Як стаць зоркай у правінцыі

Героі нашай гутаркі выбітныя сваёй местачковасцю, сваёй адданай працай “на месцы. Незалежны журналіст з Глыбокага Кастусь Шыталь і палітык, экс-дэпутат з Мастоў Зміцер Кухлей на ўласных прыкладах даказваюць, што эфектыўна можна працаваць і ў сябе на малой радзіме.

(На здымку: Кастусь Шыталь)



Героі нашай гутаркі выбітныя сваёй местачковасцю, сваёй адданай працай “на месцы. Незалежны журналіст з Глыбокага Кастусь Шыталь і палітык, экс-дэпутат з Мастоў Зміцер Кухлей на ўласных прыкладах даказваюць, што эфектыўна можна працаваць і ў сябе на малой радзіме.

(На здымку: Кастусь Шыталь)


Гісторыя першая

Карэспандэнту вядомага рэгіянальнага сайта навінаў “Westki.info Кастусю Шыталю ўсяго 21 год, але ягонае імя наводзіць страх на ўсё мясцовае чыноўніцтва. “Я ж заўжды маю фотаапарат у руках, — усміхаючыся, тлумачыць хлопец. І ўзгадвае, як пасля апублікаванага ў інтэрнэце здымка пустых паліц мясцовай мэблевай крамы старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат у шаленстве лётаў па крамах і патрабаваў хоць чым запоўніць паліцы.

Нягледзячы на тое, што апошнія гады юнак займаецца выключна журналістыкай, а не палітыкай, таўро “галоўнага апазіцыянера Глыбоччыны трывала замацавалася за ім яшчэ са школьнага ўзросту. Кастусь распавядае, як, даведаўшыся прозвішча вядоўцы Шыталя, дырэктарка бібліятэкі суседняга раёна адмовіла ў правядзенні яго краязнаўчай лекцыі для шкаляроў.

“Бацькі шмат каго з сяброў, знаёмых забаранялі ім запрашаць мяне дадому. Рознага хапала, — гаворыць Кастусь. Ды і зараз хапае. Дастаткова прыгадаць, як у жніўні гэтага года пасля двайнога “абстрэлу чорнай фарбай будынка Глыбоцкага райвыканкама Кастуся затрымалі, калі ён сфатаграфаваў будынак, прымусілі даць тлумачэнні, знялі адбіткі пальцаў. Юнака наўпрост дагналі на машыне ў цэнтры Глыбокага, калі ён ехаў на ровары, і адвезлі ў РАУС на размову наконт гэтага здарэння.

Тым не менш, журналіст ўпэўнены, што праца ў сваім родным кутку не менш цікавая і карысная за дзейнасць у сталіцы: “Так, у Мінску я адчуваў бы сябе камфортней. У Мінску шмат аднадумцаў, там можна кантактаваць толькі са сваімі, круціцца ў дэмакратычным асяродку. У Глыбокім, дзе жыве ўсяго 20 тысяч чалавек, так не атрымаецца. Затое ты бліжэй да звычайных людзей. У Глыбокім і Докшыцах (суседні раён) усе ведаюць, хто такі Кастусь Шыталь. Ды і ёсць жа любоў да свайго мястэчка, — даводзіць юнак.

Кастусь не хавае, што публічнасць і актыўнасць зачыніла яму дзверы ў кабінеты чыноўнікаў, што ўскладняе журналісцкую працу, але затое ўзмацніла давер мясцовых жыхароў да яго. Праўда, і тут здараюцца казусы: напрыклад, перад снежаньскімі выбарамі пільныя жыхары вёскі Гліннае Докшыцкага раёна здалі яго ўчастковаму, калі журналіст фатаграфаваў, як яны добраўпарадкуюць тэрыторыю: “На машыне самі з’ездзілі за міліцыянтам на ўсялякі выпадак — маўляў, трэба разабрацца, чаго ён тут за месяц за прэзідэнцкіх выбараў фатаграфуе.

