Які нацыяналізм нам патрэбны

Культурным нацыяналізмам, такім папулярным сярод апазіцыі, пералік магчымых нацыянальных праектаў не вычэрпваецца. Асноўная праблема Беларусі — адсутнасць крытычнай масы грамадзян, што блакуе рэалізацыю праекту грамадзянскага нацыяналізму.

Культурным нацыяналізмам, такім папулярным сярод апазіцыі, пералік магчымых нацыянальных праектаў не вычэрпваецца. Асноўная праблема Беларусі — адсутнасць крытычнай масы грамадзян, што блакуе рэалізацыю праекту грамадзянскага нацыяналізму.

У сваім артыкуле «Беларусь, Мінск, 3 ліпеня» (глядзі «НЧ» № 24 ад 3.07.2009) Аляксей Хадыка цытуе Уладзіміра Арлова: «Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі». З гэтым азначэннем на першы погляд не паспрачаешся, але толькі на першы погляд.

Што робіць нас «сваімі» ў пэўнай сацыяльнай прасторы? Адказ просты — агульная культура. Калі мы кажам пра нацыянальную культуру, то яна, безумоўна, пачынаецца з мовы, але выключна да яе не зводзіцца. Тут будзе дарэчы прывесці яшчэ адну цытату: «Там, дзе… сэнсы, міфы і знакі перастаюць закранаць адчувальныя струны ў душах людзей перад тварам канкуруючых сэнсаў, міфаў і знакаў, — там і праходзіць культурная мяжа нацыі» (Антоній Сміт).

Што такое культура


Даць адназначную дэфініцыю паняцця «культура» досыць складана, хаця б з-за наяўнасці велізарнай колькасці вызначэнняў. Культуролагі налічаюць іх сотні. Абярэм з гэтай разнастайнасці якое-небудзь простае. Напрыклад, такое: культура — гэта агульныя для вялікай групы людзей паняцці, устаноўкі, звычаі і асаблівасці паводзін, што перадаюцца ад пакалення да пакалення.

Нацыянальная культура, як ужо адзначалася, пачынаецца з мовы. Пры гэтым, аднак, наяўнасць «сваёй» мовы з’яўляецца зусім не абавязковай, каб пэўная агульнасць людзей змагла ўзняцца ў сваім развіцці да ўзроўню нацыі. Возьмем англамоўныя краіны. Хто адважыцца сцвярджаць, што ў Аўстраліі або ў Новай Зеландыі не склаліся нацыі? А Індыя? Дакладную колькасць моваў і дыялектаў, на якіх размаўляе насельніцтва краіны, мабыць, ведаюць толькі навукоўцы-мовазнаўцы, але ў якасці дзяржаўнай мовы бацькі-заснавальнікі незалежнай Індыі абралі англійскую і — як паказалі наступныя падзеі — не пралічыліся.

Ёсць яшчэ адзін цікавы прыклад — гэта Ізраіль. Будаўніцтва нацыі запатрабавала адмовіцца ад мовы, на якой размаўляла большая частка насельніцтва краіны. Справа ў тым, што перасяленцы 40-х гадоў размаўлялі ў асноўным на ідыш, які быў мовай галута (выгнання). Але сіянізм (рух за адраджэнне нацыянальнай незалежнасці габрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме) чэрпаў свае сілы не з іудаізму, а з сусветнай культуры. Ён ставіў перад сабой тры задачы: парваць з галутам, стварыць новы народ і новага чалавека. Такі чалавек не мог размаўляць на ідыш. Іўрыт жа быў мёртвай мовай, ён не падыходзіў нават для побытавых зносін, тым больш для выкладання сучасных навук ва універсітэтах. Давялося на яго аснове канструяваць па-сутнасці новую мову. І гэта задача была выкананая.

