Як маскоўскія разбураюць наш «Маскоўскі»

Гісторыя з закрыццём сталічнага аўтавакзала «Маскоўскі», за якой сёлета сочаць тысячы пасажыраў з усёй краіны, абрасла нядаўна новымі падзеямі, абставінамі ды фігурантамі. Магчыма, вакзал і ацалее.



Што адбылося

Паводле ўказа Лукашэнкі № 153 «Аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу» Мінгарвыканкам зліквідаваў маршруты Віцебскага напрамку і перанёс іх на аўтавакзал «Усходні». З «Цэнтральнага» цяпер дабіраюцца ў аэрапорт «Мінск–2».

Табло міжгародніх маршрутаў «Маскоўскага» ззяе пустымі вачніцамі. Засталіся чатыры напрамкі — на Барысаў, Нарач, Вілейку ды Жодзіна. Вакол вакзалу патроху пачаліся геадэзічныя ды падрыхтоўчыя працы, прабурылі 4 свідравіны ў вадазабор. Гэта зрабілі мінскія будаўнічыя арганізацыі, звязаныя з расійскім «Газпрамам», які, між іншым, дагэтуль не пералічыў у Беларусь ані капейчыны з запланаваных 13 мільёнаў «зялёных». Не заключана нават дамова па зносу вакзала.

Сённяшняе табло міжгародніх маршрутаў

Плаўнае цячэнне «праекта» перапынілі днямі падзеі з «Уралкаліем» ды адказы, што прыйшлі з адміністрацыі Пуціна на два звароты стваральніка ініцыятыўнай групы па абароне «Маскоўскага», кандыдата фізіка-матэматычных навук Віктара Талмачова. Дарэчы, днямі ж гэты невысокі, рухавы пенсіянер узначаліў «Беларускі зялёны фронт», дзе незалежна ад палітычных поглядаў аб’ядналіся экалагічныя арганізацыі.

Пуціна, нібы, закранулі аргументы Віктара Пятровіча, што прапановы кіраўніка «Газпраму» Мілера па ліквідацыі аўтавакзала «ідэалагічна нявытрыманыя», бо выклічуць «усплёск антырасійскіх настрояў». Таму што гэта «разбурае транспартную інфраструктуру Мінска», а «жыхары, асабліва пенсіянеры, як і 20 год таму, будуць бегаць са станцыі на станцыю». У выніку, насамрэч ужо ў 5 разоў павысіўся час паездкі па гораду на зрынутых з «Маскоўскага» маршрутах, узраслі кошты білетаў, паліва і загазаванасць горада.

Падрыхтоўчыя працы да зносу

Адміністрацыя Лукашэнкі, куды таксама прыйшлі лісты Талмачова, загадала старшыні Мінгарвыканкама разабрацца. Яшчэ і ў сувязі з тым, што Талмачоў, «старэйшына Першамайскі і Мінскі», як называюць яго яшчэ адну грамадскую пасаду сябры, адправіў тэлеграмы на імя прэзідэнта, прэм’ер-міністра і генпракурора, дзе давёў, што «Мілер, якога трэба выклікаць у органы для тлумачэнняў, наносіць такую ж шкоду, як вядомыя Уладзіслаў Баўмгертнер ды Сулейман Керымаў».

2 верасня Талмачоў упершыню быў запрошаны выказацца перад начальнікамі ўпраўленняў Мінгарвыканкама на чале з намесніцай старшыні па транспарту і знешнеэканамічнай дзейнасці Жаннай Бірыч. Пярэчанняў на словы Талмачова, што яны «дапамагаюць Мілеру ажыццявіць рэйдарскі захоп «Маскоўскага» і тэрыторыі вакол яго», не прагучала. Чыноўніка зноў агучылі, маўляў, «дорага ўтрымліваць». «Дык вы ж самі дзеля гэтага вакзал і банкрутуеце!» — усклікнуў Віктар Пятровіч ім у твар.

У кулуарах пасля сустрэчы да яго падышоў адзін з вертыкальшчыкаў, яго былы студэнт. Ён папрасіў прабачэння і сказаў, што «не мы кладземся пад Мілера — нас укладваюць».

