Як не есці мяса ў пост і ў той жа час не з’есці свайго сябра?

Пост — гэта тое, што аб’ядновае людзей розных канфесій. У кагосьці перадвелікодны пост ужо падыходзіць да завяршэння, а нехта толькі рыхтуецца, каб увайсці ў яго. Якую ахвяру вырашыла прынесці моладзь, каб быць бліжэй з Хрыстом? І як маладыя людзі змагаюцца са спакусамі падчас посту? Моладзь розных канфесій распавяла пра свае сакрэты посту.



Фота з сайта krynica.info


Праваслаўныя, рыма-каталікі, пратэстанты і грэка-каталікі падзяліліся сваім досведам знаходжання ў посце з карэспандэнтам “Krynica.info”.

Аляксандра

Аляксандра:

— Для мяне час Вялікага Посту — гэта той перыяд, калі можна прыпыніцца, азірнуцца на сваё жыццё і зрабіць усё магчымае, каб вывесці з сябе тое, што адцягвае ад Бога. Мне пашанцавала нарадзіцца ў верніцкай сям’і, таму мне заклалі яшчэ ў дзяцінстве ўсю важнасць гэтага перыяду. Спачатку бацькі прапаноўвалі мне адмовіцца ад чагосьці аднаго — так яны фармавалі ў маленькай дзяўчынкі такія цяжкія паняцці як “устрыманне” і “пакора”. І, не спяшаючыся, мы з сям’ёй дайшлі да сапраўднага посту, які можна браць з сапраўднай строгасцю. Я не магу сказаць, што зараз, калі я дарослая, мне лёгка браць пост. Зусім не. Мне таксама цяжка адмаўляцца ад улюблёных рэчаў. Але калі я ўзгадваю тое, што пост — гэта вялікі Божы падарунак для нас, то неадкуль з’яўляецца моц, якая дапамагае пераадолець спакусы, слабасць і недавер.

Ілля

Ілля:

— Пост я пачаў практыкаваць з таго часу, як звязаў сваё жыццё з Касцёлам, — дзесяць гадоў таму. Для мяне пост — гэта не толькі адмаўленне ад пэўных рэчаў, але і шанец паглядзець на сваю будзёнасць збоку. Ён дапамагае мне пераасэнсаваць, колькі ж часу марнуецца ўнікуды, без мэты. Пасля з гэтага можна рабіць нейкія высновы, а можна працягваць жыць так, як і жыў. Шчыра кажучы, мне цяжка сябе мяняць, адпаведна, мала што змяняецца і падчас майго посту. Але ён дапамагае мне знайсці саму праблему. Ужо праз нейкі час я пачынаю над ёй працаваць і паступова пазбаўляюся ад сваіх хібаў. У гэты пост я адмовіўся ад праглядаў фільмаў. Натуральна, спакуса паглядзець “нешта цікавае” прысутнічае заўжды. Я нават дазваляю сабе наведваць кінатэатр. А вось праз камп’ютар фільмы не гляджу. Пасля посту цалкам адмовіцца ад фільмаў я наўрад ці змагу, а вось паменшыць колькасць іх праглядаў — на гэта я здольны.

Анастасія

Анастасія: 

— Я не лічу, што пост — гэта нейкі звышнатуральны перыяд для нас. Калі мы Хрысціяне, то мусім быць імі заўжды. Для мяне асабіста час посту — гэта не абмежаванне ў нечым, а наадварот — учынкі. Які сэнс адмаўляцца ад інтэрнэту і салодкага на час посту, калі пасля Вялікадня ты зноўку будзеш сядзець у сеціве і есці салодкае? А вось рабіць добрыя справы, прыняўшы гэта за звычку, — альтэрнатыва ўсялякім «адмаўленням».

Раман

Раман:

— Для мяне пост — гэта збліжэнне з Богам. І збліжаюся я з Ім праз пакору і ўстрыманне. Звычайна я адмаўляюся ад мяса і малочных прадуктаў харчавання. Раней я ставіў сабе досыць жорсткія межы. Зараз я магу падчас посту харчавацца мясам, напрыклад, па святах ці падчас знаходжання ў гасцях. Бо Ісус казаў, што сапраўдны пост — гэта той пост, пра які не ведаюць іншыя. Пост дапамагае мне адчуць сябе жывым. Бывае, што адчуваю духоўную пустэчу. Нібыта хаджу ў царкву, малюся, чытаю Слова Божае,а ўнутры — пустыня. Калі я прымушаю сваю плоць часткова памерці, я ажываю духам. І адбываецца гэта якраз падчас посту. Самым суворым я прызначаю першы тыдзень. Напрыклад, я поўнасцю адмаўляюся ад праглядаў фільмаў на гэты час. Але пост — гэта не проста абмежаванні, але і наляганні на духоўную ежу — малітву. Таму кожны дзень я наведваю набажэнствы і ўдзельнічаю ў Крыжовы Шляху.

Вікторыя

Вікторыя: 

— У пратэстанцкіх Цэрквах, звычайна, не практыкуюцца пасты перад Раством і Вялікаднем. Але асабіста для мяне час перад святам Уваскрашэння Хрыстова — асаблівы час камунікацыі з Богам, час духоўнага росту. Пост — вельмі важная рэч, бо першай справай у служэнні Хрыста быў менавіта пост і малітва на працягу 40 дзён. Я лічу, што Ісус паказаў прыклад і мяне. Я не проста адмаўляюся ад “стандартнага” набору — мяса ці малочных прадуктаў, — я адмаўляюся ад таго, што мне найбольш прыемна. Часцей за ўсё выкідваю са свайго рацыёну салодкае, бо не магу без яго. Вельмі хочацца, каб з майго боку гэта была своеасаблівая ахвяра. І я сапраўды адчуваю, як мяняюся падчас посту. Паблажак сабе не даю. Хаця, бывае, напрыклад, забудуся, што пашчуся, і выпадкова з’ем цукерку. Мінулы пост для мяне скончыўся перамогай — пасля яго я перастала есці салодкае ў такіх колькасцях. Спадзяюся, што гэты перадвелікодны перыяд таксама прынясе свой плён.

krynica.info

Каментаваць