Як быць, то быць гаспадаром

“Дзе нарадзіўся — там і прыгадзіўся. Ад гэтай ідэі быццам бы адштурхоўваліся ініцыятары праграм будаўніцтва аграгарадкоў. Але які складнік адказвае за тое, каб вочы ў людзей гарэлі за сваю справу ды ў галаве не жыла думка “ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё? Адказ трэба шукаць у гаспадароў.



“Дзе нарадзіўся — там і прыгадзіўся. Ад гэтай ідэі быццам бы адштурхоўваліся ініцыятары праграм будаўніцтва аграгарадкоў. Але які складнік адказвае за тое, каб вочы ў людзей гарэлі за сваю справу ды ў галаве не жыла думка “ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё? Адказ трэба шукаць у гаспадароў.


Цяпер ёсць дзве дзяржаўныя праграмы, накіраваныя на развіццё сельскіх рэгіёнаў. Гэта Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады і Дзяржаўная праграма развіцця малых гарадоў. Рэсурсы гэтых праграм у асноўным скіраваныя на падтрымку калектыўнай сельскай гаспадаркі, дзяржаўных прадпрыемстваў і будаўніцтва жылых дамоў для працаўнікоў сельскагаспадарчых кааператываў. Чалавек жа па-сапраўднаму перажывае найперш за сваё.

У мястэчку Камарова, што на Мядзельшчыне, жыве даволі вядомы для тых, хто цікавіцца тэмай прыватных ініцыятыў, гаспадарнік Эдуард Вайцяховіч. Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў ён арганізаваў сваю першую прадпрымальніцкую справу. І ў няпростых умовах дзяржаўнага кіравання яна не толькі не загнулася, а даволі паспяхова працуе і ў нашы дні.

У Камарова намаганнямі апантанага Вайцяховіча быў заснаваны Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова, потым паўстала грамадскае аб’яднанне «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю».

Чым англійскі гной адрозніваецца ад беларускага

Спадар Эдуард з імпэтам праводзіць экскурсію па мястэчку. У Камарова захавалася прыгожая сядзіба, што раней належала графу Старжынскаму, радавое гняздо якога было пад Варшавай. Да гэтага часу на тэрыторыі сядзібы ёсць флігелі, свіран, кароўнікі, майстэрня і жылы дом для рабочых. Ад сядзібы крочым да сучаснай кацельнай на мясцовых відах паліва і пякарні. Па дарозе гаспадар распавядае нам пра сённяшнія аграсядзібы, што прымаюць гасцей не толькі з Беларусі. “Пісьменніца з Аўстраліі прыязджала — два тыдні тут жыла і пісала кнігу. Плаціла за гэта, бо ёй падабалася, — з гонарам адзначае ён.

Увогуле, Эдуард Вайцяховіч трымаецца надзвычай пазітыўнай ідэі: гісторыю свайго краю трэба выкарыстоўваць з розумам, але найперш усвядоміць, што беларусы нічым не горшыя за немцаў ці шведаў.

Так, сваіх сыноў спадар Эдуард адпраўляў на стажыроўкі ў фермерскія гаспадаркі Англіі, каб тыя пераканаліся, што “англійскі гной пахне гэтак жа, як і беларускі.

“Не трэба думаць, што ты разумнейшы за Бога і можаш кіраваць. Няма Бога апроч Бога. Але трэба людзям раскрыць вочы і, самае галоўнае, паказаць беларусам, што яны не горш за немцаў. А ў нас прывыклі часам думаць, што мы, беларусы, не можам. Ці яшчэ адмазка ёсць: у немцаў грошы, ім даюць... А чаму мне ніхто не дае? Трэба рабіць, але найперш — пераканаць сваіх дзяцей, што і ў мяне атрымалася. Мае хлопцы ў мяне вераць, а калі вераць хлопцы, то будуць верыць сябры, — з запалам распавядае спадар Эдуард.

Палац графа Старжынскага



Страчанае пакаленне

Калі праехаць па краіне, то сапраўдных гаспадароў, якія моцна стаяць на сваёй зямлі, можна пабачыць нямала. Праўда, збольшага гэта будуць людзі старэйшага пакалення. Каб паказаць маладым беларусам вабноты ўласнай справы ды арганізацыйныя асновы, Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова і грамадскае аб’яднанне “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю стварылі школу маладога прадпрымальніка. “У нас міжнародная праграма са Скандынавіяй: едзь, дзетка, павучыся там фермерскай гаспадарцы, малому бізнэсу, турызму. Але не трэба, каб малады чалавек ехаў у Скандынавію і дапамагаў шведам. Наша зямля, беларуская, нічым не горшая, — падкрэслівае Вайцяховіч, і з жалем працягвае думку пра страчаныя магчымасці: — Мы дваццаць гадоў жывём пры беларукім капіталізме, а вы ўжо хочаце нейкіх працэсаў. Мы іх яшчэ і не пачалі, па вялікаму рахунку! Мы страцілі цэлае пакаленне дзяцей, але ў гэтай групе мы пачынаем працаваць, і ўлады гэта ўжо разумеюць.

Сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў аказвае гэтаму праекту кансультацыйную падтрымку. Старшыня саюза Уладзімір Карагін гаворыць, што ініцыятыўных маладых людзей у Беларусі хапае, але ім бракуе элементарных ведаў — з чаго ўсё пачынаць. “Людзі з ініцыятывай ёсць, але іх магло б быць больш. Справа ў тым, што вельмі мала надаецца ўвагі праблемам маладых людзей. Большасць з іх папросту не ведаюць, з чаго пачаць. Няма алгарытму ўваходу ў рэалізацыю ўласнага праекту, генерыравання яго, умення сабраць людзей, рэсурсы. То бок на шляху маладога чалавека стаіць вельмі многа незразумелых пытанняў, — канстатуе кіраўнік прадпрымальніцкага саюзу. — Уся інфармацыя вакол нас цяпер збольшага забаўляльнага характару. Мы вельмі мала гаворым пра надзённыя праблемы, мала дзелімся досведам. І маладыя людзі не бачаць прыкладаў. Важна пераадолець і страх перад жаданнем “высунуцца, праявіць сябе. Гэта кладзецца і на нашу ментальнасць, бо лічыцца, што асабліва “высоўвацца не этычна, не культурна. Экранная мадэль дэманструе нам, што бізнэсмэн мусіць ездзіць на дарагіх машынах, жыць шыкоўна, і гэта цісне на моладзь. На нашых сустрэчах маладыя людзі гавораць, што не хочуць з’язджаць, але думаюць, што будуць пачувацца тут няўдачнікамі. Мы прывозім на сустрэчы паспяховых людзей, якія распавядаюць, як пачыналі сваю справу, як таксама баяліся і сумняваліся. І, калі ёсць рынак для ідэй, ёсць рэсурсы, то ўсё вырашальна. Крок за крокам.

За гэтымі размовамі пра індывідуальнасць можа падацца, што ўся соль у хутарской гаспадарцы, аднаасобнасці. Але не: “Будзе харошы старшыня калгаса, але ён памрэ, дык нічога і не застанецца, павер мне. А застанецца тады, калі ў кожнага будзе свая справа. Вось тады гэта будзе жыццё, калі ад старшыні калгаса нічога не будзе залежаць. Павер, вось у гэтым жыццё. Трэба ў людзей верыць! Ты ж сам не можаш нічога зрабіць, у нас толькі адзін чалавек усё хоча сам рабіць, — разважае Вайцяховіч.



Аднаго жыцця мала

Але будзем шчырымі: многія ідэі, каб увасобіцца ў рэальнасць, патрабуюць фінансавай падтрымкі. Ці лёгка ў Беларусі папрасіць грошай у дзяржавы на сваю справу, на тое ж абсталяванне пякарні — пытанне хутчэй рытарычнае. Разам з тым добрыя праекты на “ўра ідуць у фондаў і арганізацыяў замежжа. Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва “Камарова супрацоўнічае з мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам (ІВВ), Сусветным банкам, Глабальным экалагічным фондам ды іншымі. Менавіта яны прымалі ўдзел у розных праектах, у тым ліку фінансава, кансультацыямі. Шукайце і знойдзеце — бадай што ўніверсальнае правіла.

Кіраўніца мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Вольга Рэнш з Эдуардам Вайцяховічам знаёмая добра, і яна адзначае яго персанальную зацікаўленасць у справе, бо добры праект на паперы — гэта невялікі складнік поспеху. “Канешне, людзей старанных многа. Але ён — асаблівы. З усіх таленавітых, старанных людзей ён асаблівы, і гэтая асаблівасць у тым, што, калі слухаць яго планы, то аднаго жыцця не хопіць, каб іх рэалізаваць. І планы гэтыя дэталёвыя, распісаныя, не хапае толькі аднадумцаў, каб іх пераўтвараць у жыццё. Рэдкага розуму і стараннасці чалавек, — агучвае, відаць, справядлівую характарыстыку Эдуарда Вольга Рэнш. Да слова, адзін з сумесных праектаў з ІВВ скіраваны на ўстойлівае развіццё Свірскага пасялковага савета, на тэрыторыі якога і знаходзіцца Камарова. То бок размова ідзе не пра вузкія інтарэсы аднаго чалавека, а комплексныя праграмы для пэўных рэгіёнаў.

Як не піць гарэлку на працы

Каб працягнуць думку пра карысць міжнародных праектаў і абменаў, узгадаем Занарач. Гэта вёска таксама месціцца ў Мядзельскім раёне. Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “ЭкаДом (Мінск) сумесна з германскай дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля рэалізуе ў Занарачы гуманітарную праграму па будаўніцтву жылых дамоў для маладых сем’яў з дзецьмі, якія пражываюць на забруджаных ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыях. Для сямей, якія хацелі пераехаць на чыстыя землі, была толькі адна ўмова — прымаць непасрэдны ўдзел у будаўніцтве дома па новай тэхналогіі.

Дамы гэтыя з чароту і гліны (аналагічная будоўля вядзецца цяпер у вёсцы Стары Лепель у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці). Было тое ў 1996 годзе. Валянцін Харошка акурат з ліку нямногіх смелых людзей, якія першымі адважыліся пагадзіцца на такую авантуру. Хаця, па яго словах, было спачатку страшна. “Быў сакавік, мы прыехалі глядзець пляцоўку, і нам паказалі чыстае поле, — узгадвае, як пачыналася жыццё ў Занарачы Валянцін. Першы раз з васьмі энтузіястаў засталося толькі трое. Але, паглядзеўшы на поспех справы, пазней да сумеснага праекту па будаўніцтву дамоў далучыліся іншыя сем’і. Валянцін Харошка гаворыць, што не шкадуе пра свой пераезд, бо “ў Мінскай вобласці ўсё ж ёсць нейкі рух, хаця і з гэтай вёскі моладзь з’язджае ў гарады. Ён заўважае, што знаёмства з немцамі, якія не толькі дапамагалі фінасава, але і прыязджалі валанцёрамі на будоўлю, паўплывала на светапогляд людзей. “У нас фактычна ніхто не п’е на працы — вось што мы ад іх узялі, — рэзюмуе Валянцін.
 

Каментаваць