Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Як знікалі дрэвы на вуліцах Гомеля (фотапараўнанне)

Гомель заўжды лічыўся зялёным горадам, у якім можна было прайсціся па вуліцах, што патаналі пад шатамі дрэваў. Сёння праблемы з азеляненнем абласнога цэнтра прызнаюць нават гарадскія ўлады і пракуратура.

Актывісты ініцыятывы «Smart Homel» параўналі фотаздымкі розных гадоў, каб паказаць, якімі зялёнымі былі вуліцы роднага горада.



«Гэтым праектам мы хацелі прыцягнуць увагу гараджан да таго, наколькі моцна зменшылася колькасць зялёных насаджэнняў у Гомелі, — адзначыў кіраўнік ініцыятывы «Smart Homel» Яўген Меркіс. — Часта ў дыскусіі са скептыкамі бракуе менавіта візуальных доказаў таго, што раней дрэваў было значна больш. Таму мы вырашылі звярнуцца да вельмі дзейснага спосабу фотапараўнання і вынік шакаваў нават нас саміх! Часам немагчыма паверыць, што на пэўных вуліцах было столькі дрэваў, прычым яшчэ літаральна некалькі год таму».


У 2016 годзе гомельскія ўлады заявілі аб намеры вярнуць Гомелю статус зялёнай сталіцы, але актывісты адзначаюць, што сітуацыя на вуліцах горада амаль не змянілася. У спробах вырашыць транспартных праблем кіраўніцтва горада працягвае практыку пашырэння дарог і будаўніцтва парковак. Пры гэтым праблемы з аўтатранспартам у горадзе так і не ўдалося цалкам вырашыць, а вось колькасць зялёных насаджэнняў праз такія дзеянні працягвае змяншацца з кожным годам.


«Мы пэўныя, што дрэвы неабходныя ў горадзе не толькі для экалогіі — яны ствараюць той самы камфорт і ўтульнасць пражывання і знаходжання ў ім як гараджан, так і турыстаў. Акрамя гэтага яны даюць ратунак ад спёкі летам, змяншаюць запыленасць, ветранасць і ўзровень шуму ўздоўж транспартных магістраляў», — адзначыў Зміцер Кірэенка, архітэктар і актывіст ініцыятывы «Smart Homel».


Застаецца спадзявацца, што гомельскія ўлады разумеюць маштаб праблемы, які бачны на фотапараўнаннях вуліц горада раней і сёння.


Безумоўна спробы змяніць сітуацыю ў «зялёнай» справе з боку ўладаў ёсць, але яны недастатковыя, лічаць актывісты. Так напрыканцы кастрычніка на вуліцы Савецкай высадзілі клёны на месцы былых дрэваў, але іх аб’ём недастатковы, асабліва ўлічваючы што пашырэнні вуліц і ліквідацыя зялёных насаджэнняў у горадзе працягваецца.


Таксама ў гэтым годзе чыноўнікі абвесцілі аб планах высадкі ў Гомелі 10 тыс. новых дрэваў, але ва ўмовах непразрыстасці дзеянняў нашых уладаў адсачыць дзе менавіта з’явіліся новыя насаджэнні надзвычай складана. «На жаль даводзіцца канстатаваць, што пакуль што ідзе пагоня за колькасцю, а не за якасцю», — пракаментаваў сітуацыю Яўген Меркіс.



Гарадская ініцыятыва «Smart Homel» мае намер працягнуць працу па ўзаемадзеянні з уладамі ў накірунку павелічэння азелянення нашых вуліц. Калі вы хочаце дапамагчы ў гэтай справе або маеце ўласныя ідэі, то лістуйце на smarthomel2016@gmail.com. Зробім наш горад утульным разам!


Яўген Меркіс і Зміцер Кірэенка, «Smart Homel»

Каментаваць