Як гістарычны будынак разабралі на цэглу для печак

Аб вёсцы Вошкаўцы (цяпер Ураджайная) Ляхавіцкага раёна ў канцы 19 стагоддзя ведалі ва ўсёй акрузе. Тут працаваў млын «з ангельскай турбамашынай», з якасцю яго мукі не мог параўнацца ніякі іншы. За апошнія пяць гадоў на вачах мясцовых жыхароў млын з больш чым векавой гісторыяй разабралі на цэглу, а ўнікальны механізм — скралі.
Рэшткі млына ў вёсцы Вошкаўцы (цяпер Ураджайная). Фота: Ірына Кузьміч

Рэшткі млына ў вёсцы Вошкаўцы (цяпер Ураджайная). Фота: Ірына Кузьміч


Пры гэтым млын стаіць на тэрыторыі Ураджайнінскага палацава-паркавага ансамбля 19 стагоддзя, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Пра тое, у якім жаласным стане знаходзіцца стары млын у вёсцы Вошкаўцы (была перайменавана ў Ураджайную прыкладна ў 1970-я гады), Intex-press паведаміў выхадзец гэтай вёскі Аляксандр. Раней ён прыязджаў сюды разам з бацькам і дзедам малоць зерне. Зараз ад млына засталіся руіны, а яго ўнікальны механізм бясследна знік і, хутчэй за ўсё, быў здадзены на металалом.

Каб перамалоць зерне, людзі стаялі ў чарзе тры дні

Мясцовыя жыхары расказваюць, што млын у Вошкаўцы ў канцы 19 стагоддзя пабудаваў пан Бохвіц. Які з Бохвіцаў, дакладна не вядома. Гісторык Дзмітрый Загацкій мяркуе, што гэта мог быць Ян Атон Бохвіц. Спачатку ў будынку размяшчалася «даілка» (дзе даілі кароў), а ў падвальным памяшканні захоўваліся сыры. Але вялікіх грошай гэта не прыносіла, і пан вырашыў перарабіць будынак у млын.

— Перш за ўсё ён выпісаў сабе інжынера з Германіі, які і ўсталяваў ангельскую турбамашыну. Нямецкі інжынер так да канца дзён і жыў у нашай вёсцы, прыжыўся. Тады такіх механізмаў не было: былі ветракі ці вадзяныя млыны. Але яны былі ненадзейнымі: няма ветру, або вада ў рацэ ўпадзе, і ўсё — стаіць млын. А наш працаваў спачатку на каменным вугалі, а потым на дызельным паліве, — распавядае мясцовы жыхар.
 
Маці пенсіянеркі Марыі Іванаўны працавала даяркай у пана Бохвіца. У пачатку 20 стагоддзя «даільню» перарабілі ў млын. Маці Марыі Іванаўны распавядала, што для таго, каб перамалоць зерне ў Вошкаўцы, людзі стаялі ў чарзе па тры дні, здымалі пакоі ў мясцовых.

— Пан запусціў на сваім млыне просты памол, «круперню», апрацоўваў ячмень і рабіў дробную сечку (ячныя крупы дробнага памолу). Потым запрацаваў «пыцель» (вальцовы млын). На ім муку рабілі 1 і 2 гатунка, вотруб'е, а мамам маладым малолі манную кашу для дзетак. Мая мама часта крупы перамолвала ў муку, з яе вельмі смачныя бліны атрымліваліся, — распавядае Марыя Іванаўна.

Так млын у вёсцы Вошкаўцы выглядала ў 2006 годзе. Фота: К. Шастоўскі, сайт radzima.org

Так млын у вёсцы Вошкаўцы выглядала ў 2006 годзе. Фота: К. Шастоўскі, сайт radzima.org


Пасля вайны млын перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Працаваўа ён да пачатку 2000-х, на ім замянілі некаторыя механізмы і гэтак жа малолі муку. Але потым з-за нерэнтабельнасці млын зачынілі, а на дзверы павесілі свірнавы замок.

У 2013 годзе адбыўся пажар і млын амаль увесь згарэў.

Пра прычыны пажару ў вёсцы ходзіць некалькі версій. Адна з іх — гэта наўмысны падпал: хтосьці ведаў, што ў будынку млына шмат металу, які можна выгадна здаць. У адкрытую красці пабаяліся, таму і падпалілі, каб з папялішча забраць усё, што трэба.

Другая версія: пажар — гэта выпадковасць. Мясцовыя кажуць, што ў апошнія гады ў будынак бегалі паліць дзеці і выпівалі мясцовыя «п'янюгі». Нехта кінуў запалку або пакінуў недакурак, будынак са старога дрэва, да таго ж поўны пылу, загарэўся.

Усё, што засталося ад млына. Фота: Ірына Кузьміч


Усё, што засталося ад млына. Фота: Ірына Кузьміч



Ад млына засталіся толькі дзве сцяны

Пасля пажару млын пачалі літаральна расцягваць, сцены разбіралі на цэглу. Механізм самога млына знік бясследна: па расказах мясцовых, яго вывезлі і здалі на металалом. Нікога не спыняла нават таблічка, што Ураджайнінскі палацава-паркавы ансамбль мае гісторыка-культурную каштоўнасць і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.


Калі спачатку цэглу і рэйкі разбіралі позна ўвечары, каб не прыцягваць увагу, то ў канцы 2017 года марадзёры ўжо прыязджалі да млына сярод белага дня. У адзін з выхадных дзён лістапада да будынка пад'ехаў аўтамабіль з прычэпам і малойчыкі, ніяк не хаваючыся, сталі выдзёўбваць са сцен старыя рэйкі. Пры гэтым яны разбурылі дзве сцяны будынка, вырвалі з вокнаў рамы, у якіх былі жалезныя пруты, разбурылі арыгінальны мур.

