Як становяцца здраднікамі?

Ва ўладных колах Беларусі адна рука не ведае, што робіць іншая. Гэтая дэвіяцыя апрона-рухальнага апарату непазбежна адбіваецца на галаве. З аднаго боку, мы хочам моцнай эканомікі, з іншага — робім усё, каб такой эканомікі не было.



Аляксандр Рыгоравіч, віншуючы краіну з Днём вызвалення Мінска, слушна заўважыў: эканоміка — галоўны гарант і галоўная небяспека нашай незалежнасці, а таму кожны павінен рабіць унёсак ва ўмацаванне краіны. «Так, плаціць падаткі — гэта абавязак. Многія лічаць яго павіннасцю, ад якой хочацца любымі спосабамі пазбавіцца», — заявіў Лукашэнка ў Мінску ў аўторак.

«Але ж падаткі — гэта не толькі эканамічная катэгорыя, гэта катэгорыя палітычная, і калі хочаце — маральная, — адзначыў ён. — Гэта канкрэтны ўнёсак грамадзяніна ў будаўніцтва нашага агульнага дома — Беларусі, у яе спакой і бяспеку, у адукацыю і здароўе нацыі, у камфорт і прыгажосць нашых гарадоў і вёсак». «І імкненне любымі спосабамі ўхіліцца ад гэтага ўнёску — гэта свайго роду маральная здрада Радзіме», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аднак для таго, каб плаціць падаткі, трэба, каб было з чаго іх плаціць. А беларускі ўрад робіць усё, каб для сплаты падатку ў даволі вялікай колькасці грамадзянаў не было ніякай магчымасці.

З 1 ліпеня індывідуальныя прадпрымальнікі — плацельшчыкі адзінага падатку павінны мець на тавар суправаджальныя дакументы, атрымаць якія немагчыма. З гэтай народы частка ІПшнікаў спыніла працу ў Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Гродне, Слоніме, Рагачове і іншых малых гарадах. Людзі не выйшлі на свае працоўныя месцы і падалі нулявыя дэкларацыі, гэта значыць, не заплацілі падаткі.

ІПшнікі зараз абавязаныя мець суправаджальныя дакументы на тавар, у тым ліку і на завезеныя з краін Мытнага саюза. Акрамя таго, 1 ліпеня заканчваецца тэрмін дзеяння для ІП «ільгот» па выкананні патрабаванні тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы тавараў лёгкай прамысловасці. Раней ІП неаднаразова заяўлялі, што не могуць атрымаць ад сваіх пастаўшчыкоў у Мытным саюзе (у асноўным прадпрымальнікі закупляюць тавар на маскоўскіх аптовых рынках) ні дакументаў аб адпаведнасці тавараў лёгкай прамысловасці патрабаванням тэхрэгламенту МС, ні суправаджальных дакументаў, — іх там проста не існуе. З-за новаўвядзенняў, паводле розных ацэнак, могуць зачыніцца ад 15% да 80% прадпрымальнікаў.

Пры гэтым ІП не бачаць магчымасць пераарыентавацца ні на закупкі ўнутры Беларусі, ні на ўвоз тавару з «трэціх краін». Аптовыя базы, «беларускі Чэркізон», які даручаў стварыць Лукашэнка, так і не створаны.

Колькі падаткаў не трапіць у бюджэт? Колькі людзей стануць «маральнымі здраднікамі Радзіме»? Пытанне адкрытае.

Цікава атрымліваецца і з гатэлямі, якія мы набудавалі ў Мінску на час правядзення Чэмпіянату свету па хакеі. Зараз яны стаяць напаўпустыя. Каб іх запоўніць, улады Мінска маюць намер забараніць здачу кватэр на суткі. «Прадастаўленне месцаў для кароткатэрміновага пражывання — гэта від дзейнасці, які зжыў сябе, улічваючы колькасць гасцініц у горадзе», — назваў галоўную прычыну начальнік ІМПЗ па Мінску Уладзімір Лайкоў. Таму інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах будзе выходзіць з прапановай аб спыненні ў Мінску такога віду дзейнасці, як здача кватэры на суткі. Між тым, на ўліку ў падатковых органах Мінска зарэгістраваныя 700 ІП, якія займаюцца пасутачнай здачай кватэр.

Таксама цікава, што ўлады нарэшце заняліся «мікрафінкамі», кшталту «грошай да заробку», якія фактычна падманвалі сваіх кліентаў, выстаўляючы нібыта мізэрныя працэнтныя стаўкі па займу грошай. Але, калі пералічыць гэтыя тыднёвыя працэнты ў гадавыя, атрымлівалася, што людзі бралі грошы пад 700 — 1000% гадавых. З 1 студзеня 2015 года ўводзіцца забарона на мікразаймы для фізічных асоб, якія прадстаўляюцца ў мікрафінансавых арганізацыях. Адпаведны ўказ падпісаны 30 чэрвеня.

З 2015 года пазыкі (мікракрэдыты) для фізічных асоб на спажывецкія мэты змогуць прадастаўляць толькі ламбарды, і выключна пад заклад рухомай маёмасці, прызначанай для асабістага, сямейнага або хатняга выкарыстання. Пры гэтым, у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам, нават пры недастатковасцi грашовых сродкаў, выручаных ад продажу закладу, абавязацельствы пазычальніка перад ламбардаў будуць лічыцца выкананымі.

Астатнія мікразаймы могуць прадастаўляцца толькі на мэты развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці і толькі асобам, якія з’яўляюцца заснавальнікамі (удзельнікамі) камерцыйных арганізацый, рамеснікам, асобам, якія вядуць асабістую падсобную гаспадарку, а таксама суб’ектам аграэкатурызму, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Наіўна будзе думаць, што ўсе пералічаныя катэгорыі пакуль што яшчэ бізнэсоўцаў кінуць сваю дзейнасць і пойдуць шукаць працу на дзяржаўных прадпрыемствах. Хутчэй, яны знойдуць нейкія хітрыкі і сыдуць у «шэры сектар» эканомікі. А значыць, не будуць плаціць падаткі. Ну і хто вінаваты ў тым, што яны раптам стануць «здраднікамі»? Яны ці тыя, хто не даў ім працаваць?

Гэтыя страты бюджэту трэба нечым кампенсаваць. І яны кампенсуюцца — з 2 ліпеня, акурат перад святам, у Беларусі падаражэў алкаголь крэпасцю звыш 28%.

Лімітавая мінімальная адпускная цана (без ПДВ) на алкаголь мацункам 40% за 0,5 літра (з коштам спажывецкай тары) павялічана на 8,1% да Br40 тысяч. Пры гэтым раздробны кошт (з ПДВ) павялічаны на 17,8% да Br53 тысяч. Лімітавая мінімальная адпускная цана на імпартныя алкагольныя напоі крэпасцю 40%, якія рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі (без ПДВ), складзе Br80 тысяч (на 8,1% больш).

Таксама мінімальная адпускная цана на спірт-сырэц з харчовай сыравіны павышаецца на 14,3% да Br120 тысяч за 1 дэкалітр бязводнага спірту, мінімальная адпускная цана на спірт этылавы рэктыфікаваны з нулявой стаўкай акцызу складзе Br160 тысяч (на 14,2% больш).

Але ці хопіць нам грошай з алкаголю, каб кампенсаваць усе страты з нявыплаты падаткаў прадпрымальнікамі? Хіба што толькі тады, калі ўсе гэтыя ІПшнікі зап’юць з гора…

Каментаваць