Каму патрэбна гэта краіна


Вернемся да азначэння незалежнасці Уладзіміра Арлова і ўявім сабе тыповага чытача «НЧ» у асяроддзі прыхільнікаў беларускага «бацькі», якія размаўляюць «на мове». Ці адчуе чытач «НЧ» сябе пры гэтым сваім? Зразумела, не. Мне запярэчаць: маўляў, прыхільнікі «бацькі» — усе спрэс рускамоўныя. Такі погляд далёкі ад ісціны. «На мове» ў побыце размаўляе не толькі апазіцыйна настроеная інтэлігенцыя, але і жыхары шматлікіх сельскіх раёнаў. Вось чаму сярод тых, хто размаўляе па-беларуску, узровень падтрымкі ўлады вышэй. Гэта выснова, у прыватнасці, неаднаразова пацвярджалася падчас сацыялагічных апытанняў НІСЭПД.

У XV стагоддзі французскі паэт Франсуа Війон напісаў наступныя радкі (у перакладзе на рускую мову Ільі Эрэнбурга):

«От жажды умираю над ручьем.
Смеюсь сквозь слезы
и тружусь играя.
Куда бы не пошел — везде мой дом.
Чужбина мне —
страна моя родная».


Ці можа родная краіна, незалежнасць якой нікому і ў галаву не прыйдзе паставіць пад сумнеў, стаць чужынай для сваіх грамадзян, або гэта ўсяго толькі паэтычны вобраз? Дастаткова ўзгадаць фашысцкую Італію і нацысцкую Германію, каб зразумець актуальнасць словаў паэта.

Я нядаўна пабываў у Гродна, дзе перад дзвярамі польскага вучэбнага цэнтра «Мацеж школьна» назіраў чаргу маладых людзей. У кожнага ў руках былі пашпарты. Мне растлумачылі, што гэта выпускнікі гродзенскіх школ, якія атрымалі «Карту паляка», афармляюць дакументы для вучобы ў польскіх універсітэтах. Цікава, які працэнт з іх пасля атрымання адукацыі вернецца ў родную Беларусь? Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску, але ці падвысіць гэта іх шанец на вяртанне?

Калі казаць пра будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, варта задаць сабе пытанне, а хто канкрэтна зацікаўлены ў такім будаўніцтве? Адказ на яго, як гэта не падасца дзіўным, невідавочны. Сацыёлагі НІСЭПД рэгулярна пытаюцца ў беларусаў: «Ці хацелі б Вы пераехаць у іншую краіну на сталае месца жыхарства, калі б у Вас была такая магчымасць?» Дык вось, колькасць жадаючых за апошнія дзесяць гадоў ні разу не апускалася ніжэй 32 працэнтаў!

Якія ж канкрэтна сацыяльна-дэмаграфічныя групы выяўляюць гатоўнасць спакаваць валізкі і назаўжды развітацца з Радзімай? У першую чаргу гэта маладыя і адукаваныя жыхары вялікіх гарадоў (прыклад з чаргой каля польскага вучэбнага цэнтра). Яны не бачаць сваёй будучыні ў рамках «беларускай эканамічнай мадэлі», аднак не варта думаць, што ўся справа выключна ў мадэлі. Узгадаем, які адток моладзі пачаўся з Польшчы і краін Балтыі пасля іх уступлення ў Еўрасаюз.

Беларусам не пашанцавала, яны распачалі нацыянальнае будаўніцтва ў эпоху глабалізацыі, якая характарызуецца не толькі адносна свабодным рухам тавараў і капіталаў, але і працоўнай сілы. Класічны патрыятызм сёння дэманструюць толькі людзі старэйшага пакалення, і дэманстрацыя гэта вымушаная. На Захадзе іх ніхто не чакае, там і сваіх старых хапае.

Хто кім авалодаў


Прэзідэнцкія выбары 2006 года ўлада нечакана правяла пад лозунгам «За Беларусь». Такі патрыятычны ўхіл для шматлікіх апазіцыйных палітыкаў стаўся нечаканым. Яны, натуральна, абвінавацілі ўладу ў банальным крадзяжы. Тут патрабуецца тлумачэнне. Справа ў тым, што нідзе і нікому яшчэ не ўдавалася манапалізаваць распрацоўку і рэалізацыю нацыянальнага праекту. Канчатковы вынік — заўсёды кампраміс, прычым кампраміс часовы. Ні ў адным грамадстве не існуе абсалютнага разумення нацыянальных інтарэсаў, у кожнай палітычнай групы яно сваё.