Я ніколі не думаў, што так па-варварску можна абысціся са старым будынкам. Проста жыўцом вырываюць з будынка старыя рамы дзеля жалезных прутоў. За пяць гадоў ад паўнавартаснага будынка засталіся толькі дзве сцяны, — кажа ураджэнец вёскі Аляксандр.

Аляксандр заклаў вокны старога млына, каб не дапусціць яго далейшага разбурэння. Фота: Ірына Кузьміч

Аляксандр заклаў вокны старога млына, каб не дапусціць яго далейшага разбурэння. Фота: Ірына Кузьміч


Аляксандр кажа, што вокны ён крыху заклаў цэглай, каб хоць крыху прыпыніць разбурэнне будынка.

— Чаму ніхто не адрэагаваў, калі сюды прыехала банда і малаткамі і ломамі разбурала ўсё так, што ва ўсёй вёсцы чуваць было? — абураны мужчына.

Рукамі развядуць і з'едуць

Мясцовыя жыхары таксама не разумеюць, як можна было за некалькі гадоў разваліць паўнавартасны будынак.

— Тут усе былі: і старшыні, і інжынеры, і аграномы. Прыедуць, патопчуць, рукамі развядуць і паедуць. А ад млына хутка ўвогуле нічога не застанецца, — распавядаюць у вёсцы.

Мясцовыя жыхары ахвотна дзеляцца сваімі ўспамінамі аб млыне і апавяданнямі, якія чулі ад сваіх бацькоў, але баяцца называць свае імёны.

— Мы людзі пажылыя, адзінокія. Калі іх не спыніла ўлада і таблічка, што гэта гісторыка-культурная спадчына, то страшна ўявіць, што з намі могуць зрабіць, — кажуць пенсіянеры.

Што кажа ўлада

У Навасёлкаўскім сельскім савеце Intex-press распавялі, што, калі даведаліся пра вандалізм, выехалі на месца, запісалі кантакты тых, хто разбіраў будынак. Па словах мужчыны, які прадставіўся «в.а. кіраўніка сельскага савета», будынак млына не ўваходзіць у спіс гістарычных каштоўнасцяў. Ён запэўнівае, што млын планавалі ўнесці ў спіс гістарычных каштоўнасцяў, але па нейкай прычыне гэтага не зрабілі. Будынак па дакументах належыць ААТ «Шлях Новы».

Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Шлях Новы» Віталь Кульбіцкі кажа, што на гэтай пасадзе ўсяго дзевяць месяцаў, але аб праблеме млына ведае.

— Калі я прыйшоў працаваць, млын быў ужо ў разбураным стане. Наколькі я ведаю, мінулыя дырэктара не рабілі ніякіх дзеянняў, каб яго захаваць. Зараз мы спрабуем абараніць рэшткі ад тых, хто будынак «дабівае», паведамляем пра такія факты ў міліцыю, — кажа ён.

Па словах Віталя Кульбіцкага, калі б ад млына засталіся хоць бы паўнавартасныя сцены, яны б сачылі за будынкам і можа нават аднавілі яго. Але цяпер ён ужо не верыць, што будынак можна хоць неяк адрамантаваць.

Сядзібны дом 17 стагоддзя — пад знос

Млын — не адзіная страта гістарычнай спадчыны вёскі Вошкаўцы ў 21 стагоддзі.

У 2010 годзе тут быў цалкам знішчаны сядзібны дом 17 стагоддзя. Ён быў узведзены яшчэ да Бохвіцаў з хвойнага дрэва. У будаўніцтве палаца выкарыстоўваліся выключна драўляныя цвікі!

Так выглядаў сядзібны дом у 2006 годзе. Фота: К. Шастоўскі, сайт radzima.org

Так выглядаў сядзібны дом у 2006 годзе. Фота: К. Шастоўскі, сайт radzima.org



«Непрыметны домік, які сваім цяперашнім выглядам мала адрозніваецца ад звычайнай хаціны, — адзін з найстарэйшых помнікаў драўлянай жыллёвай архітэктуры на Беларусі» — пісаў пра яе галоўны спецыяліст упраўлення Брэсцкага аблвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Леанід Несцярчук у сваёй энцыклапедыі замкаў і сядзіб Берасцейшчыны.

Ён так апісваў яе стан у 2010 годзе: «Яшчэ ў пазамінулым годзе палац выконваў ганаровую ролю ў сельскім жыцці: там размяшчалася амбулаторыя. Сёння яго дзверы адчыненыя для ўсіх жадаючых. Дакладней, іх папросту скралі. Аконныя рамы таксама камусьці спатрэбіліся. Унутры будынка — такі гармідар, нібы гэтая ціхая вёска перажыла татара-мангольскае нашэсце. Паклапаціцца аб тым, каб яго «прадухіліць», энтузіястаў, напэўна, не знайшлося».

Так зараз выглядае месца, дзе размяшчаўся сядзібны дом 17 стагоддзя ў вёсцы Вошкаўцы. Фота: Ірына Кузьміч

Так зараз выглядае месца, дзе размяшчаўся сядзібны дом 17 стагоддзя ў вёсцы Вошкаўцы. Фота: Ірына Кузьміч


У 2010 годзе, па словах мясцовых жыхароў, будынак сядзібнага дома 17 стагоддзя, «адзін з найстарэйшых помнікаў драўлянай жыллёвай архітэктуры на Беларусі», спачатку спалілі, а ўсё, што засталося ад будынка, закапалі.

intex-press.by, пераклад на беларускую — НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць