Як выжыць настаўніку ды вучням?

Напачатку верасня беларусы падзяляюцца на дзве часткі. Адны думаюць, як выправіць дзіця ў школу, садок альбо ВНУ, другія шчыра радуюцца, што іх гэтыя праблемы не тычацца. Але найбольш вартыя спачування настаўнікі: ім і сваіх дзяцей трэба выправіць, і чужых прыняць.


Як ні дзіўна, гэтым разам для ўлады 1 верасня не павінна было быць нечаканым. Яшчэ напачатку жніўня Аляксандр Рыгоравіч правёў нараду па павышэнні значнасці настаўнікаў у жыцці краіны. Там казалася, што настаўнік — прафесія палітычная, што ў іх павінны быць варты статус і заробкі — інакш дзяржава згубіць лепшыя педагагічныя кадры. «Сітуацыя з матэрыяльным забеспячэннем настаўніцтва ўжо нясцерпная, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць належны заробак», — сказаў Лукашэнка.

Каб выканаць даручэнні кіраўніка дзяржавы, у адпаведных чыноўнікаў быў месяц. Але наша чыноўніцтва парадаксальнае, яно абвяргае ўсе законы прыроды, паводзінаў, а іншым разам — і фізікі з матэматыкай. Напрыклад, агульнавядомы псіхалагічны пастулат кажа: лепей за ўсё запамінаюцца апошнія фразы. Аднак адказныя за адукацыю запомнілі з прамовы Лукашэнкі не «плаціць належны заробак», а «нагрузіць настаўніка».



Якім чынам прапануюць палепшыць дабрабыт педагогаў? Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава лічыць, што адным са спосабаў фінансавай падтрымкі настаўнікаў можа стаць аказанне пазабюджэтных паслуг. І прывяла ў прыклад адну з мінскіх школ, дзе, як высветлілася, ІП арандуе памяшканне і рыхтуе дзяцей да школы. «Так і настаўнік можа арганізаваць гэтую ж працу і дадаткова зарабіць, як гэта адбываецца ў іншых школах», — зазначыла Качанава.

Гэта мяне заўсёды здзіўляла. Скажам, грамадзяне ўсё лета гарбацяцца на вёсцы, а потым дзяржава вырашчаныя імі гуркі ды бульбу запісвае сабе ў плюс як «створаныя ў прыватным сектары» — і чыноўнікі рапартуюць пра «харчовую бяспеку». Тое ж самае і зараз з настаўнікамі: яны будуць круціцца і рэпетытарстваваць у нешматлікія вольныя ад працы гадзіны, а Качанава пасля дасць справаздачу: «Падвысіўся ўзровень дабрабыту і заробкаў педагогаў». Але пры чым тут дзяржава?

Дый што замінае настаўніку проста зараз зарэгістравацца тым жа ІП-рэпетытарам і «аказваць дадатковыя паслугі»? Нішто, акрамя асабістай адказнасці педагога, бо гэта дрэнна адаб’ецца на асноўнай працы. Настаўнік з хранічным недасыпам — гэта палова настаўніка. А Качанава прапануе менавіта гэта.

І зноў жа пытанне — пры чым тут дзяржава? Падаецца, толькі пры тым, што рэпетытар-настаўнік будзе плаціць дадатковыя падаткі са сваёй дзейнасці. А дадатковы заробак — гэта ягоны заробак. Ён яго зарабіў. І Качанава тут — ні пры чым.

Іншы спосаб стымулявання настаўнікаў — звыклы, за кошт бацькоў навучэнцаў, — «вынайшаў» міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. У гэтым годзе некаторыя ВНУ на 100–150 дэнамінаваных рублёў павялічылі кошт навучання для першакурснікаў. У сярэднім год вучобы на каштуе 1900 «новымі». Альбо каля 1000 долараў.

