Якія санкцыі эфектыўныя?

Беларускае пытанне — аповед бясконцы і алагічны. Еўрапейская дыпламатыя, у якой на стратэгічных межах непрадказальны палітык, у каторы раз губляецца ў метадах уздзеяння. Спробы дамовіцца па-добраму абарочваюцца роляю «сам дурань», а «прымусіць да міру» перашкаджаюць суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны. Застаецца апеляваць да тактыкі «people to people contacts» — яна, прынамсі, выглядае натуральнай для Еўропы. Хаця праблемы не вырашае.

Беларускае пытанне — аповед бясконцы і алагічны. Еўрапейская дыпламатыя, у якой на стратэгічных межах непрадказальны палітык, у каторы раз губляецца ў метадах уздзеяння. Спробы дамовіцца па-добраму абарочваюцца роляю «сам дурань», а «прымусіць да міру» перашкаджаюць суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны. Застаецца апеляваць да тактыкі «people to people contacts» — яна, прынамсі, выглядае натуральнай для Еўропы. Хаця праблемы не вырашае.

З прапановай у рамках названай тактыкі Беларусь наведваў пасол па асобых даручэннях МЗС Чэхіі Петэр Марэш. Падчас двухдзённага візіту ён меў сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС, міністэрстваў культуры і адукацыі, БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук, дзе і абмяркоўваў магчымыя шляхі супрацоўніцтва ў абыход вышэйшых інстанцый. Хаця паверыць у тое, што БДУ будзе весці праекты без ухвалення Мінадукацыі, выглядае няпростай задачай. «Адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам апошні час знаходзяцца ў свайго роду тупіку і не рухаюцца наперад, — дзяліўся Петэр Марэш з журналістамі падрабязнасцямі свайго візіту. — Чэшская дыпламатыя імкнецца развіваць тыя адносіны, што не звязаныя з дзяржорганамі. Я прыехаў сюды гаварыць пра магчымасці супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, супрацоўніцтве паміж ВНУ краін ЕС і Беларусі, пра магчымасці стыпендый для студэнтаў і гэтак далей».

Пры гэтым, па словах Марэша, тэма палітвязняў ні ў адной з сустрэч не здымалася. «Як заўсёды, на сустрэчах мы закранулі тое, што мы называем праблемамі ў нашых адносінах — гэта агульнапрынятыя каштоўнасці. Але тэма на гэты раз не развівалася, — патлумачыў чэшскі дыпламат. — Вызваленне палітвязняў — гэта першы крок для развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Я нічога новага сюды не прывёз. Мае калегі ў МЗС гэта добра ведаюць». На пытанні, ці нармальна ісці на падобныя перамовы, калі ў турмах знаходзяцца людзі, спадар Петэр Марэш адказаў пытаннем: «Лягчэй было б сказаць: яны не згодныя з нашымі еўрапейскімі каштоўнасцямі, выбары тыя ж самыя ў іх. Хай жывуць сабе ў рэзервацыі, навошта яны нам?» Напрыканцы сустрэчы ўжо ў прыватнай размове чэшскі дыпламат заўважыў, што тэма правоў, свабодаў і палітвязняў не можа быць забытая прынамсі ўсходнееўрапейскімі палітыкамі, і не толькі таму, што Беларусь у сферы геапалітычных інтарэсаў Польшчы, Чэхіі, у адрозненні, напрыклад, ад Іспаніі ці Грэцыі. «Я памятаю, як выглядае турма знутры», — рэзюмаваў пасол па асобых даручэннях МЗС Чэхіі.

Калі гаварыць пра палітыку санкцый, то часта можна пачуць словы, што яны не эфектыўныя. Але што разумеецца пад эфектыўнасцю? Лібералізацыя беларускага рэжыму і паварот да нармальных традыцый выканання правоў чалавека і пераемнасці ўлады? Гэта немагчыма ў прынцыпе паводле партрэту беларускага лідара. Змена ўлады? Але для гэтага санкцыі мусяць быць сапраўднымі, узгодненымі ўсімі палітычнымі бакамі ЕС і вытрыманымі ў часе. Дарэчы, інтэрнэт-партал naviny.by апублікаваў інфармацыю, што адна з вядучых міжнародных праваабарончых арганізацый рыхтуе да публікацыі справаздачу па сітуацыі ў Беларусі. І ў дакуменце будзе адведзена месца крытыцы санкцый ЕС у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай дзяржавы. У прыватнасці гаворыцца аб тым, што замарожванне рахункаў некаторых беларусаў, якія падазраюцца ў датычнасці да кіраўніцтва дзяржавы і фінансавай падтрымцы Лукашэнкі, не перашкодзіла гэтым асобам працягваць сваю камерцыйную дзейнасць на тэрыторыі Еўропы. Згадваецца і факт таго, што ў 2011 годзе на ЕС прыходзілася 38% беларускага экспарту (Белстат пацвярджае лічбамі значнасць заходняга партнёра), адпаведна, эканамічны складнік супрацоўніцтва ў падтрымцы балансу беларускага рэжыму істотны.

З вышыні «чырвонага дому» рызыку санкцый ацэньваюць не горш за еўрапейскіх праваабаронцаў. Відаць, таму рэгулярна з вуснаў палітычнага лідара Беларусі агучваюцца нервовыя пасажы. Так, 20 лютага, прымаючы даверчыя граматы ў амбасадараў Аргенціны, Ізраіля, КНР, Люксембурга, Нарвегіі, Сан-Марына, Эфіопіі і Японіі, у апостальскага нунцыя, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але як толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка. ...Калі ў Еўропе нехта думае пра тое, што нас па-ранейшаму яшчэ можна нахіліць нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі, — гэта дарога ў нікуды. Нават, калі мы застанемся ў адзіночку без Расіі, Кітая, без іншых нашых сяброў, паверце, мы будзем да смерці стаяць тут, як калісьці ў 1941–1945-м, абараняючы сваю незалежнасць і суверэнітэт».

Каб даказаць, што порах у парахаўніцах мае быць, Аляксандр Лукашэнка павучальна адзначыў запатрабаванасць Беларусі на міжнароднай арэне. «А сяброў у нас шмат. І сёння тарпедаваць нашы адносіны з Еўропай і спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць — бесперспектыўна. Для нашай краіны, калі шчыра казаць, супрацоўніцтва з Расіяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй — больш чым дастаткова. Мы забяспечым нармальнае жыццё нашых людзей. Але мы не хочам быць стрэмкай у еўрапейцаў, таму што тут цэнтр Еўропы... Мы павінны мець рэзерв, дыверсіфікаваць нашу знешнюю палітыку. Таму мы адкрываем амбасады ў такіх буйных і вядомых дзяржавах, як Нігерыя. У нас адкрытая эканоміка, экспартаарыентаваная. Нам нікуды не падзецца ад супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі», — аптымістычна папярэдзіў упёртую Еўропу Лукашэнка.

Нагадаю, 27 лютага адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін-удзельніц Еўрасаюза, на якім будзе разглядацца пытанне аб прымяненні пашыраных крытэрыяў санкцый у дачыненні да беларускага кіраўніцтва. І ў час, калі вы чытаеце гэты тэкст, у турмах краіны знаходзяцца людзі за «злачынствы», што называюцца іншадумствам.

Каментаваць