Як Мядзведзеў грыбы шукаў

Вось і адгрымелі сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Захад–2009». Гэта былі самыя маштабныя вучэнні, як адзначае афіцыйная прэса. Больш за тое, гэтыя вучэнні былі не толькі расійска-беларускія, але і сумесныя ў межах АДКБ.



Вось і адгрымелі сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Захад–2009». Гэта былі самыя маштабныя вучэнні, як адзначае афіцыйная прэса. Больш за тое, гэтыя вучэнні былі не толькі расійска-беларускія, але і сумесныя ў межах АДКБ.

Агульная колькасць войскаў, якія ўдзельнічалі ў АСВ, склала амаль 12,5 тыс. чалавек, у тым ліку ад Узброеных сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў Беларусі — каля 6,5 тыс. чалавек, ад УС РФ — каля 6 тыс., ад УС Казахстана — каля 30 чалавек. Для ўдзелу ў вучэннях з запасу было прызвана каля 1,8 тыс. ваеннаабавязаных. У вучэннях была задзейнічана баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браніраваных машын, 228 танкаў, 234 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню.

Галоўнае месца правядзення АСВ — Абуз-Лясноўскі палігон (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць), дзе 29 верасня адпрацоўваліся асноўныя мерапрыемствы практычных дзеянняў рэгіянальнай групоўкі. Асобна на Барысаўскім палігоне (Мінская вобласць) праводзіліся вучэнні па плане Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. Іх задума не звязана з задумай АСВ «Захад–2009». 19–29 верасня ў Беларусі таксама праводзіўся другі этап сумесных комплексных вучэнняў АДКБ. Яго тэма — «Арганізацыя прымянення воінскіх кантынгентаў узброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ ва Усходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі». Падчас вучэнняў адпрацоўваліся пытанні ўдакладнення парадку разгортвання воінскіх кантынгентаў узброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ ва Усходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі, аказання ваенна-палітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай дапамогі ў межах арганізацыі.

Як заўсёды, такія глабальныя акцыі не абышліся без кур’ёзаў. Калі Мядзведзеў прыбыў на палігон, ён найперш пацікавіўся ў губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара, якое зараз надвор’е. Сумар паведаміў Мядзведзеву, што ўчора было сонечна, але надвячоркам прайшлі дажджы, і дадаў, што такое надвор’е вельмі пасуе для таго, каб пайсці ў «ціхае паляванне» па грыбы. «Хадзем, пашукаем тады, можа, тут таксама ёсць», — сказаў Мядзведзеў. «Вашы вайскоўцы і беларускія ўжо ўсе сабралі», — абламаў Мядзведзева Сумар.

Вось мы думалі, што глабальная гіпатэтычная вайсковая аперацыя ў выглядзе вучэнняў павінна абараніць рубяжы нашай «сінявокай». Некаторыя апазіцыянеры нават пабачылі пагрозу ў тым, што шмат расійскіх салдатаў наведалі Беларусь. Нібыта, гэта пагражае незалежнасці Беларусі, стварае небяспеку анексіі і гэтак далей. А тут — такі аблом. Аказваецца, што шэсць тысяч расійскіх вайскоўцаў разам з танкамі, авіяцыяй і іншай тэхнікай прыехалі ў Беларусь проста грыбочкі пазбіраць!

З іншага боку, някормлены салдат — дрэнны салдат. Няўжо ў расійскім і беларускім войску так дрэнна кормяць, што салдаты вымушаныя харчавацца верхавінкамі ды карэньчыкамі, для смаку дадаючы ў іх грыбы? Каб хоць не патруціліся выпадкова...

Перцу ў вучэнні дадаў таксама хлопчык Коля, які на вучэннях ад бацькі не адыходзіў. Мядзведзеў заўважыў, што хлопчык таксама ўзброены. Прычым ягоны пісталет быў залацістага колеру. Мядзведзеў пацікавіўся, ці падабаецца хлопчыку «валына». «Добры «ствол», бо яго прэзідэнт Расіі падараваў», — адказаў за Колю Аляксандр Рыгоравіч, і адзначыў, што пісталет яшчэ не зараджаны.