Гісторыя пытання

«Газпрам» плануе пабудаваць у Мінску офіс-хмарачос так званага Заходняга накірунку на тэрыторыі аўтавакзала. Будынак аўтавакзала «Маскоўскі» прызнаны ў 1999-м «лепшай пабудовай года». Паводле Мінстату, сутачная прапускная здольнасць яшчэ нядаўна — 15 200 пасажыраў. На так і не знятай пакуль старой схеме маршрутаў — нядаўняя аўтавеліч «Маскоўскага» — паездкі ад Афінаў да Осла, ад Адэсы да Парыжа. Было 345 у прыгарадных накірунках, 144 у міжгародніх ды міжнародных.

Карта былых маршрутаў «Маскоўскага»

Папярэдне да прыняцця рашэння аб зносе вакзала, у Мінск наведаўся Аляксей Мілер. Стоячы праз дарогу ад аўтавакзала на агляднай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, ён публічна заявіў: «Хутка мы з вышыні нашых кабінетаў будзем так на яе глядзець».

Між іншым, яшчэ раней Мілеру адмовілі ў будаўніцтве ў Пецярбурзе. «Газпрам» не задаволіў варыянт, прапанаваны Кіевам. У Мінску ж, маўляў, у раёне «Маскоўскага» бясплатна аказваюцца падведзеныя ўсе камунікацыі — вада, электрычнасць, транспарт.

Пасля ў беларускім афіцыйным друку раптам з’явіліся артыкулы, дзе «Маскоўскі» называўся «правінцыйным тварэннем», а старшыня Мінгарвыканкаму Ладуцька выказаўся, што «асаблівай каштоўнасці вакзал не мае». Тады ж апублікавалі і памянёны ўказ Лукашэнкі пра знішчэнне будынка.

Мы сядзім у кватэры 70-гадовага Мікалая Навумава, архітэктара будынка, ды разглядаем 5 міжнародных узнагарод за яго.

Гаспадар паказвае падрыхтаваны ў Беларускім саюзе архітэктараў зварот, дзе адзначаецца, што знішчэнне аўтавакзалу азначае «не толькі страту нацыянальнай культурнай каштоўнасці, але і дэвальвацыю прысуджанай прэзідэнтам РБ Дзяржпрэміі». Тое, што адбываецца, мой суразмоўца ўспрымае як страту 12-гадовага кавалка жыцця — столькі доўжылася будаўніцтва. Штодзённы і штоночны боль. Ён успамінае:

«Скарысталі граніт ды мармур, пасля шкло ды алюміній, але дарагія — вітражы з чорнага металу, падлогі з маналітнай мазаікі. Таму ўражанне ад яго, як «лятаючага». Чыноўнікі кажуць — «мы можам перанесці без стратаў, бо ён не загружаны». Гэта надумана, бо ўсё залежыць ад гаспадара, і вакзал зроблены з улікам перспектыўнага развіцця горада…»

Зазначаю, што паводле таго ж Мінстата, ад «Маскоўскага» ўтрая больш ішло маршрутаў, чым ад «Цэнтральнага». Спадар Навумаў каментуе:

«У цэнтры закладзены непрыемнасці для пасажыраў, бо патрапляеш у «пробкі». І адзін вузенькі выезд адтуль зрабіць — трэба мець розум, пастаўлены на азадак! Па генплану трэба было рабіць вакзал у заходнім накірунку ў сувязі з далейшым будаўніцтвам метро. З «Маскоўскім» мы абышлі саму Маскву. У савецкія часы павіны былі там агульны каштарыс узгадняць, а Мінск меў права зацвярджаць толькі 3 мільёны. Мы разбілі праект на аб’екты, без якіх вакзал функцыянаваць не можа. І атрымаўся кошт больш за 10 мільёнаў. А так бы Масква паставіла на ім крыж. А цяпер ім трэба пакласці дзяржпрамаўскую лапу на ўвесь Мінск…»

Народ не маўчыць!

Неафіцыйна работнікам вакзала паведамілі, што дапрацоўваюць апошнія месяцы. Нават ананімна пра гэта яны са мной гаварыць адмаўляюцца. Самая смелая прыбіральшчыца Тамара: «Я пенсіянерка, знайду такую ж працу…»

Пачуўшы нас, самі падышлі кіроўцы таксі. Даводзяць мне, што на «Цэнтральным» ніводнай стаянкі таксі — і «наогул, як да людзей пад’ехаць!»

