Як падставіць Беларусь?

Беларускія ўлады, здаецца, вырашылі пасварыцца з усім сусветам, акрамя Расіі.

19 снежня ў Мінску тры актывісткі Femen Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава правялі перформанс каля будынка КДБ. Агаліўшыся па пояс, дзяўчаты на працягу некалькіх хвілін трымалі плакаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным зняволеным») і «Жыве Беларусь!». Гэты ж лозунг, «Жыве Беларусь!», яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 года, удзельнікі якога былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.



Беларускія ўлады, здаецца, вырашылі пасварыцца з усім сусветам, акрамя Расіі.

19 снежня ў Мінску тры актывісткі Femen Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава правялі перформанс каля будынка КДБ. Агаліўшыся па пояс, дзяўчаты на працягу некалькіх хвілін трымалі плакаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным зняволеным») і «Жыве Беларусь!». Гэты ж лозунг, «Жыве Беларусь!», яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 года, удзельнікі якога былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.



Вечарам невядомыя людзі затрымалі іх на Усходнім аўтавакзале Мінска, адкуль дзяўчаты планавалі накіравацца ў Гомель. Паводле слоў актывістак Femen, адразу ж пры затрыманні ў іх адабралі мабільныя тэлефоны і дакументы, затым вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, трымаць плакаты з фашысцкай свастыкай, аблілі галовы зялёнкай. Усё гэта здымалася на відэа­камеру. Украінкі сцвярджаюць, што іх выкінулі з машыны голымі ў лесе, адкуль яны, блукаючы, дабраліся да найбліжэйшай вёскі Бекі і звярнуліся па дапамогу да мясцовых жыхароў.

Потым яны былі затрыманыя мясцовай міліцыяй і дастаўлены ў Ельскі РАУС на той падставе, што знаходзіліся ў памежнай зоне без дакументаў. Дзяўчат таксама вазілі на медагляд у мясцовую бальніцу.

Прыблізна а першай гадзіне ночы 21 снежня ў Ельскі РАУС прыбыў з Мінска консул Украіны. Дзяўчат дэпартавалі на радзіму праз пункт пропуску «Новая Рудня». Зараз яны знаходзяцца ва Украіне.

Сварка з Украінай — ці не занадта? Украінскі Femen ужо прапанаваў выкрасці беларускага пасла, пагаліць яго, выкінуць у лесе без дакументаў. У прынцыпе, хто потым дакажа, што гэта зрабіў Femen?

Інцыдэнт з актывісткамі ўкраінскай арганізацыі Femen з’яўляецца найгрубейшай правакацыяй, заявіў старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў, адказваючы на пытанні журналістаў 21 снежня ў парламенце.

«Развіваецца найгрубейшая правакацыя, характар і мэты якой трэба будзе вызначыць», — сказаў ён.

Зайцаў зазначыў, што яго людзі актывістак руху «не чапалі, як бы гэтага камусьці не хацелася». Паводле яго слоў, яны могуць гаварыць, што хочуць, але гэта з’яўляецца «іх выдумкамі».

Ну, канешне ж, гэта правакацыя! Калі такім чынам вывозілі Змітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, іншых актывістаў — гэта таксама была правакацыя. А калі зніклі Зміцер Завадскі, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры Захаранка? Таксама правакацыя? Чаму гэтыя справы належным чынам не расследаваныя? Гэта зноў правакацыя? Ужо шмат змянілася старшыняў КДБ, МУС, Генпракуратуры. І — ніякага выніку.

І, дарэчы, правакацыі маюць мэту. А ў выпадку з Femen — хто каго правакуе? Правакацыя тут толькі адна — зганьбіць Беларусь перад вачыма, найперш, нашага ўсходняга суседа, Украіны. Зганьбіць Беларусь перад вачыма замежнай супольнасці. Femen гэта не трэба — не той фармат, не міжнародны. Адно, каму гэта трэба — нядобразычліўцам беларускай улады. Якія ва ўладзе і акапаліся?

Ну, пастаялі 5 хвілін напаўаголеныя дзяўчаткі перад беларускім КДБ. Ну, каму ад гэтага шкода была? З чаго іх вывозіць у лес, рабіць з гэтага міжнародны скандал?

А між іншым, Лукашэнка заяўляе, што «сёння КДБ Беларусі знахо­дзіцца на пярэднім краі барацьбы з экстрэмізмам і злачыннасцю, на­дзейна абараняе інтарэсы радзімы, забяспечвае сацыяльна-палітычную стабільнасць у грамадстве». Пра гэта гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі вайскоўцаў, супрацоўнікаў і ветэранаў органаў дзяржбяспекі з прафесійным святам, якое яны адзначылі 20 снежня.

Акрамя істэрычнага смеху, гэтае віншаванне зараз не выклікае аніякіх эмоцый. «Надзейна абараняючыя інтарэсы радзімы», проста прашляпілі тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 года, неналежным чынам расследавалі тэракт на Дзень незалежнасці 2008 года, а вось з дзяўчатамі з Femen, з барацьбой з журналістамі, з людзьмі, якія проста маліліся 19 снежня 2011 года каля Чырвонага касцёла, — «надзейна абаранілі інтарэсы радзімы, забяспечылі сацыяльна-палітычную стабільнасць у грамадстве». Малайцы!

Канешне, шмат хто ў КДБ сапраўды абараняе нацыянальную бяспеку. Але на іх месцы я б не ўспрымаў віншаванне Лукашэнкі сур’ёзна.

А тым часам крызіс прыціскае. Беларусь абвясціла новы конкурс па продажу СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» («МТС»). «Былі тры прапановы, але таргі не адбыліся», — паведаміў 21 снежня журналістам віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін. Сярод прычын ён назваў неадпаведнасць прапаноў па цане і няпоўны пакет пададзеных дакументаў.

«Будзе абвешчаны новы конкурс па продажу «МТС», — сказаў віцэ-прэм’ер, падкрэсліўшы, што Беларусь не плануе зніжаць кошт выстаўленага пакета акцый.

Нагадаем, першапачаткова аўкцыён планаваўся на 1 снежня, затым без тлумачэння прычын яго перанеслі на 23 снежня. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Беларусь гатова саступіць расійскаму аператару «МТС» сваю 51-працэнтную долю ў беларуска-расійскім СП за 1 мільярд долараў, у іншым выпадку пакет будзе выстаўлены на аўкцыён. Што і робіцца.

Ну і сумная навіна. Дадатковых выхадных на Новы год у Беларусі не будзе з-за эканамічнага крызісу, заявіў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, адказваючы 21 снежня на пытанні парламентарыяў на сумесным пасяджэнні дзвюх палат.

«Мы абмяркоўвалі гэту тэму ва ўрадзе дастаткова бурна. Прынялі рашэнне, што эканоміка, якая склалася ў нашай краіне, не дазваляе нам адпачываць па пяць і больш дзён», — сказаў ён.

Такім чынам, 2 студзеня будзе ў Беларусі першым працоўным днём у 2012 годзе. Навагоднія святы — 1 студзеня 2012 года, а таксама каталіцкае (25 снежня) і праваслаўнае (7 студзеня) Божае Нараджэнне выпадаюць на нядзелю.

Каментаваць