Выраслі выдаткі на падрыхтоўку студэнтаў, кажа Жураўкоў. «Мы разлічылі рэальныя затраты, якія нясуць універсітэты на падрыхтоўку студэнта. Рэнтабельнасць у ВНУ мінімальная, — сказаў міністр адукацыі. — Але ўсе павінны разумець, што плата за навучанне не можа быць ніжэй выдаткаў ВНУ».

Выбачайце, але «рэнтабельнасці» дзяржаўных ВНУ не павінна быць увогуле! Бо, апроч платы за навучанне, усе грамадзяне краіны плацяць падаткі ў бюджэт, з якога фінансуецца адукацыя ў тым ліку. Зразумела, калі ВНУ прыватная, і дзяржпадтрымкі не атрымлівае, — гэта адна справа. Іншая — калі гэта дзяржаўная ўстанова. Падвышаць у ёй кошт навучання можна толькі тады, калі яна дае новыя веды і новыя магчымасці. У нас жа з гэтым — поўны швах.



Год таму Беларусь «авансам» прынялі ў Балонскі працэс. Для таго, каб стаць паўнавартасным яго ўдзельнікам, каб нашы дыпломы прызнаваліся за мяжой, і каб узровень адукацыі адпавядаў сусветнаму, трэба выканаць «дарожную мапу», якую прапанаваў Балонскі камітэт. А вось гэтага Жураўкоў рабіць адмаўляецца.

Прынамсі, ён заявіў, што не бачыць неабходнасці ў стварэнні ў Беларусі незалежнага агенцтва для кантролю якасці вышэйшай адукацыі (што з’яўляецца адной з умоў гэтай «дарожнай карты»). Па ягоных словах, ёсць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ), на які плануецца ўскласці функцыю ацэнкі ведаў студэнтаў. «Мы гэтым пытаннем займаемся, але займаемся ў адпаведнасці з нашымі індывідуальнымі нацыянальнымі асаблівасцямі сістэмы, — сказаў міністр. — Ідзе працоўны працэс, ніякай спешкі няма».

Яшчэ ёсць дэпартамент ацэнкі якасці ведаў пры Міністэрстве адукацыі. «Гэта афіцыйная структура, якая неабходна, каб хаця б пацвярджаць дыпломы, атэстаты, выдаваць ліцэнзіі. Гэта павінна рабіць структура дзяржаўная», — лічыць Жураўкоў.

Па-першае, дзяржаўныя структуры цяжка назваць незалежнымі. Па-другое, невыкананне ўмоў Балонскага працэсу прывядзе да таго, што праз пару гадоў нас адтуль папруць. Зноў пытанне — навошта нам тыя «рэнтабельныя ВНУ», дыпломы якіх не прызнаюцца ў свеце? За што мы ўвогуле плацім двойчы — праз падаткі і «за навучанне»?

Па-трэцяе, на думку сябра Грамадскага Балонскага камітэта, прафесара, заснавальніка ЕГУ Уладзіміра Дунаева, узровень ведаў беларускіх студэнтаў пакідае жадаць лепшага. «Беларускія выпускнікі ВНУ — самыя некампетэнтны ў рэгіёне», — сказаў ён у інтэрв’ю Оnliner.by. Ну і за што падвышаць аплату?

Ці не лепей выправіцца ў той жа вільнюскі ЕГУ, дзе за тую ж тысячу долараў на год атрымаеш еўрапейскі дыплом? Альбо ва Украіну, дзе за параўнальны кошт можна атрымаць адукацыю ў вядучых ВНУ краіны.

Такія думкі паўстаюць асабліва тады, калі даведваешся пра беларускія заробкі. Партал probusiness.by падлічыў, што за месяц у доларавым эквіваленце сярэдні заробак па краіне павялічыўся на $2,4 і дасягнуў $373,6. Аднак планку ў $300 у ліпені не змагла пераадолець палова рэгіёнаў. І толькі ў двух раёнах краіны і ў Жодзіна заробак вырас на велічыню, большую за ўзровень інфляцыі.

Каментаваць