Як ідэолагаў Кобрына напалохала экскурсія

На мінулым тыдні грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех прапанаваў мне зрабіць экскурсію, прысвечаную гісторыі баёў Вераснёўскай кампаніі 1939 года на Кобрыншчыне.

Я даўно займаюся гэтай тэмай. У 2016 годзе на дзяржаўным канале АНТ выйшаў фільм “Бітва за Кобрын. Закладнікі сакрэтнага пратакола”.


Раней было шмат артыкулаў у кнігах і інтэрнэт-выданнях. Карацей, тэма для мяне блізкая і зразумелая. Больш за тое, я, маючы педагагічную адукацыю і з’яўляючыся кандыдатам гістарычных навук, люблю працаваць з моладзю і знаёміць яе з малавядомымі гістарычнымі фактамі. А ў Кобрыне мяне чакала некалькі дзясяткаў навучэнцаў школы №7, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю.

5 траўня ў 10 гадзін мы з экскурсантамі сабраліся на старых кобрынскіх могілках, побач з пахаваннямі абаронцаў горада ў верасні 1939 года. Падчас лекцыі-экскурсіі я расказваў пра польскую дывізію “Кобрын”, жаўнеры якой спынілі танкі Гудэрыяна. Дарэчы, сярод абаронцаў было шмат беларусаў і ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Большасць з іх загінула ў тых баях. Гэтыя людзі яшчэ ў верасні 1939-га зрабілі першы крок да Перамогі ў траўні 1945-га.

Таксама я распавёў пра гісторыю капрала Эварыста Зайкоўскага, які мог з’ехаць з Польшчы, але выбраў лёс жаўнера і загінуў 17 верасня 1939 года ў баях за Кобрын. Безумоўна, расказваў я і пра падзеі “вызвольнага пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”, і пра ахвяраў бальшавікоў.


Чытайце таксама:

Кобрынскія трагедыі 1939 года


Сваю экскурсію я ілюстраваў здымкамі з прыватнага архіву, а таксама ўніформай падпаручніка Войска Польскага ўзору 1936 года, у якую я быў апрануты. Рэакцыя кобрынчан была выдатнай. Дзеці і іх настаўнікі з цікавасцю і захапленнем слухалі факты з гісторыі сваёй зямлі, а таксама рабілі здымкі.


Прайшло ўсяго некалькі дзён — і з Кобрына прыходзіць шакуючая навіна: кіраўніцтва аддзелу адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкаму запатрабавала ад настаўнікаў школы №7, якія ўдзельнічалі ў маёй экскурсіі, напісаць тлумачальныя запіскі наконт мерапрыемства. Маўляў, “адбылася нейкая фотасесія, не важна з кім”.

Вось так, робіш добрую справу, расказваеш школьнікам гісторыю іх роднага горада на прафесійным і пры гэтым даступным узроўні, а тут у тваёй дзейнасці ідэолагі і чыноўнікі ўгледжваюць нейкую крамолу, а ахвярамі ўсяго гэтага становяцца звычайныя настаўнікі.

Сітуацыя да болю нагадала тую, што была ў 2014 годзе з выставай “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.”, якую зачынілі з Заслаўі. Тады адміністрацыю Музея-запаведніка таксама замучылі пісаннем тлумачальных, а потым звольнілі.

Крыўдна і сорамна. Я не палітык, а гісторык. Я працую дзеля таго, каб беларусы ведалі сваю гісторыю.

Дарэчы ўзгадалася гісторыя, якая яскрава ілюструе сутнасць нашых дзяржаўных ідэолагаў. Пару гадоў таму быў на канферэнцыі ў Польшчы. Былі там і прадстаўнікі народнай самадзейнасці з Беларусі на чале з адным з кіраўнікоў абласнога аддзела ідэалогіі.

Я даўно ведаў, што побач з гатэлем, дзе мы жылі, ёсць вялікія могілкі савецкіх жаўнераў, якія загінулі ў 1944–1945 гадах. А гэты ансамбль даведаўся, што побач ёсць вытворчасць таннага і добрага абутку. Жанчыны паехалі за навінкамі, а я далучыўся да іх, каб трапіць на могілкі. Едзем, размаўляем. Тая кіраўніца ідэалогіі пачынае расказваць, які добры Пуцін і якія кепскія ўкраінцы-бандэраўцы. Я не вытрымліваю, расказваю пра агрэсію на Данбасе, пра анэксію Крыма па сцэнару гітлераўскага аншлюсу Аўстрыі. І тут супрацоўніца ідэалагічнага ўпраўлення заяўляе мне: “З такімі поглядамі ты ўвогуле не павінене жыць у Беларусі. З’язжай у сваю гейропу”. Тут не вытрымліваю я: “Вы мне ўказваеце, дзе я павінен жыць? Мне, чалавеку, які едзе на могілкі савецкіх воінаў, каб пакланіцца праху тых, хто ваяваў побач з маім дзедам у 1944-м. У той час як вы, як апошнія чаўнакі, едзеце за таннымі шмоткамі ад палякаў, якіх вы не зносіце”.

Папрасіў спыніць машыну і выйшаў. Дабраўся да савецкіх могілак. Пакланіўся. Выканаў просьбу дзеда, які даўно прасіў наведаць яго аднапаўчан.

І вось пытанне: хто сапраўдны патрыёт Беларусі — я, незалежны гісторык, ці гэтыя дзяржаўныя ідэолагі?!

І экскурсія “Кобрын. Верасень 1939 года” і выстава “Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава”, якая працуе ў мінскай Галерэі TUT.BY, прымеркаваныя да свята Дня Перамогі. Важнага для маёй сям’і. Майго свята. Але я хачу, каб беларусы ведалі, што Другая сусветная вайна прыйшла на іх зямлю не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года. І першыя нямецкія бомбы на заходнебеларускія гарады ўпалі менавіта тады, а люфтвафэ навадзілі на Варшаву, Кобрын, Горадню і Берасце… з Мінску. Аб гэтым Масква і Берлін дамовіліся яшчэ ў жніўні 1939 года.

І калі мы кажам, што ў Беларусі “ніхто не забыты”, то трэба памятаць і гераізм чырвонаармейцаў, якія біліся супраць немцаў у Беларусі ў чэрвені 1941 года, вызвалялі нашую краіну ў 1944 годзе, а таксама беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, жаўнераў Войска Польскага, якія сказалі Гітлеру “не” яшчэ ў 1939-м.

А пакуль барацьба за гістарычную праўду працягваецца!

  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Михаил Радевич
  • 2018-05-10 23:03:33
“З такімі поглядамі ты ўвогуле не павінене жыць у Беларусі. З’язжай у сваю гейропу”.

В ответ четко и ясно говорится, что не всех фашистов еще добили: например, для коммунистов еще не было Нюрнберга, а крови на них поболее будет, чем на нацистах. Причем, крови своего же народа.
  • 25/7
  • 2018-06-14 20:21:29
Ты не патрыёт. Ты польски гисторык.

Каментаваць