Двухпалосны ўезд — туды і назад. Тым не менш, ужо плануецца перакінуць туды і міжнародныя маршруты.

Тым часам, групай Талмачова сабрана ўжо 3,5 тысячы подпісаў супраць руйнавання «Маскоўскага». Кожную пятніцу на двары аўтавакзала яны збіраюцца, каб абмеркаваць наступныя дзеянні.

Віктар Талмачоў, старшыня "Беларускага зялёнага фронту"

Пабываў там і я. Дыктафонны запіс без праўкі перадасць палкасць і горыч гаманы, што вялася людзьмі розных узростаў ды прафесій.

«На лецішча адсюль ездзім на Лагойшчыну, пад Сілічы заўжды, — кажа мажная, пажылая кабета. — Перанясуць — хутчэй папуткамі даеду. Усё роўна — тут я бясплатна еду, а там трэба плаціць удвая. А ў мяне група…»

«Я хадзіла прасіць кнігу скаргаў і прапаноў — падскоквае жвавая кабета. — Сказалі, вам не дадзім, бо вы ў нас сёння 52-я! Я хацела прапанаваць не зносіць! Адміністратар сказала — месца не хопіць…»

«Хай другі том заводзяць!» — зазначае Талмачоў. Малады хлопец звяртаецца па-беларуску:

«Я прачытаў на tut.by пра збор подпісаў і адмыслова прыехаў. Калі ўсё згрупуецца на «Цэнтральным», гэта ж як будзе не зайсці ад машын пляц Незалежнасці! І трэба ж неяк берагчы, што пабудавана

«І хочуць знесці ў 2013-м, які прэзідэнт аб’явіў годам беражлівасці і эканоміі! — цягнуць да сябе пажылыя мужыкі. — Мы ў Серабранцы жывем, едзем у Гарадзішча на лецішча — як нам з палачкай дабірацца? У аэрапорт на працу адсюль ездзілі. Хіба па-гаспадарску — спачатку будаваць, а потым бурыць?! Праходзіць інфармацыя, што на базе «Маскоўскага» будзе пабудавана і казіно. Ужо існаванне Аляксандрава пасажа выклікае рост бандытызму, зафіксаваны з боку расейцаў, што адмываюць тут грошы, збіваюць мінчукоў. Гэта павысіць крымінал у нашым спальным раёне. І гэта патуранне ад кіраўніцтва зверху, у тым ліку ад Лукашэнкі!»

Спадзяванні на перспектыву

Пасля ўзгаданай сустрэчы ў Мінгарвыканкаме сядзім на лаўцы ля «Маскоўскага» са спадаром Талмачовым. Ён узгадвае, якія варыянты будаўніцтва яны прапаноўвалі ўладам і «Газпраму» за часы змагання: «І на пляцоўцы ля Кургана Славы, і на вялікім «пятачку» ля Маскоўскіх могілак, і на так званым 9-м кіламетры, дзе, праўда, знайшлі парэшткі 30 тысяч расстраляных фашыстамі, а мо і энкавэдыстамі людзей. Але не — Мілер кажа, падавай гатовыя камунікацыі. А месца для новага аўтавакзалу так і не вызначана. І чаму той «Маскоўскі» здаём за 13 мільёнаў, калі толькі першапачаткова ён каштаваў 20 мільёнаў долараў?!»

І ўсё-ткі, кажа Віктар Пятровіч, шанцы ўратавання ёсць. Гэта і нарастаючыя палітыка-эканамічныя супярэчнасці паміж Беларуссю і Расіяй. Той жа чэмпіянат свету па хакею, да заканчэння якога, каб «не псаваць твар» разбурэнне ўжо замарожана. А там і прэзідэнцкія выбары–2015. Знікненне «Маскоўскага» моцна ўдарыць людзей па кашальках і магчымасці бываць на лецішчах! А калі тут будзе пастаўлена вежа, бібліятэка знікне як сімвал культурнага цэнтра Мінску. У тым ліку, паслабне аўтарытэт асабіста Лукашэнкі. «Я, як абаронца вакзала, і ў далейшым прапаную мінчукам нарошчваць намаганні супраць цынічнага размяшчэння газпрамаўскага будынка на перакрыжаванні Філімонава і праспекта Незалежнасці…» — тлумачыць Талмачоў.

Каментаваць