Як нарадзіць у палацы

Беларускія ўлады спрабуюць павялічыць нараджальнасць, каб спыніць працэс памяншэння насельніцтва краіны. «Заўтра тваёй краіны» вывучае досвед Чэхіі, якая зусім нядаўна перажыла «бэбі-бум».
 



У 2003 годзе ў Чэхіі нарадзілася 90 тысяч дзяцей, а ў 2011-м – 118 тысяч. Рост больш, чым на 30% уражвае. Каб разабрацца з прычынамі гэтага феномену, карэспандэнт “Заўтра тваёй краіны” наведаў Аpolinar — знакаміты радзільны дом у Празе і сустрэўся з доктарам Антонінам Паржызэкам.

Аpolinar пабудаваны яшчэ напрыканцы XIХ стагоддзя — ужо тады ўлады клапаціліся пра «дэмаграфічную бяспеку». Ён і сёння нагадвае хутчэй палац, чым радзільны дом.

Нядзіва, што абсталяваны па апошнім слове тэхнікі Аpolinar карыстаецца вялікай папулярнасцю ў парадзіх. Сюды імкнуцца патрапіць не толькі пражанкі, але і жыхаркі іншых гарадоў Чэхіі. Больш за тое, чэшкі, што жывуць у Вялікабрытаніі, часцяком прыязжаюць нараджаць на радзіму. Гэта тлумачыцца як фінансавым аспектам, так і якасцю медыцынскіх паслугаў.

Падвышэнню ўзроўню апошніх вельмі паспрыяла далучэнне Чэхіі да Еўрасаюзу. Тут няма праблемаў з найноўшымі лекамі, даступная ўся неабходная медыцынская літаратура. Антонін Паржызэк асабліва адзначыў тое, што чэшскія лекары падтрымліваюць сталыя кантакты з калегамі з іншых краінаў, рэгулярна ўдзельнічаюць у прафесійных семінарах. Гэта дазваляе абменьвацца досведам, што вельмі істотна ў працы медыкаў і ідзе на карысць пацыентам.

Напрыклад, у Аpolinar з’явілася першая палата, у якой жанчына не толькі чакае адпаведнага моманту, але і непасрэдна нараджае. Яе не вязуць дзеля гэтага ў нейкі адмысловы зал. Калі ж працэс адбываецца ў знаёмым памяшканні, то гэта дабратворна адбіваецца на стане парадзіхі.

— У нас жанчына адчувае сябе, як дома, — кажа доктар.

Антонін Паржызэк тлумачыць бэбі-бум вельмі проста. Аналагічны ўсплёск у Чэхіі быў у 70-я гады мінулага стагоддзя. Жанчыны, якія тады з’явіліся на свет, цяпер самі пачалі актыўна нараджаць. Вось і ўвесь сакрэт. Таму, пачынаючы з 2011 году, колькасць народжаных пачала меншаць.

Праўда, улада спрабуе ўплываць на дэмаграфічную сітуацыю пэўнымі захадамі. Да прыкладу, за кожнае народжанае дзіця жанчыне на год памяншаецца ўзрост выхаду на пенсію. Але ж ці шмат хто задумваецца пра гэта ў 20-30 год?

Паводле меркавання Антоніна Паржызэка, нараджальнасць у краіне трымаецца на адносна прыстойным узроўні дзякуючы імігрантам. Самі ж чэхі не надта імкнуцца «пладзіцца і размнажацца».

Сацыёлаг Іван Габал у размове з карэспандэнтам «Заўтра тваёй краіны» сцвярджае, што адно з галоўных пытанняў ў сённяшняй Чэхіі гучыць так: «Ці будзем мы грамадствам аднаго дзіцяці?». Адказ на яго залежыць ад таго, наколькі прадуманымі будуць дзеянні ўладаў у дэмаграфічнай галіне. У прыватнасці, неабходна змяніць стаўленне да працуючай жанчыны з дзіцём – стварыць для яе больш спрыяльныя ўмовы.

Такой жанчынай з’яўляецца беларуска Рыта, якая ўжо даўно пераехала ў Чэхію. Тут яна нарадзіла двух дзяцей. Цяпер працуе дырэктарам транспартнай кампаніі.

— Пры якіх умовах вы б рашыліся на трэцяе дзіця? — запытаўся ў яе карэспандэнт «Заўтра твёй краіны».

— Калі б мне кватэру большую прапанавалі, — лаканічна адказала Рыта.

Пытанне жылля мае істотнае значэнне для прыняцця рашэння пра другое-трэцяе дзіця і ў Чэхіі, і ў Беларусі. Таму Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў сярэдзіны нулявых гадоў агучыў ідэю – кожнай сям’і, дзе з’яўляецца трэцяе дзіця, дзяржава выдзяляе бясплатную кватэру. Аднак гэтыя «абяцанкі-цацанкі», што ў розных варыяцыях агучваліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006-га і 2010-га, так і засталіся пустымі словамі.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах ініцыятывы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» пры падтрымцы фонду DANIDA Асаблівая падзяка за дапамогу Інфармацыйнаму Бюро Салідарнасці з Беларуссю

zautra.by

Каментаваць