Кастусь запэўнівае, што ні чалавечай, ні прафесійнай зайздрасці да Мінска і мінчукоў ён не мае: “І ў нас хапае падзеяў. Побач у Шаркоўшчыне распачалася выстава карцін з мастацкага пленэра, прысвечанага Эміліі Плятэр. У тую сераду была “маўклівая акцыя. На выходных у Глыбокім адбыўся VII Фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat–2011.

Куды ж зайздросціць! Тут і карэнны мінчанін можа займець комплекс непаўнавартасці.

Гісторыя другая


Зміцер Кухлей — зорка палітычнага жыцця 16-тысячнага горада Масты. Абраны ў 2007 годзе дэпутатам Мастоўскага раённага савета (адзіны прадстаўнік дэмакратаў у мясцовых саветах па Гродзенскай вобласці), на мясцовых выбарах у 2010 годзе пацярпеў паразу — перамога ў асноўны дзень галасавання не кампенсавала скрадзеных падчас датэрміновага галасавання галасоў.

Зміцер Кухлей


Зараз Зміцер займаецца “Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, але дэпутацкай справы не кідае — дапамагае сваім выбарцам вырашаць самыя разнастайныя праблемы. “Народны дэпутат Кухлей толькі за апошні год дамогся правядзення капітальнага рамонту ў адным з шматкватэрных дамоў, асвятлення вуліц у новым мікрараёне, ліквідацыі прычын сталага затаплення падвалаў іншага буйнога дома. “Бачыце, грамадскай працы хапае і ў Мастах, проста мы ставім акцэнт на іншых накірунках — напрыклад, вырашэнне камунальных праблемаў. Калі ж у Мінску адбываюцца масавыя акцыі пратэсту, мы прыязджаем туды, — тлумачыць спецыфіку дзейнасці “на месцы Зміцер Кухлей.

Маючы досвед дзяржаўнай працы, Зміцер захаваў даволі добрыя стасункі з мясцовымі чыноўнікамі: “Неафіцыйна я магу цудоўна з імі кантакта­ваць, але калі ім спускаюць загад зверху… Нядаўна мяне жыхары дамоў абралі старшынёй 3-х кааператываў, але гэтае рашэнне мусіць зацвярджаць старшыня выканкама. Не зацвердзіў…

Як палітыку, Змітру Кухлею важна мець моцную каманду аднадумцаў: “Мы з паплечнікамі наладжваем асабістыя кантакты з людзьмі, ангажуем іх у грамадскую працу. Нехта прыходзіць праз улёткі, нехта далучаўся на “маўклівых акцыях, калі яны праходзілі. Галоўная праблема ў тым, што актыўныя людзі з’язджаюць з Мастоў. І не таму, што тут на іх моцна ціснуць, а па банальнай прычыне — беспрацоўе! Няма звычайнай працы, каб зарабляць на жыццё. Сябе асабіста ў сталіцы Зміцер Кухлей не бачыць, гаворыць, што згубіўся б там сярод іншых, а тут яго людзі цэняць, нават пазнаюць на вуліцах.

* * *

Прыкра, што такія аддадзеныя свайму мястэчку і яго жыхарам людзі, як Кастусь Шыталь і Зміцер Кухлей, хутчэй выключэнне, чым заканамернасць. Так апынулася, што тыя, з кім я хацела таксама пагутарыць для гэтага артыкула, пераехалі будаваць кар’еру ў Мінск ці з’ехалі на заробкі за мяжу. Нельга сказаць, што іх пераезд быў пытаннем жыцця і смерці, аднак для іх родных гарадкоў і мястэчак гэта непапраўная страта.

Некалі журналісты спыталіся славутага амерыканскага беларуса Вітаўта Кіпеля, што ён думае пра тых, хто з’язджае за мяжу. Ён адказаў так: “Нам пагражаў расстрэл. З’ехаць — было адзінай формаю выжыць. Сёння ж застацца — гэта адзіная форма барацьбы за беларускасць. А што пагражае тым людзям, якія масава бягуць з правінцыі ў Мінск?

Каментаваць