Як адкрыць беларускамоўныя групы ў садках

Для якаснага выхавання дзетак на роднай мове ў дашкольных установах. Гэтая праблема вечарам 26 верасня абмяркоўвалася на круглым стале, які адбыўся ў Мінску, у сядзібе «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».



Пасяджэнне круглага стала ў сядзібе ТБМ. Выступае старшыня грамадскага абяднання Алег Трусаў


Удзельнікі пасяджэння  актывісты ТБМ і бацькі прыйшлі да высновы, што ў кожным раёне сталіцы ўладам трэба вызначыць пэўную колькасць апорных садкоў з беларускамоўнымі групамі і прадугледзець, каб дзеці рознага ўзросту маглі патрапіць у гэтыя садкі. Прычым інфармацыя пра апорныя садкі з беларускамоўнымі групамі павінна быць даступнай для грамадзян і знаходзіцца як у раённых аддзелах адукацыі, так і ў інтэрнэце. 
 
 
Удзельнікі круглага стала выказалі неабходнасць звярнуцца да ўладаў па пытанню падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для беларускамоўных груп у садках і выданню неабходнай метадычнай літаратуры. На пасяджэнні адзначалася, што ў дзейнасці па зняццю праблемы беларускамоўных груп у садках неабходна абапірацца на назапашаны вопыт бацькоў і веды юрыстаў, а таксама на пастаянны грамадскі кантроль за вырашэннем чынавенствам гэтага актуальнага пытання.
 
 
Усе гэтыя праблемы ў бліжэйшы час будуць выкладзены ў лістах старшыні грамадскага аб’яднання Алега Трусава ва ўпраўленне адукацыі Мінскага гарвыканкама і ў Міністэрства адукацыі.
 
 
У інтэрвью карэспандэнту НЧ першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што спроба бацькоў па рэалізацыі натуральнага канстытуцыйнага права кожнага дзіцяці на атрыманне дашкольнай адукацыі па-беларуску вельмі часта застаецца безвыніковай. Паводле яе слоў, гэта адбываецца з прычыны абыякавага стаўлення да праблемы і ваяўнічага непрафесіяналізма беларускага чынавенства.
 
 
«Трэба сказаць, што ў сістэме адукацыі ёсць розныя людзі. Так, многія загадчыцы садкоў прыхільна ставяцца да жадання бацькоў аддаць сваіх дзетак ў групы, дзе выхаванне і адукацыя вядуцца па-беларуску. Але кіраўнічкі садкоў не могуць забяспечыць выхаваўчы працэс на належным узроўні, бо нашыя дашкольныя ўстановы адукацыі знаходзяцца ў вельмі бядотным стане – у кадравым і матэрыяльным плане. Гаворка ідзе пра недахоп выхавацеляў з добрым веданнем беларускай мовы, а таксама пра цякучку гэтых кадраў з-за мізэрнага заробку.
 
Вось чаму дзяржава высілкамі і вуснамі чыноўнікаў займаецца прыніжэннем бацькоў, якія жадаюць уладкаваць сваіх дзетак ў беларускамоўныя групы садкоў. Часам назіраецца сапраўдны гвалт над бацькамі і іх дзеткамі, якіх чыноўнікі ставяць у бяспраўнае становішча. Бо як інакш можна назваць сітуацыю, пры якой бацькі ў сваёй краіне, дзе яны працуюць і выплочваюць падаткі, не могуць забяспечыць канстытуцыйнае права сваіх дзетак на беларускомоўную адукацыю і выхаванне. Моцны стрэс атрымлівае і дзіця, якое першыя гады свайго жыцця выхоўваецца выключна ў беларускамоўным асяроддзі, але прыходзіць у садок, дзе знаходзіцца ў чужамоўным асяроддзі. Сітуацыя ўскладняецца, калі гэты стрэс дапаўняецца неспагадлівымі адносінамі да дзіцяці» падкрэсліла Анісім.
 
 
На яе меркаванне, нягледзячы на нейкія знешнія праявы беларускасці, што адбываюцца пад уціскам грамадскасці, застаецца жахлівай сітуацыя з ужываннем беларускай мовы ў сістэме адукацыі, пачынаючы ад садкоў і заканчваючы вышэйшай адукацыяй. «Не адбылося аніякіх зменаў у лепшы бок ў гэтым пытанні за ўвесь час існавання самастойнай Рэспублікі Беларусь» адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ.
 
 
Паводле яе слоў, грамадскае аб’яднанне ў каторы раз будзе прымаць свае захады праз лісты, звароты, інфармаванне грамадзян ў СМІ дзеля таго, каб паставіць праблему адкрыцця беларускамоўных груп у садках пад пастаянны грамадскі катроль і не здымаць яго да поўнага вырашэння гэтага важнага пытання.

Каментаваць