Тут самы час паразважаць пра віды нацыяналізму. Як гэта не падасца дзіўным, але сярод беларускай апазіцыі, якая выступае за еўрапейскі шлях развіцця Беларусі, пераважаюць прыхільнікі культурнага нацыяналізму. Адсюль і сталая засяроджанасць на праблеме адраджэння нацыянальнай культуры і мовы. Нацыянальная культура пры гэтым разумеецца выключна як «высокая культура», якой процістаіць навязаная звонку «культура нізкая».

Між тым, падзел культуры на высокую і нізкую, які існуе на штодзённым узроўні і ў публіцыстыцы, прафесійным культуролагам не вядомы. Звернемся ў чарговы раз да цытаты: «У строга навуковым сэнсе культура — гэта атрыбут кожнага чалавека. Калі ты належыш да віду «хома сапіенс», то знаходзішся ў прасторы пэўнай культуры. Ці пішаш ты на плоце слова з трох літар або чытаеш Гамера ў арыгінале — гэта ўжо варыянты культуры (Ігар Якавенка).

Сёння большасці народаў для выжывання ва ўмовах глабалізацыі патрэбна не захаванне сваіх культурных традыцый, а вызваленне ад іх. Каб далёка не хадзіць за прыкладамі, звернемся да бягучых навін. Паводле паведамлення БелаПАН, у студзені-чэрвені 2009 года доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рознічнага таваразвароту склала 12 працэнтаў. Продаж гарэлкі павялічыўся на 2,4 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года. У Беларусі спажыванне чыстага алкаголю на душу насельніцтва перавысіла 12 літраў. Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае крытычную рысу — 8 літраў, яе перавышэнне азначае фізічную дэградацыю насельніцтва.

Якое дачыненне мае прыведзеная статыстыка да беларускай нацыянальнай культуры? Ды самае наўпроставае. Алкагалізм — яе неад’емная частка, да таго ж частка, што прагрэсуе. Калі хтосьці з чытачоў «НЧ» у гэтым сумняецца, то няхай раніцай падыдзе да любой харчовай крамы хвілін за 10 да адкрыцця.

Грамадзянскі нацыяналізм


 ў Еўропу, неабходна памятаць, што практычна ва ўсіх краінах ЕС сёння ў пераможцах апынуўся не культурны, а грамадзянскі нацыяналізм. Еўрапейскія нацыі — гэта ў першую чаргу нацыі грамадзян. Адсюль і знакамітае азначэнне нацыі, якое даў Дзейч: «Нацыя — гэта грамадства, якое авалодала дзяржавай, што ператварыла яго ў інструмент рэалізацыі сваіх грамадскіх (г. зн. нацыянальных) інтарэсаў».

У Беларусі ж мы маем процілеглую карціну. У нас дзяржава авалодала грамадствам. Яна рэалізуе, і не без поспеху, свой нацыянальны праект — праект дзяржаўнага нацыяналізму. У гэтым праекце ўсім нам прызначана роля не грамадзян, а падданых. На якой мы будзем пры гэтым размаўляць мове — справа дзесятая. У Туркменістане ўсё размаўляюць па-туркменску, і з незалежнасцю ў іх праблем няма. Ці адчувае пры гэтым кожны туркмен сябе «сваім чалавекам на сваёй зямлі», мне цяжка сказаць. Даўно я з туркменамі не размаўляў. Але мае добрыя знаёмыя, якія шмат гадоў пражылі ў гэтай сонечнай рэспубліцы і дагэтуль тэлефануюць сваім прыяцелям, запэўніваюць, што там у іх усё выдатна. Ды інакш і быць не можа, калі абмяркоўваць крытычныя тэмы па тэлефоне прыяцелі маіх знаёмых катэгарычна адмаўляюцца.

Каментаваць