тут ГАЛОЎНЫ ІДЭОЛАГ Містэр Даляр." Бо інакш цяжка знайсці іншыя чыннікі поспеху эканомікі ЗША."
  • Укачака
  • 2018-04-27 09:15:36
што значыць не чапайце, Стракоў?
дзе тая адукацыя 1960-1970???
яе даўно няма
болей скажу: даўно няма нават той адукацыі канца 90-х (калі я вучыўся)
(адказваю Вам з кампетэнцыяй (0,25 ад выкладчыка БПІ :))) )
з другога боку - па СНГ справы яшчэ трохі горш, прынамсі па маёй спецыяльнасці
  • Anatol Starkou
  • 2018-05-07 14:26:27
Выпадкова заглянуў сюды, бо на сайце Куку ўбачыў сёння падобную тэму і вырашыў перанесці свае каменты адсюль з НЧ туды.

Кукарача ад 2018-04-27 09:15:36: "што значыць не чапайце, Стракоў?
дзе тая адукацыя 1960-1970??? яе даўно няма"

Не чапайце значыць не наламайце дроў. Бо смена системы образования есть суть революция, а значит беда, значит разрушения ситемы. Да таго ж РБ не такая багатая краіна, каб ставіць вопыты на сваім маладым пакаленні. Адзін з доказаў мной сказанага тое, што базавай адукацыі а-ля 60-70 гадоў мінулага стагоддзя ўжо няма. Але менавіта гэты час і час перад гарбачоўскай перабудовай далі магчымасць РБ вытрымаць першыя незалежныя часы пасля краху СССР. Што будзе надалей? Ня ведаю. Але провал между советским и постсоветским образованием адмоўна сказваецца ўжо сёння. Провал между поколениями образованных совков и не очень образованных постсовков.

Каментаваць