Цікава, а каб быў зараджаны? Можа, Коля знянацку б стрэліў у вока Мядзведзеву — во быў бы канфуз!

Але ўсё абышлося. Сумесная групоўка нагалаву разбіла «ўмоўнага праціўніка» і выйшла пераможцам з гіпатэтычнай вайнушкі. За разгром гіпатэтычнага ворага вайскоўцы атрымалі зусім не гіпатэтычныя ўзнагароды. Усе задаволеныя. Прэзідэнты нагуляліся ў салдацікі, вайскоўцы атрымалі зорачкі, Коля пацешыўся з «валынай», апазіцыянеры пагулялі з міліцыяй у «даганялкі», пратэстуючы супраць вучэнняў. Карацей, усе бавілі час з надзвычайнай карысцю і асалодай. Пра што сведчаць і словы Мядзведзева, сказаныя па заканчэнні мерапрыемства: «Мы з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам дамовіліся, што такога кшталту вучэнні будуць праходзіць адзін раз на два гады папераменна на тэрыторыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Так што гэта пачатак, і, спадзяюся, паспяховы пачатак, нашых сумесных вайсковых мерапрыемстваў».

Так што працяг будзе. І, можа, наступным разам усё ж пашанцуе Мядзведзеву з грыбамі.

Дарэчы, варта адзначыць, што «гульня ў салдацікі» — зусім не выпадковы выраз. Гэта менавіта гульня, бо ўсе шмат чаго чакалі ад сустрэчы Лукашэнкі і Мядзведзева. Прынамсі, чакаліся перамовы «сам-насам» і выхад да прэсы па іх выніках. Не адбылося ні таго, ні другога. Расійскі і беларускі кіраўнікі па заканчэнні вучэнняў селі ў свае самалёты-верталёты і разляцеліся ў розныя бакі.

А 29 верасня стала вядома, што на пасяджэнні савета Палаты прадстаўнікоў быў сфарміраваны праект парадку дня трэцяй сесіі, якая адкрыецца 2 кастрычніка. Пытанне пра прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў яго не ўвайшло. «Я не думаю, што з гэтага трэба рабіць выснову пра тое, будзе разглядацца гэта пытанне на сесіі або не. Парадак дня можна дапаўняць на працягу ўсёй сесіі», — растлумачыў старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч.

Дэпутат паведаміў, што гэта пытанне «яшчэ не разглядалася на пасяджэнні профільнай камісіі, а толькі ў рабочым парадку». Маскевіч таксама адзначыў, што ў дэпутатаў «няма сфармаванага падыходу, як рэагаваць на пытанне пра прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі: станоўча, адмоўна або адкласці на больш позні тэрмін».

То бок, пакуль гэта пытанне па-ранейшаму застаецца прадметам гандлю паміж Мінскам і Масквой. Дадуць танны газ — прызнаем, не дадуць, — дык на «не» і прызнання няма.

З іншага боку, складанасці ў нас і з Еўропай. Еўракамісія пакуль не прыняла рашэнне па запыце беларускіх уладаў пра выдзяленне краіне макрафінансавай дапамогі, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва ЕК у Мінску Жан-Эрык Хольцапфель.

Дыпламат адзначыў, што дапамога будзе аказана, у прыватнасці, калі Беларусь выканае пагадненне з Міжнародным валютным фондам пра атрыманне крэдыту стэнд-бай, пры наяўнасці дэфіцыту фінансавання, а таксама наяўнасці ў ЕС фінансавай магчымасці выдзеліць такія сродкі.

Ну і бог з імі, грашыма. Грыбочкі ў нас ёсць, а ў астатнім — абы не было вайны.

Каментаваць